навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

 

Алесь Аркуш

 

ЁН ЯШЧЭ ВЕРНЕЦЦА 

 

     У сярэдзіне 1980-х я меў тры любімыя беларускія кнігі: "Вандроўнік" Леаніда Дранько-Майсюка, "Сурма" Алега Мінкіна і "Добры дзень, мая шыпшына" Уладзіміра Арлова. У той час я быў студэнтам наргаса і рабіў першыя крокі ў літаратуры. Са свайго чытацкага захаплення я не збіраўся ствараць таямніцы і паўсюль прапагандаваў любімыя кнігі і іх аўтараў. Прапаганду здзяйсняў трыма метадамі: 1) наладжваннем калектыўных чытанняў у студэнцкім інтэрнаце; 2) арганізацыяй сустрэчаў з маладымі пісьменнікамі; 3) напісаннем рэцэнзій на любімыя кнігі для інстытуцкай газеты "Экономист". Рабіць гэта было складана і няўдзячна. Усе мае "прамацыйныя" спробы не дасягалі патрэбнага выніку. На сустрэчы прыходзіла не болып за 10 — 15 студэнтаў, пераважна дзяўчаты з маёй групы, а на калектыўных чытаннях той-сёй засынаў на другой-трэцяй старонцы. Да таго ж, праводзячы сваю прапагандысцкую кампанію і друкуючы свае вершы ў інстытуцкай газеце, я набыў сур'ёзных ідэалагічных апанентаў — каманду КВЗ з фінансавага факультэта, якую ўзначальваў Жэня Краўцоў (будучы кіраўнік "Мінсккомплексбанка" і стваральнік тэлеперадачы "Банка комиксов"). "Краўцоўцы" абралі мяне мішэнню для сваіх "кавээнаўскіх" жартаў, нават стварылі адмысловы вусны часопіс "Антикозик" (на той час Алеся Аркуша яшчэ не існавала). "Краўцовец" Андрэй Важнік праз знаёмых на перадапошнім курсе перадаў мне на памяць свой першы верш пад назваю "Александру Козику (карандашный вариант)". Здзівілі такія радкі:

     Прости за то, что был я грешен,

     Прости за едкость и за злость,

     Прости за то, что так небрежно

     Кусал твои усищи строк.

     Было гэта прабачэннем ці чарговым жартам — засталося для мяне невядомым. Успамінаю гэтыя студэнцкія гісторыі, каб нагадаць (ці не сабе самому?) той час, акунуцца ў яго.

     На сустрэчу з чытачамі ў наргас прыходзілі Леанід Дранько-Майсюк (дарэчы, ён пакінуў тады на "Вандроўніку" наступны аўтограф: "Дарагі Саша! Мне здаецца, што народная гаспадарка — гэта таксама паэзія"), Адам Глобус, Анатоль Сыс, Уладзімір Сіўчыкаў. Запрасіць Уладзіміра Арлова не выпадала. Той жыў у далёкім паўночным Наваполацку. Таму я сам быў вымушаны па заканчэнні ВНУ браць размеркаванне ў Наваполацк і ехаць да Арлова на дзвінскія берагі. Жарт, вядома. Але ў кожным жарце ёсць каліва праўды.

     У Наваполацку я заспеў апошнія "зорныя" гады літаб'яднання "Крыніцы", якое пад кіраўніцтвам Уладзіміра Арлова працавала пры гарадской газеце "Хімік". Падчас навучання ў Мінску я наведваў розныя літаратурныя хаўрусы, таму магу праўдзіва засведчыць — лепшага літаб'яднання ў сталіцы не было. Арлоў, на пасадзе "адміністратара" наваполацкага літаратурнага жыцця, дэманстраваў неверагодныя здольнасці. Кожнае мерапрыемства, што ладзілася пад шыльдаю "Крыніцаў", ператваралася ў нешта значнае, важкае, аўтарытэтнае — ці то выступ перад навучэнцамі ПТУ, ці то ўдзел у археалагічных раскопах у Полацку, ці то звычайнае пасяджэнне "крынічанаў"'. Бадай, на кожнае пасяджэнне прыязджаў іншагародні госць, віталі і прымалі ўсіх — ад класікаў беларускай літаратуры (Янка Брыль, Рыгор Барадулін) да "зялёных" пачаткоўцаў з усіх куткоў Беларусі. Прыязджалі таксама мастакі, рэжысёры тэатра, акторы, навукоўцы, гісторыкі і г.д. Карацей, культурнае жыццё ў горадзе бруіла шчодрай, нястомнай крыніцай. Пашчасціла мне і з часам. У Наваполацк я патрапіў у самы вясёлы, аптымістычны і спрыяльны для творчасці перыяд — пачатак перабудовы, калі кантроль з боку КДБ за нацыянальна-культурным жыццём у рэспубліцы пачаў слабець. Сяржук Сокалаў-Воюш вольна спяваў свае касінерскія песні па школах і працоўных калектывах. На галоўнай плошчы горада наладжваліся шматлюдныя палітычныя і экалагічныя мітынгі. А створаны ў Наваполацку перадвыбарчы блок "Дэмакратычны форум" атрымліваў перамогу за перамогай ("крынічанін" Лявон Баршчэўскі нават выйграў парламенцкія выбары). Уладзімір Арлоў паспяваў паўсюль і ўсё больш ператвараўся ў грамадскага дзеяча. Памятаю, як у лістападзе 1988 года ў наваполацкай краме "Дом кнігі" была наладжана прэзентацыя другога зборніка прозы Арлова "Дзень, калі ўпала страла". Вёў прэзентацыю Навум Гальпяровіч. Як прынята на такіх мерапрыемствах, вядучы прадставіў аўтара, некалькі слоў сказаў пра новую кнігу і даў слова герою сустрэчы. Нечакана для вядучага (зразумела, і для слухачоў) Арлоў у сваім эмацыянальным выступленні амаль не крануў тэму літаратуры — пісьменнік пачаў распавядаць пра ўтварэнне ў Мінску "Мартыралога Беларусі" і заснаванне Народнага фронту... Не ведаю, ці паўстаў пасля той прэзентацыі які-небудзь скандал, але розгалас у горадзе стаяў. Сваю другую кнігу Арлоў мне падпісаў наступным чынам: "Таццяне, Алесю і Антону ў трывожную восень 1988 г. з вераю і надзеяй, што Беларусь будзе жыць". Майму Антосю на той час было ўсяго 10 дзён.

     Мне цяжка дакладна вызначыць, якім чынам адбівалася грамадская дзейнасць Арлова на яго творчасці. Але, відавочна, уплыў быў моцны. Нехта сцвярджае (напрыклад, Глобус), што грамадска-палітычнае адбілася на творчасці празаіка адмоўна. Іншыя кажуць адваротнае: маўляў, грамадскае сталася для пісьменніка творчым палівам, своеасаблівым каталізатарам. Пакінем гэтае пытанне літаратуразнаўцам.

     Напрыканцы 1980-х Арлоў канчаткова вырашыў перабрацца ў эпіцэнтр культурнага і палітычнага жыцця Беларусі - у Мінск. Спачатку ён з'ехаў адзін, а калі вырашылася пытанне з жытлом, забраў сям'ю. 8 лютага 1990 года ў наваполацкай кватэры пісьменніка адбыўся вечар-праводзіны Арловых у сталіцу. Сабраўся ўвесь прыдзвінскі бамонд. 3 гэтага ад'езду пачаўся працэс культурнага заняпаду Наваполацка. Хутка стала відавочным, што менавіта Арлоў быў той воссю, вакол якой круцілася тутэйшае літаратурна-мастацкае жыццё. Замены яму не знайшлося. Неўзабаве наваполацкія пісьменнікі пачалі раз'язджацца па ўсім свеце. 3 творчых людзей, якія прысутнічалі на згаданых праводзінах сям'і Арловых, засталіся на Полаччыне толькі я, мастачка Таццяна Козік, журналістка Ларыса Малашэня і пісьменніца Ірына Жарнасек. Вінцэсь Мудроў на той час знаходзіўся на расійскай Поўначы, куда з'ехаў па ўласным жаданні разам з Алегам Мінкіным у заробкі.

     У Мінску Арлоў тварыў гэтак жа апантана і працавіта і паспяваў паўсюль. Таму сталася нечаканасцю, калі праз пару гадоў пісьменнік імкліва адышоў ад актыўных заняткаў палітыкай. Сваё рашэнне ён патлумачыў наступным чынам: прыйшоў час выбіраць — або палітыка, або літаратура. Літаратура перамагла. Але ненадоўга. Неўзабаве ўмяшалася муза Кліо. Ад гістарычнай белетрыстыкі пісьменнік пераходзіць да асветніцкіх артыкулаў. Арлоў робіцца галоўным папулярызатарам айчыннай гісторыі.

     Апошні зборнік прозы Арлова "Рэквіем для бензапілы" пабачыў свет у 1998 годзе. Пасля яго выходзілі выключна кнігі па гісторыі. Мне, прынамсі, тое не вельмі падабаецца. Добрых гісторыкаў на Беларусі, дзякуй Богу, цяпер хапае. Горш з пісьменнікамі. Камусьці ў наргасе зноў цяжка прапагандаваць беларускую літаратуру.

     А мне па-ранейшаму падабаецца першы, як аўтар яго называе, вучнёўскі зборнік "Добры дзень, мая шыпшына". Або я непапраўны рамантык, або застаўся ў тым часе, калі ў інтэрнацкім студэнцкім пакоі натхнёна чытаў аднакурсніцам шчымлівае арлоўскае апавяданне "Трое над Атлантыдай". 

     

Алесь АРКУШ

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы