навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

 

Дзмітры Серабракоў

 

ПРЫЦЕМКІ ІДЭАЛАЎ

 

1. Сон Фаўна. Уладзімір Арлоў у сучаснай беларускай літаратуры, безумоўна, адзін з тых нешматлікіх таленавітых аўтараў, з-пад пяра якіх вы-ходзяць у свет творы самых размаітых жанраў: ад гістарычнай прозы да паэтычных, інтымна-лірычных. Але імя літаратара Арлова аточана, гэтак 6ы мовіць, "змовай маўчання" - сам ён на адным з публічных выступленняў скардзіўся на тое, што, акрамя інвектываў ад гістарычных артадоксаў, такіх абвінавачванняў, як "здраднік" і "пасобнік паліцаяў", - за кнігу "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі", іншай крытыкі ў свой бок ён дагэтуль не пачуў. Крыху больш сур'ёзныя крытыкі пра яго амаль не пішуць, з тае простае прычыны, што пакуль не з'явіўся аўтар, які мог бы лепш за яго прэзентаваць сучасную беларускую літаратуру. Так нашы продкі калісьці цярпліва пакланяліся драўляным ёлупам у чаканні, калі ж, нарэшце, прыйдзе хто і навучыць сапраўднаму монатэізму, каб скінуць нямодных паганскіх божышчаў у Дзвіну і Днепр, як якую каравую парадыгму аджылага і несучаснага дыскурсу. Між тым Уладзімір Арлоў, як і кожны амбітны пісьменнік, - фігура складаная і супярэчлівая, і пагадзіцца з вышэйсказаным можна толькі, калі не чытаць яго твораў з належнай увагай і пільнасцю. Спалучэнне амплуа журналіста, паэта і гісторыка ў адной асобе, якое, на першы погляд, можа здавацца вельмі карысным, бо дапамагае адкрыць у літаратуры новыя магчымасці -  напрыклад, хто, як не журналіст, ведае, якой гістарычнай аповесцю ашаламіць прагнага да сенсацый чытача, які чытае ад нуды, - пры больш пільным разглядзе выклікае шматлікія пытанні. А ці не атрымаў ён сваё месца на беларускім Парнасе так, як спартсмен-шматборац - па суме набраных ачкоў? Застаецца ўражанне гульні, не зусім зразумелай не пасвечанаму, падобнай да маніпуляцыяў ілюзіяніста, які адцягвае ўвагу гледачоў ад таго края стала, на якім нешта павінна адбывацца. Слава першапраходніка, першаадкрывальніка амаль што страчанай спадчыны павінна б кампенсаваць пагрэшнасці гістарычныя, таксама як злоўжыванне літаратурнымі штампамі і клішэ эпохі савецкага рамантызму (сацрэалізму) - нацыянальнай заангажаванасцю, як у тыя часы, калі літаратура павінна была падабацца не за мастацкую прыгажосць твора, але за тое, што яна правільная. Уладзімір Арлоў апынуўся ў памежным стане - паміж савецкай і (дай Бог, каб такая ўрэшце была) постсавецкай беларускай літаратурай, як старажытнагрэчаскі фаўн быў нечым сярэднім паміж жывёлінай і чалавекам (альбо як пушкінскі Варанцоў "паміж мілордам, купцом, мудрацом і г.д..."). Няма сэнсу яго ў гэтым абвінавачваць - стан "памежнасці" даўно ўжо стаў "агульным месцам" літаратуры апошняга дзесяцігоддзя - задача ў тым, каб вызначыць яго заганы і перавагі, каб прадухіліць магчымыя памылкі будучых маладых літаратараў.

У зборніку апавяданняў "Дзень, калі ўпала страла" (1988) кожны з герояў Уладзіміра Арлова - натхнёны змагар за гуманістычныя ідэалы, ад князя Вітаўта і да паўстанца з атрада Каліноўскага; не выклікае сумневу і постаць вялікага пакутніка за ідэалы гуманізму і матэрыялізму Казіміра Лышчынскага, аўтара трактата "Аб неіснаванні Бога" - фігуры, папулярнай у часы дамінавання дыямата, аднаго з нешматлікіх вальнадумцаў у гісторыі беларускай думкі. Прайшоў час, папулярнасць набылі іншыя героі, і Уладзімір Арлоў звярнуў сваю ўвагу на факты і падзеі, якія раней замоўчваліся па прычынах ідэалагічнага характару - так ён стаў пісаць пра дзейнасць ордэна езуітаў на Беларусі. Гэтая тэма, у якой больш міфаў, чым верагодных крыніц, як найбольш адпавядала гісторыку-журналісту Арлову. Зборнік апавяданняў "Дзень, калі ўпала страла" не так перапоўнены "сенсацыйнымі" матэрыяламі (як, напрыклад, "Таямніцы Полацкай гісторыі") - відаць, тады яшчэ працавала тупая савецкая цэнзура, ці пісьменнік па маладосці быў яшчэ больш-менш сціплы, за выключэннем, праўда, таго цікавага факта, што царазабойца Ігнацій Грынявіцкі чытаў у ложку кнігу Яна Баршчэўскага (дарэчы, былога выхаванца езуіцкага калегіума) "Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях". У 1998 годзе Уладзімір Арлоў апублікаваў артыкул пад назвай "Таямніцы полацкіх езуітаў", дзе ён залез не толькі пад падушку, але і ў думкі свайму герою, таксама гістарычнай асобе - генералу ордэна Габрыелю Груберу:

У 1805 годзе пецярбургская рэзідэнцыя Таварыства Ісуса загарэлася, Афіцыйнае паведамленне сцвярджала, што езуіцкі генерал задыхнуўся ў дыме. Магчыма, у свае апошнія хвіліны Грубер успомніў даўнюю мару: стварыць у Полацку універсітэт - другі пасля Віленскага на землях былога Вялікага княс-тва Лгтоўскага. ("Народная воля". Ліпень 1998.)

Такі вось утылітарны падыход да слуг Божых - спадчына яшчэ савецкіх часоў: з паршывай авечкі - хоць поўсці клок, хай, маўляў, цемрашалы дбаюць пра народную адукацыю. Досыць какетлівыя ўзаемаадносіны са светам звышнатуральным - для Арлова не рэдкасць. Вось у паэтычным зборніку "Фауна сноў" у вершы "Бабачка з Пятай авеню" паэт звяртаецца да насякомага са словамі:

Кім была ты ў мінулым жыцці?

Паслушніцай Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра?

Ці шасцікласніцай, закатаванай у ліфце маньякам?

 

Падобная асацыяцыя сексуальнага гвалту з рэлігійнымі практыкамі ў адным радку сведчыць аб падсвядомым імкненні травестыцыі збэшчвання сакральнага. Яркім прыкладам гэткай з'явы ў літаратуры быў маркіз дэ Сад, у рамане якога "120 дзён Садома" можна спаткаць апісанне ліберцінскай групы, дзе былі жанчына, біскуп, індык і дзіця, і групе гэтай у рамане наканавана было здзяйсняць сексуальныя фантазіі маркіза-вычварэнца. Але, магчыма, гэта неразуменне таго факта, што калі маладая дзяўчына ахвяруе сваё жыццё Богу, у гэтым неабавязкова прысутнічае гвалт над прыродай, бо жыццё ў свеце сакрум можа нават часам даць пэўную душэўную сатысфакцыю, незразумелую на ўзроўні прафана.

 

Але Арлоў - творца, і таму, як творца, дазваляе сабе ўсё, што раней было забаронена савецкай цэнзурай, якая, дарэчы, усё і забараняла. Арлоў-гісторык - хранікёр бясконцай пераходнай эпохі, калі старая гісторыя (літаратура, этыка, рэлігія, эстэтыка, ПДР, Статут ВКЛ, БССР, БНР, ГПУ, ПТВ) як бы скончылася, але як бы надалей і існуе, а новая ўжо пачалася, але яшчэ не атрымала адпаведнай фармоўкі. Таму ён лепшы ў лірычнай паэзіі - той сферы мастацтва, дзе няма ніякіх эстэтычных канонаў, акрамя тых, што стварае ўласна творчая свядомасць - душа паэта. Але і тут, у сферы інтымнага, якую, падобна славутаму расійскаму парадаксалісту мінулага стагоддзя В. Розанаву, імкнецца пашырыць У. Арлоў, паэт выступае ў сацыяльнай ролі грамадскага дзеяча: "...Марскі смак жаночага лона..." ("Крыніца". № 37.)

 

Беларусь не мае выхаду да мора, і тым беларусам, якія мора ніколі не бачылі, Арлоў, прынамсі, дае агульнае ўражанне пра ягоны смак - смак лона. Тым не менш, чытачы павінныя быць удзячныя за каштоўную інфармацыю. Хаця сумнеўна, што ўсе жаночыя лоны маюць аднолькавы смак, бо грудкі маюць розны пах: Сёння грудкі не пахлі нічым - напэўна, таму, што гэта былі не твае грудкі ("Ранішні верш пра твае грудкі"). Таму лепш чытачам усё ж такі з'ездзіць да сапраўднага мора, бо раптам прыкры досвед з недасканалым эквівалентам марскога смаку можа даць ілжывае ўражанне аб самім моры. I займацца каханнем у айчынных вадаёмах, як апісана ў вершы "Фауна сноў" з аднайменнага зборніка, не так бяспечна - можна параніцца аб бітае шкло.

 

У некаторых вершах Уладзіміру Арлову ўдалося дасягнуць небывалага сінтэзу лірыка-эратычнасці з гісторыка-рамантычнасцю, што іх прыемна вылучае ў асобны жанр у айчыннай літаратуры і дазваляе параўнаць з такімі сусветнымі шэдэўрамі, як вершы X. Картасара і паэма А. Піначэта "Забіць Прэзідэнта". А ўвечары, пагасіўшы кандэлябр, ён будзе любіць яе да дзьмухаўцовай бязважкасці ("Нявеста паўстанцкага камісара").

 

У "Снах імператара" імператар Напалеон кахаецца з невядомай беларускай патрыёткай, якая за гэта патрабуе адмены прыгоннага права і аднаўлення ВКЛ у межах 1380 года. (Чаму не адкрыцця філіялу Сарбоны ў Полацку? Ці стварэння афшорнай зоны ў Берасці?) А ў апавяданні "Каханак імператрыцы" - амурныя прыгоды захопніцы беларускай зямлі Кацярыны II. Захавае аўтар той рамантычна-цнатлівы тон у апісанні інтымнага жыцця каранаваных каханкаў ці возьме больш жорсткую натуралістычную ноту накшталт "раскручанага" Павіча? - Чаму ж не?

2.Арлоў і "Беркут"

 

Вядома, як цяжка знайсці спонсараў на выданне кнігі, ды яшчэ не зусім лаяльнаму ўладам аўтару. Але вось - знак новага часу! Аказваецца, можна - вось незалежнасць!   Прадпрымальнік з Сургута Анатоль Селівончык ахвяраваў грошы на выданне кнігі У. Арлова "Крыж Ефрасінні Полацкай". А пасля стаў удзельнікам вядомага скандалу, звязанага з хуліганскімі дзеяннямі вайскова-спартыўнага клуба "Беркут" у сваёй уласнай вёсцы, дзе яго "выхаванцы" здзекаваліся з яго аднавяскоўцаў і ўзнялі расійскі трыкалёр над будынкам сельсавета. Вядома, у арсенале сургуцкіх баевікоў не было крыжа Ефрасінні Полацкай. I справа не ў тым, хто каго падставіў і якія інтэнцыі былі ў вынаходлівага мецэната (вынаходлівага ў тым сэнсе,   як можна цікава і карысна правесці адпачынак і патраціць лішнія грошы - ці "ў вайну" пагуляць, ці пісьменнікам ахвяраваць), а ў тым, што Уладімір Арлоў пачаў публічна апраўдваць свайго спонсара. Што рабіць! Гуманістычныя ідэалы, выхаваныя ў нас яшчэ савецкай школай, пакуль не даюць нам успрыняць чалавека ва ўсёй яго экзістэнцыяльнай (бо буржуазнай) супярэчлівасці і ліберцінскай адвольнасці.

 

Можа, калісьці і ў нас народзіцца паэт, здольны, як Жан Жэнэ, праспяваць гімн здрадніцтву як вытанчанаму мастацкаму акту абсалютна свабоднага індывіда, а пакуль нам застаецца толькі задаволіцца цытатай сусветна прызнанага майстра белетрыстыкі:

...Ён любіў шпану, бо паважаў сілу і пагарджаў слабымі... Задача гэтага блатнога войска - сеяць страх (і бязладдзе), яно, як здавалася, практычна здзяйсняла мару любога злодзея: рабілася такой формай улады, якую ў ідэале імкнулася ўстанавіць у кожнай турме, калі кожны злодзей і кожны забойца атрымоўвалі прызнанне і цаніліся менавіта за сваю рэпутацыю злодзея і забойцы. Але якая радасць бачыць свой фотаздымак з падпісаным імем, думаць, што твае дружкі зайздросцяць тваёй славе, аплочанай гадамі зняволення, а часта і коштам жыцця, бо тады кожнае злачынства - рабаванне ці забойства - ператвараецца ў твор высокага мастацтва, бо ад яго, нават самага нязначнага, як толькі яно выплывае на паверхню, залежаць вашы жыццё і слава. (Жан Жэнэ "Урачыстасць пахавання").

 

Вядома, асобнаму паэту цяжка дагадзіць адначасова ўсім радыкальным крытыкам, чалавек - гэта істота недасканалая і таму здольныя як на памылкі, так і на геніяльныя азарэнні. Лёгка папракнуць аўтара, што там ён надта разняволены, а там - замала радыкальны, нейкі "палавіністы". Зрэшты, не памыляецца той, хто нічога не робіць, а Арлоў робіць аж зашмат, нібы які тытан эпохі Адраджэння, і гэта таму, што ў нармальмай краіне нармальныя гісторыкі нармальна і сумленна даследуюць айчынную гісторыю, а нармальныя (ці ненармальныя) літаратары пішуць прозу ці паэзію, якая грунтуецца на гістарычных фактах. У нармальнай краіне нармальныя палітыкі робяць нармальную знешнюю і ўнутраную палітыку, і тыя ж паэты і празаікі пішуць таксама нешта, што абапіраецца на рэчаіснасць. Але дзе яна, "нармальная" краіна?

 

Дзмітрый СЕРАБРАКОЎ

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы