навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

Наталля Лысова

Яна і Яно ў паэзіі Уладзіміра Арлова. Спроба стылістычнага вызначэння

 

Уладзімір Арлоў – прадстаўнік сучаснай літаратуры, дакладней новай літаратурнай сітуацыі змены мастацкай стылістыкі. Некаторыя крытыкі лічаць яго прадстаўніком пераходнага перыяду, дзе спалучаюцца былыя і новыя формы творчасці (1). Нам падаецца, што менавіта ў яго паэтычнай творчасці выразна адбіваюцца стылістычныя змены. У той жа час, яго гістарычная проза працягвае рамантычныя традыцыі мінулай літаратуры. Напэўна, тут моцна дзейнічае прыцягальнасць мастацкай прасторы Уладзіміра Караткевіча (Уладзіміра-І, па трапнаму выразу Міхася Тычыны).

Паэзію Арлова супрацьставяць яго прозе, або гавораць аб ёй напрыканцы, або зусім не гавораць. Не таму, што гэта – мастацтва ніжэйшага ўзроўню. Наадварот, напрыклад, некаторыя крытыкі падкрэсліваюць, што менавіта паэтычную творчасць Арлова вызначае мастацкасць, а гістарычную прозу – нацыяльная заангажаванасць: “…ягоны шлях ад гістарычнай белетрыстыкі і папулярызатарскай гістарыяграфіі да вытанчанай эсэістыкі, сучаснай актуальнай  прозы ды гэтага ж эстэтычнага кшталту паэзіі” (2,87).

Праўда ёсць крытыкі, якія не прымаюць (не разумеюць) паэтычнах вобразаў Арлова (напэўна, усё з-за той жа заангажаванасці ўжо крытыкаў, а не аўтара). Так аднаго з крытыкаў абурыла  ўвядзенне ў адзін асацыятыўны рад з божай кароўкай на замежнай вуліцы, згвалтаванай дзяўчыны і манашкі Ефрасінні Полацкай (3). Мне аднойчы таксама не спадабалася, калі прачытала п’есу мададой пісьменніцы, дзе Ефрасіння  раптам зрабілася звычайнай жанчынай, якая марыць пра сям’ю, дзяцей. Потым прыйшло разуменне вытокаў майго абурэння. Імя Ефрасінні зрабілася ўжо сімвалам, знакам веры і Радзімы. Ефрасіння  ўжо не просты чалавек – помнік. Дарэчы, да стварэння якога далучыўся сваёй пісьменніцкай дзейнасцю (прозай) і Уладзімір Арлоў (стварэння сімвала, канешне, не помніка).

Але слушна ўзнікае пытанне: колькі розніцы паміж згвалтаванай дзяўчынай, жанчынай, што не нарадзіла дзяцей і распаўсюджаным вобразам нашай паэзіі – укрыжаванай Беларуссю. Гэта ўсё пра гвалт. Гістарычны, лёсавы, чалавечы, нацыянальны. А настальгічнае патрыятычнае пачуццё можа ўзнікнуць не толькі, калі бачыш нешта натуральнае ў штучным замежным гарадскім асяроддзі, але і ў больш пікантных, інтымных сітуацыях. Напрыклад, на афрыканскім пляжы. У вершы Арлова «Экспедыцыя ў Сахару» думы аб Радзіме узнікаюць менавіта на “цёплым пяску”, і патрыятычная, святая, тэма сутыкаецца зноў з жывёламі, на гэты раз экзатычнымі і далёкімі, “пільнымі скарпіёнамі” і “крылатымі вярблюдамі”. Далёкімі, як Беларусь у гэты час для паэта, ці беларускамоўны  паэт для  Радзімы ўжо працяглы час  (4; 112-113).

Вобразы крылатых вярблюдаў, або божай кароўкі, якую можна адпусціць на неба, або пчолкі, што на сёмуху з’явіцца паэту замест памерлай бабулі (5; 138-141) – гэтыя персанажы арлоўскай паэзіі - героі таго ж свету, што і чалавек. Такім чынам Новы паэт не разглядае прыроду, як зададзенае хараство, не выкарыстоўвае літаратурна прынятае супрацьстаўленне: горад – вёска, штучнае – натуральнае, або чалавечае – жывёльнае, духоўнае –бездухоўнае. Новае міфалагічнае светаўспрыманне паэта пазбягае бінарнасці бачання свету, паэтам валодае першабытная стыхія пачуццёвасці.

Дзмітрый Серабракоў вызначае лірыку Арлова, як інтымна-лірычную  (6). Міхась Тычына таксама акцэнтуе на тым, што яго паэзія – “інтымны дзённік” (7). Але ж, інтымнасць – гэта сутнасная характарыстыка паэзіі наогул. І яна не дае ўяўленне яб стылі паэта. Можна ўзгадаць і Уладзіміра Гніламёдава, які ў сваёй (складанай) стылістычнай класіфікацыі сучаснай паэзіі канстатуе наяўнасць лірыка-апавядальнага, рамантычнага, публіцыстычнага, філасофска-аналітычнага, мастацка-універсальнага, мастацка-сінкрэтычнага, універсальна-інтэлектуальнага напрамкаў паэтычнай творчасці (8). Большасць з гэтых стылістычных вызначэнняў сучаснай паэзіі зноў жа – сутнасныя характарыстыкі творчасці наогул. Як і дэкларацыя многіх крытыкаў пра ўзмацненне суб’ектыўнасці сучаснай літаратуры.

Нам падалося, што падобныя падыходы да паэтычнай творчасці такога сучаснага паэта, як Уладзімір Арлоў, не дастатковыя, таму мы і вырашылі зрабіць сваю спробу стылістычнага вызначэння яго паэзіі.

Арлоў мае паэтычныя  зборнікі з выразнымі назвамі “Фаўна сноў”, “Паром празь Ля-Манш”. Настолькі выразныя, што крытыка выкарыстоўвае іх дзеля сутнаснага вызначэння творчасці пісьменніка. Так, Дзмітрый Серабракоў называе першы раздзел свайго артыкула пра літаратурную творчасць Арлова – «Сон Фаўна», пры гэтым тлумачыць вобраз Фаўна па-свойму – надае яму сваю характарыстыку: «Уладзімір Арлоў апынуўся ў памежным стане – паміж савецкай і … постсавецкай беларускай літаратурай, як стражытнагрэчаскі фаўн быў нечым сярэднім паміж жывёлінай і чалавекам .…»(9).

Здаецца, тут можа быць і больш канкрэтнае вызначэнне: Фаўн - міфалагічны  вобраз, з якім звязана стварэнне вершаў у сне (што адразу адсылае чытача да заяўкі сюррэалізму). Аўтар апранае на сябе вобраз антычнага культавага паэта-прадказальніка. Пры гэтым адразу абвяшчаецца абрадавая сутнасць яго паэзіі і яе эратычна-распрануты змест,  таму што Фаўн звязаны са святам ачышчэння і пладавітасці (з Луперкаліямі). Да параўнання, з імем Фаўна звязана класічная музыка імпрэсіянізму – «Послеполуденный отдых Фавна» І.Стравінскага, дзе акцэнтуецца не тэма, не мелодыя, а гукавая фактура.

Падмуркам арлоўскай паэзіі з’яўляецца, як прынята ў містэрыі (чытай - Луперкаліі) – пачуццё, Яно. Канешне, пачуццё кахання.  Каго любіць паэт Арлоў? Канешне, Радзіму. Але паэт пазбягае традыцыйнай патрыятычнай сімволікі (накшталт, Радзіма-маці). Яна  - дзяўчына, жанчына. Паэзія Арлова пра палкасць, страсць. Арлоў піша эратычныя вершы аб Радзіме, дзе галоўнымі героямі з’яўляюцца ЯНА і ЯНО. Напрыклад, верш «Дарога ў Полацак” (10; 87-88), дзе  Полацак – Мекка, Радзіма, але туды Паэт вяртаецца, як “у ліпеньскія  ваколіцы “Эдэму”, а сам Эдэм? Гэта – прастора і момант сустрэчы Яе і Яго: “Твае чарашнявыя вусны/ яшчэ блукаюць па бульварах і завулках/ гораду, які завецца маім целам”.

І гэтыя два вобразы (Радзімы і жанчыны) міфалагічна аб’ядноўваюцца у трэцяй міфалагічна-гістарычнай тэме – ундыны-суседкі: “Знаёмы скульптар сьцьвярджае,  што тут\ зноў завяліся ундыны,/ вядомыя з гістарычных крыніцаў/ мінулага стагодзьдзя./ Не выключана, што ў іх -\ ногі маёй суседкі, / з каленямі, як яблыкі-папяроўкі, якія я хачу накрыць сваёй расхваляванай далоняй, каб адчуць сорам перад табою, \каб востра адчуць  тваю уладу,\ што здаецца мне сёньня \найвышэйшаю формай свабоды”. (11; 88) Паэт сцвярджае еднасць роднага і несвядомага, кроўнага і нябыту у эратычным вобразе: “…па дарозе з Эдэму у Полацак,/ па дарозе ад нас да цябе,\ па дарозе з прадоньня бясконцасьці\ ў бездань нябыту, сагрэтую чарэшневымі вуснамі,\ якія асцярожна робяць/ салёны глыток”(12, 88).

У лірычнага героя арлоўскай паэзіі ёсць вечныя спадарожнікі, сярод іх Яна. Яна – гэта дзяўчына, жанчына, бабуля, Радзіма, Беларусь, мова…..Яно - тое, што яднае жанчыну і Радзіму – канапа, божая кароўка, падарожжа і інш. У  “Трохі інфантыльнай начной размове з бабуляй” (13; 138-141) тэма  першага кахання паяднана з тэмай жыцця, сталення, лёсу, Бацькаўшчыны, продкаў. Жаночыя вобразы Бабулі  (вядзьмаркі, знахаркі...), першакласніцы Ірачкі, настаўніцы батанікі (прыгожай і абсалютна голай) узнікаюць ў паэтычнай гісторыі лёсу лірычнага героя і Радзімы.

Таксама, як ў другім вершы “Абдымаючы цябе” (14; 148-149), які, на першы погляд, з’яўляецца зваротам да Яе, каханай. А на самой справе – споведзь пра Радзіму, пра ненапісаны раман (пэўна жа, пра яе гісторыю). Паэт, калі думае пра Радзіму думае пра жанчыну, пра сусветную культуру, пра Далі і Шэкспіра, што стварылі мастацкія помнікі адзінай абранай жанчыне, “гімны” палкасці. На простую (нават банальную)  канструкцыійную думку пра тое, што колькі б мужчына не зраджаваў, ён думае пра жонку, надбудавана прызнанне ў каханні да Радзімы. Атаясамліванне плоцкага і патрыятычнага -  класічная міфалагічная традыцыя.

Рускі літаратар Віктар Ерафееў  пісаў  пра хваробу рускіх – разрыў паміж свядомым і пазасвядомым, які робіць жыццё разбуральным: «Русская душа уникальна тем, что в ней нет примирения между сознанием и подсознанием. В русской душе это противоречие проглядывается сильнее, чем в любом другом человеке Земли. С надрывом, с каким-то вселенским раздраем» (15; 24).

Паэт Арлоў жа дэманструе беларускі варыянт існавання еднасці паміж свядомым і пазасвядомым, у якім жыць – гэта значыць кахаць і (канаць) паміраць адначасова. Мяркую, што наш варыянт - старажытна-міфалагічны вопыт існавання. У старажытнасці ўжо прыдумалі толькі дзве практыкі жыцця – аскетыку і эротыку. А астатняе – ілюзія жыцця, не практыка, а тэорыя, сузіральніцтва, ці цывілізацыйнасць.У паэзіі Арлова гучыць адзінства тэмы кахання, жыцця і смерці.

Страціць Радзіму – значыць страціць каханне, або пачуцці. Гэта - страшны стан лірычнага героя. У “Грынвіцкім мерыдыяне” (16; 86) чытаем: “зрабіўшы крок,/ раптам зразумеў: / ты засталася / ва ўсходнім, /і мне зрабілася /страшна.” Арлоў жыве Беларуссю не тэарэтычна, а падсвядома,  кроўна.  Гэта як з моваю, трэба заўжды думаць на ёй – тады і размаўляць будзеш. (Валянцін Акудовіч назваў такое ўменне «Эдыпавым коплексам» беларусаў (17; 197-190. Дыялогі з Богам).

Назва другога зборніку паэта “Паром празь Ля-Манш” быццам бы падыгрывае тым крытыкам, што гавораць аб “місіянерстве” Арлова, аб яго падарожжах на захад і усход, аб яго вечных вяртаннях да Беларусі: “Рухомы, як місіянер, і чаканы, як месія (адначасова яго можна параўнаць і з гандляром уласнымі кніжкамі Францішкам Скарынам), ён увесь час у дарозе да тых, каго навярнуў у нацыянальны міф сваім казанямі”(18, 86). Але і верш з назвай “Паром празь Ля-Манш”, і змест усяго зборніка, на наш погляд, працягваюць заяўку на сюррэалістычнае паэтычнае падарожжа. Тэма пераходу, тэма парому, зноў  вяртае нас да універсальных міфалагем. А канкрэтная геаграфічная прастора ўяўляецца прасторай космасу (у тым ліку, і чалавека-космасу).

У вершы з назваю “Паром празь Ля-Манш”  (19; 5-7) зноў  пануе тэма кахання. Хто Яна, да каго звяртаецца лірычны герой? Яна гаворыць па-беларуску, з ёй ен мог гаварыць аб сваіх пачуццях, аб самым патаемным. А таксама аб сваім наведванні Англіі – як аб назіранні шыкоўных дэкарацый архітэктуры, экзатычных  іншаземцах ... Але і аб тым, што можна было б застацца, але  пажадана вяртацца да дому.  

Напрыканцы зборніка ёсць верш “У Англіі”, які  змястоўна паварочвае гледача і да назвы зборніка, і да першага верша. Тут зноў  з’яўляецца жаночы вобраз, да якога настальгічна звяртаецца лірычны герой, вобраз і абрысы якога набываюць канкрэтны іранічна-модны выгляд (фрызурка адважная, нестандартныя ножкі, тонкая цёплая ручка). І які зноў цесна звязаны з Радзімай, знакавыя характарыстыкі якой таксама прысутнічаюць (прэзідэнт, Таварыства мовы) (20; 145-147). Такім чынам, быццам  ангельская (замежная) тэма стварае рамку зборніка. Нам падаецца, што гэта не канкрэтная прастора, а сімвал пашыранага, касмічнага, бачання свайго светаадчування. У прадмове да апошняга зборніка гаворацца пра тое, што аўтар працягвае свае рызыковыя падарожжы у прасторы і часе, але магчыма гэта “падарожжа” толькі ў сябе. Арлоў як Паэт  вандруе ў сваёй экзістэнцыі. А натхняе (дакладней, кіруе) яго Яно.

Дарэчы, паром міфалагічна тлумачыцца як сімвал пераходу у нябыт. Тэма смерці – містэрыяльная тэма. І яна прысутнічае ў вершах Арлова. Гэта і тэма гісторыі, хваробы, таго свету. Апошні цікавы, напрыклад, для паэта тым, ці сустрэне ён там блізкіх яму людзей, якія зразумеюць яго ці разумеюць наогул там беларускую мову (“Трохі інфантыльная начная размова з бабуляй”) (21; 138-141).

Смерць ходзіць вакол яго герояў. Яна – ці хвароба лірычнага героя, ці хвароба Радзімы, ці яе гісторыя. Смерць прысутнічае ў жыцці, дзеля самога жыцця, дзеля таго, напрыклад, каб запатоліць нашу смагу ведаў, ці смагу матылькоў... У вершы з назвай “Матылькі” выразна пазначана сувязь памерлых дрэваў і матылькоў, што п’юць сок з забітага дрэва (22; 52 і 53)…У другім вершы “Доўгае развітаньне» (23; 72-73) гучыць тэма развітання з жыццём і з Радзімай, якія ўвасобіліліся для лірычнага героя ў месца нараджэння, першы вопыт эротыкі, першую сустрэчу са смерцю .

Верш “Лямпа, фатэль і кубак” (24; 150) уяўляецца такім маналогам на раздарожжы паміж жыццём і смерцю. Маналог адрасаваны старым сябрам - лампе, фатэлю, кубку. Маналог пра сваё інтымнае жыццё. Гэтыя рэчы сталі  сведкамі першай закаханасці, наступных грэхападзенняў.., а можа проста – жыцця. Але і тут, і там (Пасля) лірычны герой ахоплены палкасцю, чакае новых сустрэч з Каханай (“смяшлівай дзяўчынай”).

Паэт жыве і памірае. Яго погляд на жыццё дыянісійскі, праз палкасць і адчуванне паху смерці. Стыль паэзіі Арлова сюррэалістычны, ці спроба занатаваць свае пазасвядомае, стыхійна першабытнае. Гэта - не спавядальная паэзія. У ёй ёсць канкрэтна вызначаныя “вечныя” тэмы – каханне, жыццё-смерць, час (свая гісторыя ці “радавод”) і прастора жыцця (сучасна-гістарычная). Але ўсе гэтыя тэмы падаюцца праз пачуццёвы эратычны вопыт (выспяванне мужчыны і чалавека праз вопыт стасункаў з жанчынай і Радзімай). Адсюль досыць выразны свой рад вобразаў: лірычны герой і Яна.

   Праз вопыт сваёй фантазіі і свядомасці, сваіх пачуццяў і страхаў з дапамогай звыклых вобразаў паэт стварае адзіны тэкст, з ярка вызначанымі рэалістычна намаляванымі дэталямі.  Стылістычна, такім чынам, абапіраючыся на сюррэалістычны падмурак творчасці, Уладзімір Арлоў  стварае свой паэтычны тэкст.

 

 

Літаратура:

 

1. Д.Серабракоў. Прыцемкі ідэалаў // Крыніца, 2002, №2.- С. 42-47.

2. В.Акудовіч. Разбурыць Парыж.- Мн.: Логвінаў, 2006.

3. Д.Серабракоў. Прыцемкі ідэалаў // Крыніца, 2002, №2.- С. 42-47.

4. У.Арлоў. Паром празь Ля-Манш. Вершы. Мн.:Логвінаў, 2006.- 156с.

5. Там жа.

6. Д.Серабракоў. Прыцемкі ідэалаў // Крыніца, 2002, №2.- С. 42-47.

7. Міхась Тычына. Сетка кааардынат // Крыніца, 2002, №2.- С.36-42.

8. У.Гніламёдаў. Ад даўніны да сучаснасці.- Мн., 2001г. 

9. Д.Серабракоў. Прыцемкі ідэалаў // Крыніца, 2002, №2.- С. 42-47.

10. У.Арлоў. Паром празь Ля-Манш. Вершы. Мн.: Логвінаў, 2006.- 156с.

11. Там жа.

12. Там жа.

13. Там жа.

14. Там жа.

15. В.Ерафееў. Руская культура //Труд, 16 ноября 2006.- С. 24-25.

16. У.Арлоў. Паром празь Ла-Манш. Вершы. Мн.: Логвінаў, 2006.- 156с.

17. В.Акудовіч. Дыялогі З Богам.- Мн.: Логвінаў, 2006. – С. 197-190.

18. У.Арлоў. Паром празь Ля-Манш. Вершы. Мн.: Логвінаў, 2006.- 156с.

19. Там жа.

20. Там жа.

21. Там жа.

22. Там жа.

23. Там жа.

24. Там жа.

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы