Уладзімер Арлоў
навіны
жыцьцяпіс
кнігі
творы
крытыка
фота
відэа

Выступ Арнольда Макміліна

Замежныя краіны ў вершах Уладзіміра Арлова

Выступ Арнольда Макміліна на Х международной научной конференции <Традиции и современное состояние культуры и искусств> 12 верасня 2019
Беглыя, свабодныя вершы выдатнейшага гісторыка празмерна багаты сваім слоўнікам, вобразнасцю, і вялікай размаітнасцю тэматыкі. Мой выступ будзе пра ягоныя апісання замежных краін, часткова фантастычныя, часткова реалістычныя. Паўсюль у яго вершах пра земежжа, Арлоў адчуваецца як Беларус, і грамадзянін Полацка, што пралівае асобае святло на яго карціны замежных краін.
Раз я англічанін, пачну са сваёй радзімай.
Верш, “Паром праз Ля-Манш” у імпрэсіянісцкім стылі малюе прыбыццё ў ангельскі порт. Паэт сумуе, што у Англіі недастаткова гавораць па-беларуску (канешне, тое ж можна сказаць і пра саму Беларусь). У трэцім зборніку Арлова з назвай гэтага верша трапляецца некалькі палітычна некарэктных адсылак, уключаючы розныя сустрэчы з прадстаўнікамі каляровага насельніцтва Брытаніі, хоць каментарыі паэта з'яўляюцца больш прыкметай здзіўлення, чым праявай расізму. Яны абумоўлены тым, што ён паходзіць з краіны з белым насельніцтвам, за выключэннем, канешні, кучы кітайскіх гасцей. Так, напрыклад, распавядаючы пра візіт у Нацыянальную галерэю, паэт паведамляе чарнаскурнай служцы, што ён паходзіць з краіны, дзе ніколі не было рабства, але імгненна чырванее да каранёў валасоў, не толькі з-за сваёй бестактоўнасці, але і з-за ўжытай гіпербалы.
Верш “Сустрэчныя” прыўносіць элемент чыстай фантазіі ў погляд паэта на Англію: напрыклад, стары, які спрабуе разлічыцца за віно старадаўнімі манетамі, жанчына, якая чытае ў метро ліст, напісаны почыркам Арлова, і дзіця, якое бесклапотна напявае імёны каханай паэта, вядомыя толькі ёй і яму.
Арлоў — не толькі крэатыўны, але і вельмі добра інфармаваны паэт. У яго творах маюцца спасылкі на мноства гістарычных і сучасных падзей і пісьменнікаў. Ён звычайна чакае, што ў чытачоў такі ж шырокі кругагляд, як і ў яго. У эксцэнтрычным, але, па сутнасці, рэалістычным вершы “Бібліятэка імя Скарыны ў Лонданe”, ён не выказвае здзіўленне рэдкімі кнігамі і дакументамі, і захапляецца тым, што яны захаваліся там. Сярод гістарычных скарбаў яго розум мітусіцца паміж Хронікай еўрапейскай Сарматыі і паліцай кніг з гатычнымі шрыфтамі, ад якіх, ямы здаецца, вее трывожны ветрык. Ад іранічнай заўвагі пра адзіную кнігу, надрукаваную на беларускай мове ў 18 стагоддзі, з'яўляецца трывожнае пачуццё часовай нестабільнасці. Каб пераканацца, што змены яшчэ не зрабіліся незваротнымі, ён асцярожна сустракаецца вачыма з люстрам кніжнай вітрыны. Акрамя таго, па выніках візіту ў Англію ў 1994 годзе быў напісаны “Грынвіцкі мерыдыян”, у якім тое, што здавалася простым пераходам з Усходу на Захад, апынулася нечым зусім іншым:
але,
зрабіўшы гэты крок,
раптам зразумеў, што
ты засталася
ва ўсходнім,
і мне зрабілася
страшна.
Настрой гэтага верша зразумелы, і, у адрозненні ад шматлікіх іншых вершаў Арлова пра яго каханую ці іншых жанчын, просты і ясны.
Азнаёміўшыся з экстравагантным стаўленнем Арлова да Лондана, варта зазначыць, што ва ўсіх вершах, прысвечаных вандроўкам, Беларусь, так ці інакш, ніколі не пакідае думкі паэта: выразнымі прыкладамі гэтага з'яўляюцца вершы “Божая кароўка з Пятай авеню” і “Прага”. Ужо зразумела, што сэрца паэта засталося ў яго родным Полацку, а вандроўкі паміж Полацкам і сталіцай Беларусі часцяком уяўныя і поўняцца назіраннямі. Цікавы, але разам з тым трывожны верш “Варажба на чаінках” нагадвае нам пра яснае бачанне Арловым цяперашняй рэальнасці. Наступныя радкі ўзяты з сярэдзіны верша.
ці доўга мне
жыць у горадзе
дзе садзяць за краты
паэтаў, якія калісьці
былі выведнікамі
нашай будучыні,
ці доўга мне жыць у краіне,
што ўсё часьцей
прыводзіць на памяць
гісторыю пра павука
якому адарвалі ножкі
і загадваюць бегчы.
Таксама фігуруюць яго ўласныя творы ў некалькіх вершах, звычайна з неўхваленнем, у упамінаніях іншымі. Няма нічога дзіўнага ў тым, што ў Бадлейнскай бібліятэцы Оксфардa ён знаходзіць дзве ўласныя кнігі пра Полацак, што пыляцца там. Аднак у вершы “Архіварыус Война” аднайменны вучоны манах піша іранічныя каментарыі ў кнігах, што яму даў паэт, і іншы манах гаворыць паэту, што яму наогул не варта было пісаць кнігі.
*
Верш “Берлінская фантазія” некаторым чынам менш фантастычны, чым англійскія замалёўкі Арлова, хоць у ім таксама прысутнічае тая ж сумесь назіранняў і разважанняў.
Нарэшце, можна згадаць дзве гістарычныя фантазіі: У вершы “Аднойчы даўно”, паэт расказвае гісторыю з наўмыснай нявызначанасцю адносна таго, дзе і калі яна адбылася (з відам на Альпы або Пірэнеі). У ёй стомлены падарожнік стукае ў браму дамініканскага манастыра, і на тэрасе яго сустракае хворы на сухоты прыёр, які, кажа, што Арлоў не павінен быў напісаць кнігу, што прыёр трымае ў сваёй руцэ. Другі верш, “Рэцэпт неўміручасці”, расказвае пра легенду, пачутую паэтам ад старога габрэя пра манускрыпт, што завецца Кнігаю сноў і што быў выкрадзены ў манахаў Сінайскага манастыра. Там хапала пілігрымаў, якія жадалі завалодаць тайнай неўміручасці. На бяду выкрадальнікаў у кнізе не было апошніх старонак, і, тым самым, адказу. З гэтай прычыны паэт разважае, што не так гэта і страшна, калі ты не маеш патрэбы вярнуцца да цудаў прыроды. Паэт пакідае старога апавядальніка стаяць на пустым пероне і чакаць апошні цягнік.
*
У вершы “Талінская галубка” паэт сядзіць у кафэ ў эстонскай сталіцы, дзе ён завязаў сяброўства з мясцовай галубкай, адчуваючы, што ім абоім патрэбна захаваць сваю ідэнтычнасць; затым ідуць антырасійскія каментары і нецэнзурныя каламбуры на некалькіх мовах, у гэтым выпадку, на эстонскае слова pide (дзяржальня), якое нагадвае паэту беларускае pidar, хоць на мясцовай мове яму найбольш падабаецца terviseks! (будзем!).
І ў вершы “Барсэлёна” паэт увесь час думае пра Беларусь, параўноўваючы пазіцыю каталонцаў у Іспаніі і становішча Беларусі, што мае Расію у якасці суседа. Недабудаваны храм Святога Сямейства (Sagrada Familia) параўноўваецца з вежамі Святой Сафіі ў Полацку, пасля чаго верш ператвараецца ў фантазію, дзе, размаўляючы па-каталонску, апускаюцца на дол таўсматыя і худыя анёлы, і, нягледзячы на прапанову паэта, што ім трэба было б пахадзіць у школу ці, прынамсі, на курсы беларускай мовы, анёлы лічаць, што самому паэту добра было б вывучыць каталонскую мову.
Дзеянне некалькіх вершаў адбываецца ў Скандынавіі, і ў іх апісваецца як геаграфія, так і культура гэтага рэгіёну. Так, напрыклад, у вершы “На Готландзе” паэту сніцца востраў Полацак і дзяцінства, што прайшло там, а ў Полацку ён бачыць сны пра казачны Готланд. У вершы “Андэрсэн і ты” ён разважае пра гэтага аўтара гісторый для дзяцей, які пакутаваў ад мноства страхаў, асабліва баючыся жанчын і смерці, і нарэшце памёр ад зубнога болю. Хоць у самога паэта і няма такіх фобій, Арлоў заўважае, што сам ён не дасягнуў і паловы таго, што атрымалася ў Андэрсэна. Магчыма, яшчэ больш дзіўным з'яўляецца верш “Размова з Стрындбергам”, у якім апісваецца візіт у дом Стрындберга. Паэт успамінае, што творы шведскага драматурга былі забаронены ў шмат якіх краінах, у тым ліку, у савецкай Беларусі, але ж не ў Польшчы. Паэта вабіць думка пра сустрэчу недзе ў ціхім месцы, дзе яны са Стрындбергам маглі б арганізаваць свой інтымны тэатр.
*
Найноўшы паэтычны зборнік Арлова складаюць, галоўным чынам, балады: “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань”. У зборнік увайшлі разнапланавыя творы. Яго характарызуе нязменная лёгкасць рукі, нягледзячы на мноства літаратурных і палітычных спасылак, а таксама здаровае пачуццё гумару.
Раздзел, “Аркады Падуі” — не столькі балада, колькі распусны даведнік (са зноскамі) па мінулым і будучыні гэтага італьянскага горада. Як і заўсёды ў Арлова, жывы мужчынскі гумар і шырокі досвед аўтара робяць яго расповед пра Падую (асабліва пра знаходжанне там Скарыны) вясёлым і інфарматыўным. Спіс дзеючых асоб пачынаецца з Дантэ і Мерымэ і заканчваецца Мусаліні. Як і ва ўсіх іншых празаічных і паэтычных творах, што не з'яўляюцца гістарычнымі, думкі паэта заўсёды лунаюць недзе побач з яго роднай краінай. Напрыклад, чырона—белая аперацыйная нагадвае яму пра беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. У гэтым даведніку — вялікае мноства гістарычных персанажаў, неверагодная колькасць інфармацыі і адступаў, напамінае пра Гогаля ці Трыстрама Шэндзі, а таксама ўсё багацце фантазіі аўтара, па большай частцы — сэксуальнай, і, сярод усяго гэтага — нязменнае сведчанне жывога і цікаўнага характару паэта.
У большасці іншых раздзелаў гэтай кніжкі таксама ідзе гаворка пра розныя мясціны і краіны. “Алека”, балканская балада, дзеянне ў якой адбываецца галоўным чынам у Балгарыі, і пачынаецца з напісаных на снезе двух грубых слоў, якія, думае Арлоў, можна лічыць першым радком верша. У гэтай баладзе паэта запрашаюць атрымаць прыз Алека Канстантынава. Яму даюць прывабную маладую перакладчыцу Пенку, якая зрабіла пераклад на балгарскую гістарычнага рамана Караткевіча і ўласнай сатырычнай навэлы Арлова “Ордэн Белай Мышы”. Яна — перакананая балгарская нацыяналістка, і верыць, што балгары заснавалі Кіеў і што румыны — на самой справе балгары, якім забаронена размаўляць на роднай мове, бо яны знаходзяцца па другі бок Дуная. Аднак, найбольш ўвагі паэт надае крыважэрнай палітыцы Сталіна ў Беларусі і помніку падтрымцы Балгарыяй Гітлера падчас вайны.
“Сура Шэйнбліт” — балада, якая галоўным чынам прысвечана габрэйскаму мястэчку Бярдзічаву, і яго іншым жыхарам ці наведвальнікам, сярод якіх — Конрад, Бальзак і Шэлі. Рэфрэн балады (на рускай мове): “не был ли ты евреем в детстве?” і ў той час, як Арлоў адпраўляецца ў фантастычны палёт над Бярдзічавым, Віцебскам, Адэсай, Парыжам і Іерусалімам з выпадковай жанчынай, якую клічуць Сура (ці Бэла), ён уяўляе, як хто-небудзь з Хамазу гаворыць:
жыды ды яшчэ й лётаюць
збіць іх на х.й!
“Вуліца Саламеі” — вельмі дынамічная галіцыйская балада, дзеянне ў якой адбываецца галоўным чынам у Львове. Усё пачынаецца з вежаў, у тым ліку, згадваецца вягомая трагедыя у Нью-Ёрку. З улікам вайны ва Украіне, нядзіўна, што тут, як і ва ўжо вядомых літаратурных і культурных фантазіях, шмат крытыкі ў адрас ваяўнічай палітыкі Расіі, а таксама некультурнасці і грубасці расійскіх турыстаў. За кубкам мексіканскай кавы ён заўважае, што Казанова не згадвае пра мексіканскіх жанчын, у той час, як пахвальна адзываецца пра жанчын Львова, якія, як нам кажуць тут, былі недасяжныя. На адной з кавярань ёсць мемарыяльная дошка, дзе гаворыцца, што кавярня была заснавана ў 1863 годзе, а гэты год у Арлова і ўсіх свядомых беларусаў выклікае асацыяцыі з паўстаннем Каліноўскага, калі продкі паэта стралялі ў маскалёў ці, мабыць, выдалі паўстанцаў удзельнікам расійскіх карных рэйдаў. Акрамя Саламеі, іншымі героямі гэтага твора з'яўляюцца Алена Кіш і Аксана Забужка са сваёй кніга “Палявыя даследаванні ўкраінскага сэксу, а таксама Бруна Шульц і яго забойца Карл Гюнтэр, у той час як Настрадамус і Бандэра знаходзяцца сярод вялікай аўдыторыі, што прысутнічае на паэтычных чытаннях Арлова.
“Апошняя жанчына Казановы” лічыцца багемскай баладай. Жанчыну, што згадваецца ў назве, клічуць Дарота, ёй дваццаць адзін год. Арлоў успамінае некалькіх мужчын-наведвальнікаў знакамітага палюбоўніка, ад Бэнджаміна Франкліна і да Моцарта. Са свайго боку, Дарота распрацоўвае цудоўны план помсты Казанове, калі таму спаўняецца шэсцьдзесят шэсць. Не ўдакладняецца: ці можа быць так, што партрэт Казановы вісіць у прыбіральні замка, ці ў замку вісіць паштовая скрыня з надпісам “напішыце Казанову і ён вам адкажа”; спрэс усе лісты ў гэтай скрыні — на рускай мове.
“Гвірабі” — грузінская балада, якая атрымала сваю назву ў гонар услаўленага чырвонага віна. Там пабываў Кнут Гамсун, сумна вядомы сваім непрыкрытым захапленнем перад Гітлерам, але ж ён не жадае заставацца ў сваёй магіле. Паэт разважае, ці ёсць нарвежскія пісьменнікі, якія не маюць магілы, адзначаючы, што забойца Андэрс Брэйвік, усё яшчэ ў турме. Сярод іншых вядомых наведвальнікаў і выгнаннікаў, што прыходзяць паэту на розум — паэт Тадэвуш Лада Заблоцкі і расійскі драматург Аляксандр Грыбаедаў, але менавіта пазнейшая агрэсіўная расійская прысутнасць здаецца найбольш важнай ў гісторыях Арлова, разам з жанчынамі і віном Ён заяўляе, што ніякая дамова з Расіяй не вартая паперы, на якой яна напісана, і смуткуе пра разбурэнне вельмі старой царквы, што была ператвораная ў турму, і пра ўсе яе знішчаныя фрэскі. Яшчэ болей там інфармацыі пра саму Грузію, і, як заўсёды, гэта інфармацыя падаецца ў паўфантастычнай манеры. У гэтай баладзе вельмі часта выкарыстоўваецца тэхніка, якую можна заўважыць і ў іншых яго творах, менавіта, паўторы радкоў і думак (штосьці накшталт лейтматываў у операх Вагнера).
Шмат у чым зборнік Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань адлюстроўвае асноўныя элементы паэтычнага свету Арлова. Усе вершы гумарыстычныя, поўныя нацыянальнай свядомасцю, незалежна ад асяроддзя і месца дзеяння, прычым, як ужо было сказана, Беларусь заўсёды займае галоўнае месца ў думках паэта. Спіс дзеючых асоб вялікі, галоўным чынам, гэта палітычныя фігуры і дзеячы культуры як мінулага, так і сучаснасці, якія вельмі часта цесна але зусім не храналагічна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой.
Для мяне, ужо прачытаўшы большасць гістарычнай прозы Уладзімера Арлова, было вельмі прыемна знаёміцца з яго вершамі, дзе фантазія, так бы мовіць, пазбаўляецца ад фактаў.
Жыве вандроўнік Арлоў! Жыве Беларусь!
Дзякуй за ўвагу
Выступ Арнольда Макміліна