навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

Беларусiзацыя Ангельшчыны

 
Аэрапорт Гiтроў
 
Прыкладна тры тузiны адказных асобаў з Iнтэлiджэнс Сэрвiс i Скотлэнд Ярду смакталi свае цыгары, запiваючы iх у навакольных пабах тарфяна-цёмным “Гiнэсам”, i дэманстравалi злачынную бязьдзейнасьць.
Тым часам падазрона рудабароды мiстэр з чырвоным пашпартам няiснае дзяржавы і сумнеўным прозьвiшчам Arlou ня толькi пасьпеў выгрузiцца з “Боiнга”, але і назваць сябе ў картцы прыбыцьця грамадзянiнам ня менш падазронай Рэспублiкi Беларусi, дзе, як пiшуць “Таймз” i “Гардыян”, проста ў парлямэнце прэзыдэнцкая ахова бамберыць дэпутатаў, а сам прэзыдэнт замест таго, каб вывучыць дзяржаўную мову, зьбiраецца абвясьцiць дзяржаўнай тую, за якую, сьцьвярджаюць зласьлiўцы, меў у школе нядобрую адзнаку.
Больш за тое — мiмаходзь успомнiўшы, як летась у партовым Рамсгэйце яго трэсьлi ледзьве не гадзiну, прафэсiйна абмацваючы кепурку і прымушаючы зьлёгку распранацца, Arlou, быццам мыш пад вусатым носам у сытага ката, прашмыгнуў без усякае праверкi валiзаў да выхаду i абсалютна спакойна, нiбы дзе-небудзь на полацкiм вакзале, узяўся гартаць каля тэлефонаў-аўтаматаў спрэс сьпiсаны тарабарскай кiрылiцаю нататнiк, няўважлiва назiраючы за фантастычным для нязвыклага вока вiдовiшчам узьлётнае паласы тэрмiналу №2, адкуль кожныя дзьве хвiлiны ўздымаюцца ў паветра лаяйнэры ўсiх магчымых колераў i авiякампанiяў.
I яшчэ мацней санлiвыя спадкаемцы славы Кiма Фiлбi мусiлi б устурбавацца, каб даведалiся, што гэты рудабароды суб’ект прынцыпова (i ў лепшым разе з пачуцьця нацыянальнае фанабэрыi) вырашыў перакладаць у сваiх запiсах усе ангельскiя назвы на мову, якой не валодае нават ягоны сувэрэнны прэзыдэнт.
Карацей, не мiнулася й дзесяцi хвiлiнаў, як, пашкадаваўшы фунт на бляшанку пiва, Arlou схаваўся ў нетрах лёнданскай падземкi i на цэлыя два тыднi зьнiк зь вiдавоку брытанскiх спэцслужбаў.
 

Трафалгарскi пляц
 
Скажу вам, што калi замест Trafalgar Square падумаеш па-наску: Трафалгарскi пляц, ракурс успрыняцьця навакольля адразу зьменiцца. Двое шатляндцаў у чырвона-брунатна-зялёных клятчастых спаднiцах, прытупваючы загарэлымi нагамi, пачнуць, напрыклад, выдзьмуваць з сваiх дудаў варыяцыi на тэму “Саўкi ды Грышкi”, ня кажучы ўжо пра сьцiжму тутэйшых галубоў, якiя адразу забуркуюць на прыдняпроўскай галубiнай трасянцы мамiнай i прэзыдэнтавай малой радзiмы.
Пляцавыя цемнаскурыя мастакi за 10 фунтаў гатовыя бязь лiшнiх ваганьняў стварыць ваш графiчны партрэт. Я паказваю iм жаночае фота i — на ўсякi выпадак — купюру. Паразуменьня не атрымлiваецца: цемнаскурыя майстры пэндзлю прагнуць бачыць белую жанчыну ў натуры.
Парачка маладых нецьвярозых мурынаў, асядлаўшы чорных трафалгарскiх iльвоў, адну за адной зь вiдочнаю асалодай б’е аб бэтонныя плiты пляшкi з-пад пiва. З аналягiчнаю эмоцыяй праз колькi хвiлiнаў хулiганiстых маладзёнаў таўкуць, запiхваючы ў белы ангельскi “варанок”, бамбiзы-палiсмэны, якія прымушаюць мяне ўзгадаць блатную песеньку папулярнага расейскага барда: “Я не расист, но я за белых, бля, за белых, бля, за белых...”
Дарэчы, пра белых i цёмных.
Беларускi мастак-эмiгрант Валера Мартынчык лiчыць, што да каляровых падданых яе вялiкасьцi брытанскае каралевы ангельцы маюць сантымэнт значна цяплейшы, чым да нас, славянаў, цi наогул да ўсходнеэўрапейцаў. Першыя — гэта сяляне, якiх гаспадары добра ведаюць i разумеюць яшчэ з тых часоў, калi вешалi iх на бастыёнах калянiяльных фортаў i спрактыкавана перылi стэкамi. (Памятаеце вучаныя ў расейскай школцы нашага дзяцiнства задушэўныя радкi савецкага паэта: “Хороший сагиб у Сами и умный, только уж больно дерется стеком...”?)
Таму мы з Валерам ня будзем бiць каля Нэлсанавай калёны пустыя бутэлькi, а схаваемся ад палiцыi ў залях Нацыянальнае галерэi, сходы якой пачынаюцца проста з пляцу, i там, апрача Батычэльлi, Рубэнса й Рэмбранта, як увасабленьне яшчэ адной прыкметы беларусiзацыi Злучанага Каралеўства, сустрэнем студэнтку з Кембрыджу Алену Шушкевiч, якую ня трэба блытаць з дачкою экс-сьпiкера, што цяпер возiць па праспэкце Скарыны ў Менску маленькую экс-сьпiкераву ўнучку, якую, будзем спадзявацца, у XXI стагодзьдзi нехта таксама сустрэне ў блiзкiх ваколiцах парку сьвятога Джэймза.
Калi ты ў галерэi не адзiн, уступiць у дыялёг з творамi мастацтва бадай немагчыма. Тады ты выслухоўваеш розныя гiсторыi й зьвяртаеш увагу на калямастацкiя мiзансцэны. Вось каля “Парысава суду” настаўнiца ставiць перад клясаю трох дзяўчатак i дае хлопчыку-“Парысу” румяны яблык. Я сачу за падзеямі пад акампанэмэнт Валеравых аповедаў.
Першы сюжэт — пра менскага мастака Басава, якi нядаўна перасялiўся ў лепшы сьвет i якога Валера лiчыць амаль генiем. Талент апавядальнiка дазваляе ўявiць i самога немаладога габрэя, i тое, як ён глядзiць у дзьвярное “вочка” майстэрнi й дыхае з таго боку, але пакупнiкоў, хоць зь iмi ўчора й дамовiўся, да сябе не пускае: тым проста не пашанцавала, бо дзьверы ў такiх выпадках мастак Басаў нязьменна адчыняе толькi адзiн раз з трох.
Другi — пра мастацкую выставу, дзе Валера разам з сваiмi абстрактнымi кампазыцыямi паказаў публiцы некалькi малюнкаў мужчынскiх фiгураў, у вынiку чаго атрымаў ад масьцiтага мастацтвазнаўцы букет камплiмэнтаў, у якi было ўторкнутае запрашэньне да мастацкае знакамiтасьцi сусьветнага сумеру, але ў прызначаны дзень спазьнiўся. Апошняя акалічнасць і дала Валеру магчымасьць высьветлiць, што самай важкаю прычынай запрашэньня былi менавiта мужчынскiя фiгуры.
Потым мы досыць лягiчна бярэм курс на ўлюбёны паб Оскара Ўайлда, дзе праз два днi я апынуся за адным столiкам з мэксыканскаю студэнткай, якой дам першы i, вiдаць, апошнi ў яе жыцьцi ўрок беларускае мовы. Больш дэталёва гэты эпiзод будзе распрацаваны ў вершы пад двухсэнсоўнаю назваю “1 красавiка 1995 г.”, адкуль будучы чытач даведаецца пра тэатральны ўздых палёгкi, калi я здолеў растлумачыць маёй спадарожнiцы, што не ва ўсiм падзяляю густы аўтара “Баляды Рэдынгскай турмы”, а таксама, што гэта абсалютна ня значыць, што пасьля пiнты пiва i дзьвюх фiлiпiнскiх цыгарэтаў смуглявая ручка ўжо мае права расшпiльваць гузiкi на зялёнай кашулi, якая памятае зусiм iншыя пальцы, i працягваць сваю рызыкоўную экскурсiю, пакуль ты намагаесься прадэклямаваць страфу мясцовага клясыка пра зайздроснае шчасьце мяняць стан душы гэтаксама проста, як пэнi можна памяняць на шылiнг. Намёк застаецца незразуметым, мовы катастрафiчна не хапае, аднак, прапусьцiўшы неiстотныя дэталi, ты павiнен з усёй адказнасьцю прызнацца, што вашае разьвiтаньне не нагадвала ўцёкi, бо мэксыканскiя студэнткi не павiнны кепска ўспамiнаць мужчынаў з Рэспублiкi Беларусi, асаблiва тады, калi толькi што пачулi пра яе iснаваньне.
 

Магiла Маркса
 
Штодня я двойчы праяжджаю падземкаю праз станцыю Гайгэйт. Аднаго вечару мае гасьцiнныя гаспадары на чале з айцом Аляксандрам Надсонам зьдзiўляюцца, чаму я дагэтуль ня выйшаў там з вагону, каб ускласьцi што-небудзь на магiлу Карла Маркса.
У кантэксьце падрыхтоўкi майго вiзыту на могiлкi мiстэр (а таксама мэсье й спадар) Гай Пiкарда, дасьледнік беларускай царкоўнае музыкі, а таксама Скарынавага захапленьня кабалістыкай, знаёмiць мяне зь некаторымi малавядомымi старонкамi самаахвярнага жыцьця клясыкаў навуковага камунiзму, якiх ён бязь лiшняга пiетэту мянуе “лёнданскiм п’янiцам” i “сiмбiрскiм сыфiлiтыкам”. (Памiж усяго iншага я, у прыватнасьцi, даведваюся, як у свой час ангельская палiцыя заслала на лёнданскую бальшавiцкую канфэрэнцыю сакрэтнага агента, што, вярнуўшыся назаўтра ў офiс, здаў начальству блiскучую справаздачу з аднаго сказу, сэнс якога зводзiўся да таго, што дыскусiя адбывалася на якойсьцi незразумелай мове, а таму ён, агент, анi калiва не зразумеў.)
Выяўляецца, што за нейкую мiлю ад цяпершняй Беларускай каталiцкай мiсii таварыш Маркс неаднаразова наладжваў грунтоўныя турнэ па пабах, жвава дыскутаваў з прыгнечанымi капiталам ангельскiмi пралетарамi, а аднаго разу, расьперажываўшыся за iхны гаротны лёс, хапянуў трайную дозу i размалацiў парасонам вулiчны лiхтар, пасьля чаго спрытна ўцёк ад палiцыi.
Гэтыя зьвесткi робяць клясыка больш чалавечным i больш блiзкiм, i я штодня сапраўды зьбiраюся выйсьцi ў Гайгэйце з падземкi, але так i не магу прыдумаць, што ж я там ускладу.
 

Яйкi ў чаравiках
 
Не адшукаўшы ў адкрытых турыстам залях Брытанскае бiблiятэкi старадрукаў Францiшка Скарыны, я задавальняюся разгляданьнем выстаўленых у вiтрынах рукапiсаў.
Джойсава рука размашыста вадзiла па грубай жаўтлявай паперы простым алоўкам, а потым рашуча перакрэсьлiла напiсаныя зь вялiкiмi прабеламі радкi чырвоным. (Гаворка ідзе пра яшчэ невядомага нам “Фiнэгана”.)
Гросбух з чарнавiком Данiэля Дэфо адпачывае ад лiтаратурных практыкаваньняў гаспадара побач зь лiстом Джонатана Сўiфта, па сумяшчальнiцтве ангельскага шпiёна ў Iрляндыi.
Джон Кiтс, Фрэнсіс Бэкан, сёстры Брантэ...
Вiтрына з аўтографамi “Бiтлз”.
У бiблiятэчнай кнiгарнi можна набыць iх факсымiле, а таксама сьвежы даведнiк “Вялiкабрытанiя-1995: 50 гадоў пераменаў”. Мне ўдаецца даволi зграбна перакласьцi кавалачак прадмовы: нягледзячы на зьяўленьне хуткасных аўтастрадаў, на масавае адмаўленьне ад ялавiчыны i цукру ды iншыя велiзарныя зьмены, брытанцы працягваюць лiчыць, што iм выпала незайздросная доля нарадзiцца ў найгоршай для жыцьця краiне сьвету, калi ня ўлiчваць, вядома, усiх астатнiх краiнаў.
Разумовыя высiлкi над старонкамi “Вялiкабрытанii-1995” годна вянчае бляшанка элю (9% алькаголю).
На лавачцы перад уваходам, скiнуўшы чаравiкi, можна выцягнуцца на сонейку побач з закаханай францускай парачкай, а прачнуўшыся, — усьцешана ўпэўнiцца, што з абуткам на тым баку Ля-Маншу праблемаў няма, як няма iх i з шакалядавымi велiкоднымi яйкамi, якiя табе пакiнулi на памяць: па два ў кожным чаравiку.
Згаладала зжаваўшы палову прэзэнту, я раблю кансьпiрацыйны званок у Менск: заўтра на сувязь не выходжу, бо еду з заданьнем у Оксфард.
 

Оксфардзкiя пэргамэнты
 
Оксфардзкая готыка мае пэргамэнтавы колер. Яе столькi, што пачынае кружыцца галава. А можа, ва ўсiм вiнаватая завея, што аздабляе сьнегавымi хлапякамi каменную разьбу, вiшнёвую квецень i запацелыя кармiнавыя келiхi тульпанаў?
Славутая Бадлэйнская бiблiятэка будавалася некалькi стагодзьдзяў. Нават у завiруху яе галерэi, фасады, калёны, валюты і гзымсы хочацца разглядаць гадзiнамi.
Нясьцiпла адзначу, што наведнiк славянскага аддзелу можа пагартаць ёмiсты опус, прысьвечаны таямнiцам полацкай гiсторыi, i адхiснуцца ад вусьцiшнага аблiчча на вокладцы кнiжачкi з гiпэрбарэйскай назваю “Мой радавод да пятага калена”.
Я не самотны: мой “прапiсаны” ў Таронта спадарожнiк Кастусь Акула (ужо каторы год 25 сакавiка ён сустракае на высьпе свайго юнацтва) таксама пакiдае аўтограф на перавыдадзеным летась у Менску рамане “Змагарныя дарогi”, яшчэ ня ведаючы, што паводле зьвестак “Нашай Нівы” гэтая кнiга зойме ў сьпiсе беларускiх бэстсэлераў за першы квартал 1995 году другi верхнi радок усьлед за двухтомнiкам Уладзiмера Караткевiча.
Завяршыць прыемную цырымонiю найлепей у пабе пад назваю “Белы конь”, дзе кiрылiца сьціпла прадстаўленая ўсенародна любiмым на неабсяжных абшарах былой Краiны Саветаў слаўцом з трох лiтараў, якое нечая клапатлiвая рука патрыятычна надрапала на краi стальнiцы, высьлiзганай нялiчанымi студэнцкiмi пакаленьнямi да паркетнага бляску колiшнiх цэкоўскiх кабiнэтаў.
Наступны пункт падарожжа — Крайстчорч-каледж.
Кожны оксфардзкi каледж — гэта горад у горадзе з сваiмi неадменнымi бiблiятэкай, жылымi і навучальнымi будынкамi, саборам, паркам, катамi i вавёркамi.
Саборная вежа і дом капiтулу ўзводзiлiся ў часы атручанага крыжакамi полацкага князя Валодшы. Праз шэсьць стагодзьдзяў тут стукалi па бруку абцасiкi дачкi рэктара Алiсы Лiддэл, для якой тутэйшы выкладчык матэматыкi Льюiс Кэрал прыдумаў краiну цудаў.
Можа, гэта дух Алiсы мiльганецца вохрыстай лiсiцаю ў прысоленых завiрухаю лугах на выезьдзе з Оксфарду?
А фiнал верша пра сталiцу ангельскага студэнцтва будзе афарбаваны ў прыглушаныя мэлянхалiчныя колеры:

Лёндан
вынырне з завеi
мокрай няўтульнасьцю
дыкенсаўскiх паралелепiпэдаў.
Тэмза
разам з душою
будзе перажываць
пэрыяд адлiву,
а на ўскраiне ночы
прысьнiцца ангельскамоўны сон:
я буду гувэрнэрам
малалетняга лорда
i пад сьпеў ранiшнiх драздоў
з асалодаю адлупцую яго
за нявывучаныя правiлы
напiсаньня “ў”.

 

Джаз у “Толi Буш”
 
Паб “Толi Буш” якраз i вядомы ў Гэмпстэдзе ды ва ўсiм Лёндане сваiм джазам. Кажуць, мэлёдыi першых кампазыцыяў прагучалi тут трыццаць гадоў таму. З таго часу каманда джазмэнаў захоўвае вернасьць гэтым сьценам пiўнога колеру, набываючы разам зь iмi ўсё больш iмпазантны выгляд.
Блiзу паловы дзявятай суботняга вечара на дзьвярах “Толi Буш” можна сьмела вывешваць шыльдачку, што месцаў няма, аднак паб — гэта вам ня менская кавярня ўзору канца 1980-х, i туды вас пусьцяць нават у тым выпадку, калi будуць занятыя ўжо ўсе мужчынскiя каленi (дый некаторыя жаночыя таксама, бо аматары добрага джазу трапляюцца i сярод лесьбiянак), а вольныя месцы застануцца адно на кандэлябрах.
А дзявятай з-за столiка каля сцэны падымецца крамяны стары, якога можна бяз конкурсу запрашаць на ролю Гэмiнгуэя, а ўсьлед за iм пацягнуцца, не забываючы захапiць з сабою тонкiя пiнтовыя кухлi, астатнiя музыкi. Калi вы не прапусьцiце моманту iх сустрэчы з iнструмэнтамi, у вас зьлёгку зашчымiць сэрца — столькi ў гэтых дотыках стрыманай мужчынскай пяшчоты.
Магчыма, вам, як i мне, падумаецца, што пяшчоты хапае iм i на жанчын — нездарма ж кожнага засталася чакаць за столiкам падрумяненая пiвам сяброўка пасьлябальзакаўскага веку.
Магчыма, вам таксама захочацца падумаць, што менавiта ў гэтым складзе (улiчваючы сябровак) яны ўпершыню зьявiлiся тут у суботу трыццаць гадоў таму, i вы паспрабуеце ўявiць, якiмi яны былi тады, калi вы пачыналi лавiць у дапатопных радыёлах “Беларусь” музычныя праграмы “Голасу Амэрыкi” i “Радыё Швэцыi” i балдзелi ад голасу вядучай Тамары Юхансан, непахiсна ўпэўненыя, што ў гаспадыні такога голасу і такой музыкi абавязкова павiнны быць самi ведаеце якiя ногi i грудзi i якiя вусны i, ва ўсякiм разе, гэтая швэдзкая Тамара нiяк не магла дазволiць сабе быць менш прыгожаю за Тамару Iванаўну, маладую настаўнiцу ангельскае мовы, замест якой аднойчы ў клясу зайшоў дырэктар школы Абрам Залманавiч — каб паведамiць, што вашая настаўнiца затрыманая мiлiцыяй у гатэльным нумары i звольненая “за связь с иностранцем”; i якiя толькi пачуцьцi нi абрынулiся на нас пасьля гэткае навiны: i дзiцячая крыўда, i недзiцячая рэўнасьць — быццам вы самi маглi замест “иностранца” ўступiць у гэтую “связь” з настаўнiцай, як у сваiх ужо даўно не цнатлiвых снах уступалi ў яе з заморскай Тамарай Юхансан, i прага помсты — калi не самому дырэктару, дык хоць ягонай кучаравай дачцэ Лiзе, а яшчэ школьным актывiстам, якiя зьмяшчаюць у насьценгазэце “За отличную учебу” вершыкi кшталту “Сегодня он играет джаз, а завтра родину продаст” i якiя, вiдаць, i высачылi Тамару Iванаўну, каб здаць яе мянтам.
Вось так, неўпрыцям, памяць пачне iмправiзаваць усьлед за джазмэнамi, i я з радасьцю падначалюся прапанаванаму рытму i хмелю колеру густога залацiстага пiва, хвалi якога знойдуць для мяне сярод музыкi, гаманы і штурханiны тую выспу, дзе й павiнна было падумацца: чаму, седзячы ўчора ў лёнданскай беларускай бiблiятэцы, я адмахнуўся ад навязьлiвае iдэi перачытаць у Ангельшчыне Шэксьпiра, а ўзяў з палiцы на вечаровае чытаньне том Мiхася Стральцова; i пад кадэнцыi саксафанiста на тэму “Sometimes” я ўспомню сваю ўлюбёную стральцоўскую фразу — самы пачатак аповеду “Сьвет Iванавiч, былы донжуан”: “У тэлефоннай будцы былi двое, i я ненавiдзеў iх”, фразу, якая, магчыма, абвясьцiла пра нараджэньне нашага лiтаратурнага мадэрнiзму.
Згаданая фраза пацягне за нiтачку цэлую шпулю ўспамiнаў — як Стральцоў прыяжджаў да мяне ў Наваполацак (хоць “да мяне” — гэта яўны перабор) i пакуль мясцовая лiтаратурная брацiя спакойна смактала пракiслае вiно “Эрэцi”, мужна пiў за сталом адну мiнэралку, i выходзiў на гаўбец курыць, i прасiў уладкаваць яго заўтра ў гатэль, бо “сам, старычок, разумееш”, i лепей, каб было два нумары, i потым у адным зь iх казаў мне, што прачнуўся, падышоў да вакна i адчуў: штосьцi ня тое, а тады даўмеўся, што ў Наваполацку на цэнтральным пляцы няма помнiка Ленiну; а потым мы сустрэлiся на нашым наваполацкiм возеры з халаднавата-прыцемным назовам Люхава: ён стаяў на беразе з жанчынаю, i цяпер мне здаецца, што пячатка блiзкае сьмерцi ўжо ляжала на ягонай неспартовай постацi; а пасьля мы ўсе разам паехалi ў Полацак, i ў Спаса-Эўфрасiньнеўскiм манастыры ён, рэдактар маёй першай кнiжкi, меў поўнае права казаць мне: “Капай глыбей, старычок, пакажы, што зямля ў iх стаяла ня толькi на трох кiтах”, а пасьля я толькi аднойчы быў у яго на магiле, дый ня так часта, як, можа, хто iншы, бываю на магiлах бацькоў, таму што калiсьцi паверыў мудрай Бабулi, Ларысе Генiюш, якая, пахаваўшы свайго мужа Янку, не любiла хадзiць да яго, бо зразумела, што няма там нiчога, апрача халоднага каменю ды глiны...
I гэты хмель, i гэты рытм, i гэты настрой авалодаюць iстотай настолькi ўладна, што адно ў самым канцы даўжэзнай дарогi назад у абвеянай начным ветрыкам галаве нарэшце варухнецца першая цьвярозая й рацыянальная думка — пра тое, што лiхтары перад вось гэтым i тым багатымi асабнякамi аўтаматычна запальваюцца пры тваiм наблiжэньнi зусiм ня дзеля таго, каб ты не заблукаў, а каб улякнуць цябе як магчымага злодзея.
 

Грынвiцкiя страхi
 
Наогул, гэта даволi забаўна: пераступаеш мядзяны пасак нулявога мэрыдыяну i — Беларусь разам з Полацкам, сябрамі й каханкамі, півам “Аліварыя. Моцнае”, прэзыдэнтам, які не гаворыць па-беларуску, i ўсiмi астатнiмi атрыбутамi i аксэсуарамi застаецца ва ўсходнiм паўшар’i.
Мушу прызнацца, што крок у адваротным кiрунку я раблю трохi пасьпешлiва. Назад мяне не ўдаецца завабiць нi тысячагадовым дубам, нi каралеўскiм аленям, што гуляюць па заходнiм паўшар’i, нi стройнай мурынцы, падобнай да нэгатыву адной жыхаркi Менску.
У нас ва ўсходнiм паўшар’i ўсё ня так i блага: тут бегаюць шэрыя ангельскiя вавёркi, сустракаюцца ўтульныя пабы, i ў адным зь iх мае спадарожніцы Арына i Каралiна, якiя ахвярна захоўваюць перадвелiкодны пост, замаўляюць мне, грэшнаму, традыцыйны ангельскi пiрог зь сьвiнiнай i ныркамi, што (асаблiва калi старанна запiваць яго белым вiном) здольны павярнуць да цябе рэчаiснасьць зусiм новымi нечаканымi гранямi.
Суладнасьць, што пануе ў нас ва ўсходнiм паўшар’i, перацягнула з заходняга i мурынку-“нэгатыў”, якая спружынiста праходзiць за вакном пабу — напэўна, дзеля таго, каб прысьнiцца мне ў гэтую ноч (пагатоў, менскi “пазытыў” аднаго разу выказваў падазроную цiкаўнасьць да таго, як там у гэтых мурынаў усё ўладкавана).
 

Галерэя Тэйт
 
Сёньняшняе падарожжа па галерэйных лябiрынтах бярэ пачатак з залi Ўiльяма Блэйка, дзе каля iлюстрацыяў да Вiргiлiя й “Боскай камэдыi” адразу даеш веры, што ўсе ўвасобленыя на паперы і кардоне вобразы сапраўды зьяўлялiся мастаку ў яго знакамiтых мiстычных снах.
Галерэя Тэйт можа з посьпехам замянiць падручнiк авангардызму. А вандруючы па архiпэлягах дадаiзму, кубiзму, сюррэалiзму etc., раптам пачынаеш зважаць на даты жыцьця мастакоў.
Прыклады любажыўных Пiкаса й Шагала даўно зрабiлiся хрэстаматыйнымi. Першы пражыў 92 гады, другi (тут ягоны “Букет” зь лятучымi закаханымi) — 98. Далi адстаў, аднак 1904—1989 таксама выглядае досыць паважна.
У нас так доўга не жывуць.
Мэтафiзычны Кiрыко (1888—1978). Мiро (1893—1983). Скульптар-кубiст Лiфшыц (1891—1973). Таксама няблага. Натальля Ганчарова зь яе тутэйшай блакiтнай “Бялiзнаю” — 1881—1962.
Зьлёгку заiнтрыгаваны, заходжу ў залю лёнданскага авангарду 1910—1920 гадоў. Дункан Грант — 1885—1978. Схiльная ўжо тады да абстракцыянiзму Ванэса Бэл (1879—1961).
Далей — болей. Скульптар Элiн Эгар (1899—1991). Калега Эпштайн адстае: 1880—1959. Затое славуты Гэнры Мур i ня менш славуты, але пакуль што ня ў нас, жывапiсец Фрэнсіс Бэкан выглядаюць зусiм нядрэнна — 88 i 84 гады. Макс Эрнст зь ягонай даволi фалiчнай штучкаю “Людзi не павiнны пра гэта нiчога ведаць” — 85.
Стамiўшыся ад запiсаў, недзе на подступах да “Нарцызавых мэтамарфозаў” Далi i “Будучынi статуяў” Рэнэ Магрыта — скульптурная галава з блакiту зь летнiмi белымi аблокамi, мадэльлю якой сумленна служыла пасьмяротная маска Напалеона — пачынаеш разумець: рэч, міжволі мабыць, зусiм ня ў тым, што, адважна абнаўляючы мастацкiя формы, творцы непазьбежна зноў і зноў абнаўлялi i тыя формы, куды Ўсявышнi ўдыхнуў iх уласны дух; усiм iм удалося так доўга затрымацца пад сонцам найперш з тае простае прычыны, што яны, творцы, як вядома, заўсёды вялi надзiва здаровы лад жыцьця — у прыватнасьцi, не пiлi, не курылi, i не цягалiся па жанчынах.
 

Чорнае шкельца з аптымiстычным адценьнем
 
Апошнi лёнданскi дзень прысьвечаны хаўтурам.
У беларускай грэка-каталiцкай царкве сьвятых апосталаў Пятра й Паўла рэй вядзе сёньня праваслаўны айцец Ян з Манчэстэру.
Труна зачыненая, на вечку — крыж зь белых хрызантэмаў на яловых лапках, а на белым — яшчэ адзiн крыж з чырвоных ружаў. Пад вечкам чакае заканчэньня зямных фармальнасьцяў старшыня Згуртаваньня беларусаў Вялiкай Брытанii Янка Мiхалюк. Ён адышоў больш за тыдзень таму, але паводле ангельскiх законаў дарога ў iншы сьвет абстаўленая столькiмi працэдурамi, што пахаваньне на дзявяты дзень лiчыцца яшчэ хуткiм.
У раёне Фiнчлi гэтым ранкам апрача насельнiкаў Беларускае каталiцкае мiсii гавораць па-наску некалькi дзясяткаў пераважна немаладых людзей. У аднаго зь iх, спадара Аляксандра Зданковiча, я быў днямi ў гасьцях у графстве Мiдлсэкс, дзе можна пад’есьцi выдатных дранiкаў у выкананьнi мiсiс Зданковiч, родам зь “нямецкай” Швайцарыi, запiваючы iх даволі неблагiм “Кабэрнэ” родам з Малдовы i гартаючы лiсты, якiя з мноствам замiлавальных памылак па-беларуску пiша гаспадару з Масквы былы дысыдэнт Мiхал Кукабака, што на знак падзякi за ўдзел у сваiм вызваленьнi прыслаў спадару Зданковiчу бел-чырвона-белы сьцяжок, зь якiм быў у жнiўнi 1991-га на барыкадах каля расейскага Белага дому.
Пахавальная каманда ў фраках i цылiндрах выносiць невялiкую зграбную труну, i доўгi картэж “іншамарак” выпраўляецца на могiлкi сьвятога Панкраца, дзе беларусы ўжо захапiлi пляцдарм, на якiм вы знойдзеце месца апошняга зямнога прыстанку архiмандрыта Льва Гарошкi, айца Язэпа Германовiча (ён жа — паэт Вiнцук Адважны) i грэка-каталiцкага бiскупа Часлава Сiповiча.
Ангельскiя далакопы не нашмат цьверазейшыя й ахайнейшыя за айчынных, хоць выкiнутая з магiлы зямля акуратна прыкрытая зялёнымi “дарожкамi”.
Падчас разьвiтальных прамоваў адбываецца эксклюзiўнае знаёмства з новым паслом Рэспублiкi Беларусi ў Злучаным Каралеўстве Ўладзiмерам Шчасным, што, не зважаючы на прэзыдэнцкiя выбрыкi, без усякае натугi гаворыць па-беларуску i — новы крок у беларусiзацыi гэтых выспаў — толькi што прыляцеў зь Менску ў Лёндан першым наўпроставым авiярэйсам.
Па дарозе з могiлкаў на памiнкi я спрабую ўявiць, як спадар Мiхалюк ляжаў гэтыя восем дзён у сваiм новым жытле ў скарбовым доме i чаго ён там наслухаўся. Асабiста мне так доўга чакаць не хацелася б. Няхай бы тыя некалькi лiшнiх дзён да перасяленьня на паўтара мэтра глыбей засталiся мне на яшчэ адно падарожжа, на тое, каб скончыць рукапiс, выпiць пляшку добрага вiна i пашаптацца ў ложку з жанчынай, якая, магчыма, яшчэ чакае мяне.

Красавiк, 1995

 

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы