навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

Лявон Баршчэўскі, Пятро Васючэнка, Міхась Тычына

з падручніка "Беларуская літаратура і свет"

 

Беларуская эсэістыка сёння

 

    Уладзімір Арлоў. Сапраўднае месца Уладзіміра Арлова ў беларускай літаратуры «перабудовачнага часу» і эпохі незалежнасці, вядома ж, вызначыць час. Бязмежная вера ў сапраўды беларускую Беларусь зрабіла яго адным з галоўных асобаў, што стваралі інтэлектуальнае апірышча новай беларускай незалежнасці.

     Нарадзіўся Уладзімір Арлоў 25 жніўня 1953г. у старажытным Полацку, які і стаў своеасаблівай Ёкнапатафай яго празаічна-паэтычна-эсэістычнай эпапеі. Яшчэ ў студэнцкія гады Арлоў спрычыніўся да выдання нелегальных часопісаў «Блакітны ліхтар» і «Мілавіца», праз што адразу трапіў на заметку савецкіх спецслужбаў. Працуючы намеснікам рэдактара наваполацкай гарадской газеты «Химик», Уладзімір Арлоў напачатку 1980-хгг. узначаліў гарадское літаратурнае аб'яднанне «Крыніцы», якое паступова зрабілася асяродкам незалежнай беларускай думкі. 3 сярэдіны 1980-хгг. наваполацкія інтэлектуалы з «Крыніцаў» актыўна далучыліся да перабудовачных дыскусій і канкрэтнай грамадска-палітычнай працы. Пасля пераезду на сталае жыхарства ў Мінск, дзе Арлоў атрымаў пасаду рэдактара выдавецтва «Мастацкая дітаратура» (у 1997 г. звольнены адтуль з палітычных прычын), ён нязменна ў шэрагу тых, хто адстойвае ідэалы незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.

     Уладзімір Арлоў-пісьменнік амаль аднолькава таленавіты ў самых розных жанрах — ад падарожнай нататкі да вострасюжэтнай навелы, ад улёткі, якая сапраўды «лётае» па свеце (эсэ «Незалежнасць» — гэта...» перакладзенае больш як на 20 моваў), да навукова-папулярнай гісторыі, ад «вершаў у прозе» да дэтэктыўных росшукаў у лабірынтах беларускай мінуўшчыны. Шырокую вядомасць Уладзіміру Арлову прынеслі перадусім творы нацыянальна-гістарычнай праблематыкі: напісаныя ў другой палове 1980-х — сярэдзіне 1990-хгг. аповесці «Дзень, калі ўпала страла», «Час чумы», «Сны імператара», «Краявід з ментолавым пахам», апавяданні «Каля Дзікага Поля», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Пішу вам у Масковію», «Рандэву на манеўрах» і інш. Гэтыя творы Уладзіміра Арлова — вядома, на фоне папярэдняй традыцыі гістарычнай прозы — стрымана-лапідарныя, лаканічныя, графічна-строгія паводле сюжэта, інтанацыі, пафасу. Нават жанр аповесці ў яго больш нагадвае разгорнутую навелу з займальнай фабулай і нечаканай развязкай. Арлоў не імкнецца да маштабнага ўзнаўлення гістарычнай панарамы, пэўных эпахальных падзеяў. Гісторыя людзей яго цікавіць у большай ступені. Гэткая гісторыя, населеная рэальнымі і прыдуманымі гістарычнымі персанажамі, падаецца нам бліжэйшаю за абязлюдзелую прастору мінулага.

     Вельмі часта аб'ектам гістарычнага даследавання ў прозе Уладзіміра Арлова робіцца тое, што адбываецца пасля падзеі, калі больш выразна выяўляюцца вынікі, усё тое, што намі будзе ўспрымацца як магістральная лінія нацыянальнага развіцця, як скразная плынь гісторыі. Эпіцэнтр гістарычных падзеяў, на які былі гэтулькі часу засяроджаныя позіркі аналітыкаў, у яго творах прыкметна змяшчаецца на перыферыю, і вось выяўляецца: тое, што знаходзілася на ўскрайку гістарычнае свядомасці, і ёсць сапраўдным эпіцэнтрам, бо не меч вырашае лёс цывілізацыі, а дух, — праўда старая, відавочная, якая тым не менш патрабуе пастаяннага напамінку пра сябе...

     Гэткім чынам, ужо ранняй творчасці Уладзіміра Арлова ўласцівы моцны эсэістычны пачатак. Па-сапраўднаму ж большая вага Арлова-эсэіста стала адчувацца нават у параўнанні з вагою Арлова-навеліста пасля выхаду асобнай кнігай вялікага эсэ на гістарычную тэматыку «Таямніцы полацкай гісторыі» (1994). Гісторыя ў гэтай кнізе — гэта гісторыя і падзеяў, і людзей, а зрэшты — і ідэяў якія паступова авалодваюць думкамі нашых сучаснікаў.

     Гісторыя сучаснасці ў тых эсэ, што ўвайшлі ў зборнікі «Мой радавод да пятага калена» (1992), «Божая кароўка з Пятай авэню» (1998), «Адкусі галаву вароне» (2003), кнігу выбранай эсэістьікі «Сланы Ганібала» (2005), паказаная як дасціпна апрацаваная, часам падрабязна, дэталёва прапісаная панарама цяперашняга жыцця, у цэнтры якога заўсёды — аўтарскае «я» з яго выразнай пазіцыяй, гуманістычна-іранічным стаўленнем да бачанага, скрухай, лірыкай, роздумам, непаўторным арлоўскім горкім сарказмам у дачыненні да гэткай недасканалай чалавечай прыроды, што ніяк не можа ўзвысіцца над хадою часу і над сабою.

     Асаблівы і непаўторны кшталт у гэтых творах Арлова мае іронія. Яна — як бы сведчанне інтэлектуальнай цвярозасці пісьменніка, які, відавочна, арыентуецца на ўзоры еўрапейскага мыслення. Занадта шмат маецца ў гэтым свеце сур'ёзнасці, што не дае людзям напоўніцу адчуць прывабнасць зямнога існавання.

     Вершы ў прозе Уладзіміра Арлова (зборнікі «Там, за дзвярыма», 1991; «Фаўна сноў», 1995; «Паром праз Ля-Манш», 2006) — гэта таксама своеасаблівыя лірычныя эсэ, напісаныя як бы толькі «для сябе» ўрыўкі інтымнага дзённіка. Тут можна сустрэць згадкі пра першае каханне, калі лірычны герой зрабіўся відушчым і ў той жа час не пазбавіўся слепаты, авалодаў сутнасцю слоў, ды яны выйшлі з-пад яго ўлады, прагне сустрэчы з самім сабою:

     Я думаў:

     гэта дзіцячая забава —

     пераступіць цераз медны пасак

     мерыдыяна

     і апынуцца

     ў Заходнім паўшар'і,

     але,

     зрабіўшы гэты крок,

     раптам зразумеў, што

     ты засталася

     ва Ўсходнім,

     і мне зрабілася страшна.

     («Грынвіцкі мерыдыян» )

     Творцу Уладзіміра Арлова захапляе і адначасова палохае шматгранная логіка жыцця, якая аніяк не ўпісваецца ў кола мастакоўскага жадання ўсё назваць словам, ператварыць у вобраз, укласці ў сюжэт, трансфармаваць у вялікую думку. Ён імкнецца распавесці іншым містэрыю зямнога быцця — і не толькі сваім сучаснікам альбо будучым чытачам, але, здаецца, і тым, каго ўжо няма. Гэта напаўняе ягоны голас бясконцай скрухай, праз якую прабіваецца незабыўная арлоўская іронія, дзіця вялікай іроніі гісторыі. [...]

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы