навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

Божая кароўка зь Пятай авэню

 
Зялёны нататнiк
 
Як пасьля пары крышталёвых келiхаў iскрыстай iтальянскай лямбрускi з эратычным букетам захочацца раптам набурболiць кантовую шклянку старадароскае “саматканкi”, як пасьля печаных мiдыяў i салаты з амараў у таемных глыбiнях падсьвядомасьцi народзiцца вострае жаданьне ўкусiць салёнага гурка з прысталым парэчкавым лiстом, як пасьля чорнага з шыпшынавым падбоем тому Борхэса нi з чога нi зь якога заманецца пагартаць празаiка А. Федарэнку, так пасьля прэтэнцыёзных дыярыюшаў, нецьвяроза-гульлiвых зацемак на тэатральных праграмках ды розных iншых вычварэнстваў можа блiснуць здаровая iдэя — угрунтаваўшыся за пiсьмовым сталом, стварыць нарэшце нешта i зьместам i формаю нацыянальна непахiснае.
Праўда, ты ня будзеш, насьледуючы клясыку, лезьцi ў ванну і апранаць белую адпрасаваную кашулю, а, насьледуючы самому сабе, купiш дзьве (а лепей тры) пляшкi чырвонага баўгарскага вiна “Рубiн”, агiдным пiсклявым голасам нахабна адкажаш на тэлефонны званок, што цябе няма дома, разгорнеш свой зялёны нататнiк, нальеш у небiткую шклянку ад фiрмы “Luval” першую дозу i, непрыемна ўражаны спалучэньнем чырвонага й зялёнага колераў, парушыш брыдкую несуладнасьць некалькiмi добрымi глыткамi, а прывёўшы колькасьць паўтарэньняў гэтага манэўру ў строгую адпаведнасьць з колькасьцю дзён тваёй вандроўкi, заўважыш, што ў цябе сапраўды атрымаўся замшэла-традыцыйны падарожны дзёньнiк.
 
15.06. Калi на першым курсе ўнiвэрсытэту мы былi “на бульбе” пад Койданавам, я жыў у глухога дзеда-бабыля. Першай адметнаю дэтальлю iнтэр’еру ягонае хаты была этажэрка з адной-аднюткаю кнiжкай — “Как закалялась сталь”. Другой — рэпрадуктар часоў Малянкова і Кагановiча. Дзедава радыёкропка балабонiла й сьпявала ад ранiшняга гiмну да паўночнага, прычым заўсёды на максымальнай гучнасьцi. Аднаго разу я, ня вытрымаўшы дуэту гаспадаровага храпу і ненавiснай чорнай талеркi, падкраўся да яе ды падкруцiў рэгулятар. Храпеньне iмгненна абарвалася, i дзед зусiм нясонным голасам растлумачыў мне, што за “радзiву” ён плоцiць на ўсю катушку, а таму і гаварыць яна мусiць бесьперапынна. “Ня хочаш спаць, чытай кнiжку!” — сказаў дзед i зноў захроп. Змагаючыся з узгадаванай у школе i ў камсамоле, далiкатна кажучы, непрыязнасьцю да праграмнай савецкай лiтаратуры, я ўзяў з этажэркi знакамiты твор М. Астроўскага. Пад абцёрханай вокладкаю аказалася Эвангельле.
Першае ўражаньне, як i каханьне зь першага погляду, заўсёды падманнае, узгадаўшы койданаўскую iлюстрацыю да праблемы нацыянальнае мэнтальнасьцi, думаю я, назiраючы, як мой сусед, польскi дзед з абсiвераным да бурачковага колеру сялянскiм тварам, штораз падазрона прынюхваючыся, даядае свой дэсэрт: акуратна высыпае ў рот пакецiк солi, сьледам — чырвонага перцу, потым — пакецiк сухiх вяршкоў, за iмi — цукру i ўрэшце запiвае гэтыя самалётавыя прысмакi несалодкай гарбатаю. Тым часам перад нашым “Боiнгам” з акiянскае сiнечы вырастае фантастычны айсбэрг Грэнляндыi.
Польская авiякампанiя “Lot” частуе так шчодра, што я расплюшчваю вочы ўжо над паўночнай Канадаю, дзе Госпад дасхочу паштукарыў, ствараючы раскiданыя па тамтэйшай тайзе азёры, у абрысах якiх можна пазнаць то сплеценых у экстазе каханкаў, то нянаскага зьвера жырафу, то вершнiка, што гонiцца за адным маiм знаёмым прэзыдэнтам...
Пашпартны кантроль у нью-ёрскiм аэрапорце Кенэдзi зноў змушае ўспомнiць хату койданаўскага эвангелiста: пад скураной абгорткаю з “Пагоняй” амэрыканскi памежнiк знаходзiць тую самую “краснокожую паспортину”, але, у адрозьненьне ад свайго калегi зь лёнданскага аэрапорту Гiтроў, усё ж не выпраўляе ў маёй анкеце “Belarusian” на “Russian”.
Першае пытаньне, якое я чую з вуснаў заакiянскiх беларусаў: цi праўда, што нехта восем начэй запар уздымаў над Маладэчанскiм гарсаветам бел-чырвона-белы сьцяг?
 
16.06. У царкве сьвятога Кiрылы Тураўскага ў Рычманд-Гiле, Нью-Ёрк, уваччу зьнячэўку паплылi менскiя “кадры” з Домам ураду да і пасьля рэфэрэндуму. Калi і вы захочаце пракруцiць гэтую “хронiку”, дык пераканаецеся, што наш сьцяг сапраўды лунаў. Гэта было ягонае неба, у якое ён iмкнуўся, зь якiм суладна зьлiваўся, нечым нагадваючы бусла, якога за выкапанымi прэзыдэнтам памежнымi слупамi ўжо амаль не сустрэнеш. А паспрабуйце ўявiць, каб лунаў сьцяг “усенароднапрэзыдэнцкi”. Ну што пра яго скажаш? Вiсiць, трымцiць, трапечацца... Прадчувае свой лёс.
Перад срабрыста-зялёным паралелепiпэдам ААН над Iст-Рывэр на флагштоку пакуль што кожную ранiцу ўздымаюць сьцяг, надзелены здатнасьцю лунаць. Яго маленькiя бел-чырвона-белыя копii можна набыць у аанаўскай сувэнiрнай крамцы ў выглядзе настольных сьцяжкоў, значкаў i брыжыкаў.
Выбiраючы сабе тавар, па вачах мурына-гандляра заўважаю, што ён яўна нешта чуў. Цi застаюцца гэтыя сьцяжкi нацыянальнымi? — занепакоена пытаецца мурын. Пытаньне сфармуляванае так удала, што я магу, не пазычаючы нi ў кога вачэй, запэўнiць вiзавi, што застаюцца, а каб адказ прагучаў больш важка, прашу яшчэ дзясятак “падрыўных” брыжыкаў.
Побач з будынкам Аб’яднаных Нацыяў вы можаце агледзець падарунак СССР — твор скульптара Вучэцiча “Перекуем мечи на орала”. Хтосьцi з турыстаў пакiнуў каля гэтай адлiтай у мосенжы савецкай абяцанкi-цацанкi прыцiснутую каменьчыкам газэтную старонку з фатаздымкамi зруйнаванага Грознага i радка трупiкаў чачэнскiх дзяцей.
Люксэмбурскi падарунак у выглядзе ўсталяванага на п’едэстале пiсталета з завязанай на вузел руляю выдае больш шчырым.
Ужо ў касмапалiтычным Нью-Ёрку (у глыбiнцы любая традыцыя трыкроць мацнейшая) на кожным кроку сустракаесься з культам амэрыканскага сьцягу. Дагледжаныя зорна-паласатыя палотны зьвешваюцца з падваконьняў, аздабляюць дахi, вiтрыны i ўваходы ў офiсы. Каб у Менску цi ў Полацку я ўбачыў столькi чырвона-зялёнай тканiны, дык заставалася б адно намылiць вяроўку. Аднак гэткая сьмерць мне не пагражае. Цi здольныя вы ўявiць здаровага грамадзянiна Рэспублiкi Беларусi, якi на досьвiтку ўрачыста ўздымае прэзыдэнцкi сьцяг каля свайго дому, а ўвечары ня менш урачыста спускае яго ў промнях нiзкага сонца?
Мiж тым такую цырымонiю зь сцягам ЗША я зноў i зноў назiраю з аўтамабiля, за рулём якога — мой даўнi знаёмы, жыхар штату Пэнсыльванiя Васiль Мельяновiч. У зеленаватай смузе адплываюць падобныя да зробленай Гулiвэрам выцiнанкi абрысы мангэтанскiх хмарачосаў. Мы едзем да Васiля ў амэрыканскi Гановэр. Сёе-тое пра адносiны майго кiроўцы да Беларусi могуць сказаць драбнiцы: два цыфэрбляты на гадзiньнiку, стрэлкi якiх паказваюць час з разьбежкаю на сем гадзiнаў...
Калi хтосьцi мяркуе, што самая кансэрватыўная ў заходнiм сьвеце краiна — Вялiкабрытанiя, дык паездка па амэрыканскiх аўтастрадах моцна пахiсьне гэтую ўпэўненасьць. У адрозьненьне ад уладаньняў яе вялiкасьцi каралевы, тут вы нiдзе не сустрэнеце нi дарожных паказальнiкаў з кiлямэтрамi — суцэльныя мiлi (а на гольфавых пляцоўках — ярды й iнчы), нi бэнзазаправак з коштамi за лiтар. Як вам ня проста ўцямiць, што такое галон, так ня кожнаму тубыльцу ўтлумачыш, што такое кiляграм. Пра тэмпэратурную шкалу Цэльсiя ён нешта чуў, але карыстаецца выключна градусамi паводле Фарэнгайта, збольшага знаёмымi нам дзякуючы раману Рэя Брэдбэры, што, як мне памятаецца, некалi зьбiраўся пасьля пяцiдзесяцi гадоў канчаць жыцьцё самагубствам, бо лiчыў, што за гэтай мяжою жыць мужчыну ўжо проста няварта, але вось пасьпяхова жыве далей, маючы магчымасьць гэтаксама, як i мы, са смакам павячэраць на мяжы штатаў Дэлавэр i Мэрылэнд i выпiць кубачак кавы на мяжы Мэрылэнду з Пэнсыльванiяй.
 
17.06. Вынiкi падарожжа па заснаваным землякамi Гётэ й Шылера ўтульна-двухпавярховым Гановэры падводзяцца ў швэдзкай рэстарацыi: $8 за ўваход, i маеш права, нiчога больш ня плацячы, не выходзiць, пакуль ня зробiцца млосна. Мяркуючы па аб’ёмах добрай паловы наведнiкаў, менавiта такiм чынам яны й звыклi бавiць вольны час.
Едучы па спадзiстых, як у нас на Наваградчыне, зялёных пэнсыльванскiх узгорках, гаворачы з спадарожнiкам па-беларуску, слухаючы касэтку з запiсамi фальклёрнага гурту “Янка”, сустрэтага спадаром Васiлём у падземным пераходзе каля Камароўкi, ловiш сябе на тым, што ты ўжо неўпрыкмет прыняў iснаваньне гэтае iдэальнае Беларусi з кандыцыянэрамi ў машынах (на вулiцы 90° паводле Фарэнгайта) i “Макдоналдзамi” на ўзбочынах як рэальнасьць i нават пасьпеў досыць выгодна ўладкавацца ў ёй.
У доме ў Мельяновiча iлюзiя адно мацнее: беларуская бiблiятэка, калекцыя ручнiкоў, абразы, беларуская мова ў тэлефоннай слухаўцы... Апрача ўсяго iншага з пошты прывозяць пульхную капэрту беларускае пэрыёдыкi. Як у дзiцячай гульнi, наўздагад выцягваеш адтуль нумар менскага часопiсу “Беларуская думка”, наўздагад разгортваеш яго, i на зьмену iлюзiйнай Беларусi прыходзiць рэальная, што прамаўляе да цябе голасам паэта Б. Спрынчана:

Что ему хулители? Ничто!
Он в сознанье поколений врос,
И в своем простреленном пальто
На ветрах маячит, как Христос
.

Згадаўшы лёзьненскi iнцыдэнт з замахам на кандыдата ў народныя прэзыдэнты, можна падумаць, што гэта пра Аляксандра Рыгоравiча. Аж не, пакуль што пра Ленiна. Цалкам здаволены першым творам Апалён ужо ня клiча творцу да новай сьвятой ахвяры, але паэт не дазваляе сабе палёгкi і спрабуе яшчэ раз авалодаць музаю. Тая баронiцца, колькi змогi, словы разьбягаюцца з радкоў, быццам прусакi, аднак задыханы, распалены высокiм грамадзянскiм пачуцьцём творца ўсё ж дамагаецца свайго.

Тем, что вижу, наполняю строки:
В Смиловичах, Лельчицах, Ушачах
Вкалывает каменщик на стройке,
Тракторист на пахоте ишачит.

А у водоемов Беларуси
Хищники гнездятся хорошенько.
Кто они? — дознаться не берусь я,
Если не поможет Лукашенко.

Браво, товарищ стихотворец! Колькi сапраўднай выпакутаванай паэзii ўжо ў адных толькi “водоемах Беларуси”! Глядзiш, хто-небудзь з самых вэртыкальных павесiць за такiя рыфмы мэдаль Францiшка Скарыны, а мо й зацьверджаны, як нi дзiўна, Вярхоўным Саветам ордэн К. Калiноўскага. Хоць лепей, вядома, спачатку параiцца з народам i правесьцi рэфэрэндум: цi вы “за” новыя ўзнагароды ды iхную iнтэграцыю з Расеяй, цi вы супраць нашага прэзыдэнта? Калi “за”, дык Калiноўскага заменiм на Мiхаiла Мураўёва, а Скарыну, што, безумоўна, таемна спачуваў БНФ, ну хоць сабе на маскоўскага князя Васiлiя III, за якiм у “первопрестольной” заслужана палiлi арыентаваную на агрэсiўны Захад Францiшкаву “Бiблiю”.
 
18.06. Ваколiцы Вашынгтону нагадваюць краявiды, што плывуць за вакном цягнiка, калi пад’яжджаеш да Вiльнi з боку Новае Вялейкi: зялёныя асмужаныя горы, яры і нават гатычныя сьпiчакi.
Пасьля Нью-Ёрку горад выдае правiнцыйным — не раўнуючы, як пасьля Менску наш Слуцак. Беларускае пасольства на вулiцы Нью-Гэмпшыр, 1619. Кажуць, тры днi таму пасол Мартынаў загадаў спусьцiць бел-чырвона-белы сьцяг. Ня ведаю, хто загадаў яго падняць зноў, але я фатаграфуюся пад тым самым сьцягам, якi ў верасьнi 1991-га мы з Сокалавым-Воюшам ды iншымi нацыяналiстамi вешалi над Полацкiм гарсаветам i якi, будзьце пэўныя, мы раней цi пазьней павесiм iзноў.
Праз пару кварталаў вулiца перакрытая палiцыяй: дэманстрацыя сэксуальных меншасьцяў. Наперадзе гурма жыцьцярадасных гомасэксуалiстаў зь вясёлым гiканьнем цягне зладжанага з блакiтных i бэзавых паветраных шарыкаў даўжэзнага, ярдаў на пятнаццаць, цмока. Шчыльнымi шыхтамi праходзяць стройныя хлопцы ў жаночых сукенках. Газуюць у бок Белага дому актыўныя лесьбiянкi на зiхоткiх “Ямахах” i “Хондах”. Прагарцавала тройка мазахiстак, запрэжаных у вазкi з сваiмi садысткамi. Туга падперазаўшыся навюткiм калючым дротам, засяроджана прадэманстравалi мужчыны-мазахiсты ў сталёвых аброжках з кольцамi для ланцугоў. На ўзьбярэжжы гэтай бясконцай ракi гетэрасэксуальны глядач трапляе ў абладу непрытульнага адчуваньня, што сэксуальная меншасьць — гэта не дэманстранты, а ён сам. Каб пазбыцца дыскамфорту, публiка пачынае адпускаць зьняважлiвыя рэплiкi наконт таго, што вашынгтонская працэсiя — дрымучая самадзейнасьць. Маўляў, сапраўднае сьвята “блакiтных” будзе сёньня ў Нью-Ёрку: там i алiмпiйскi чэмпiён у скачках у ваду Грэг Луганiс, i таварыства садамазахiстаў iмя Ўленшпiгеля, i нацыянальныя калёны гасьцей з усiх куткоў сьвету.
(Вечаровыя тэлепраграмы цалкам пацьвердзiлi прагнозы. Унiз па нью-ёрскай Пятай авэню ехалi ахвяраваныя пiваварным канцэрнам “Мiлер” плятформы з маляўнічымі жывымі кампазыцыямі, маршавалi блакiтныя аддзелы вайсковых вэтэранаў i палiцэйскiх чыноў, сiвенькая бабуля чыкiляла пад лёзунгам “Госпад блаславiў мяне двойчы: сын — гомасэксуалiст, дачка — лесьбiянка...” Расейскi нацыянальны кантынгент рухаўся перадапошнiм, ззаду заставалiся толькi палякi. Сьвята набыло такое разгарненьне, што газэта “Новое Русское Слово” пiсала: “Городские власти дали голубым потачку и позволили им маршировать мимо собора Св. Патрика, где от демонстрантов ожидали выходок типа прошлогодних и заготовили поэтому охапки пластиковых наручников и стопки желтых одеял для немеденного покрытия оголившихся. Когда мы подошли к собору, там было столько полиции, как будто приехал папа римский или Клинтон; если бы у Зимнего было столько ментов в октябре 1917-го, всем нам не пришлось бы мучиться на чужбине”.)
Ня выключана, што вам, як i мне, калi-небудзь таксама ўмроiцца кiнуць вока на залю Вярхоўнага Савету РБ, дзе прымалi Канстытуцыю, зьбiвалi дэпутатаў ад апазыцыi ды нацiскалi кнопкi за аднаўленьне “праздника Великого Октября”. Як той казаў, i хочацца, i рагочацца: на шляху ў цьвярдыню нашае дэмакратыi паўстане трайная заслона спрактыкаваных у яе абароне бамбiзаў. А вось у будынак амэрыканскага сэнату кожны — абы ахвота — зойдзе без усякiх прапустак, спэцдазволаў i татальных шмонаў. Нагледзеўшыся ў кулюарах на парадныя партрэты і бюсты тамтэйшых прэзыдэнтаў, вы прысядзеце на бальконе залi паседжаньняў i паразважаеце, хто і калi станецца героем i аўтарам першага такога партрэту ў Рэспублiцы Беларусi.
Нягледзячы на тое, што ў гады студэнцтва мне давялося ўдзельнiчаць у крутой разборцы з мурынамi, я так i не зрабiўся перакананым расiстам. Таму маё сьведчаньне будзе больш каштоўнае, чым у якога-небудзь ку-клукс-кланаўца: калi вы раптам заўважыце, што вакол брудна, што ходнiкi густа запляваныя, а з будынкаў абсыпаецца тынк, што жанчын не прапускаюць наперад, а на другiм пляне кагосьцi прыцiскаюць да сьцяны — ведайце, што трапiлi ў чорныя кварталы. Там белыя не жывуць i бяз скрайняй патрэбы стараюцца не зьяўляцца.
Вяртаючыся з Вашынгтону, зварочваем з аўтастрады ў Балтымор, дзе на паркiнгу каля затокi машына з мурынамi, iгнаруючы доўгую чаргу, сходу заяжджае на вольнае месца, i тэма дачыненьняў чорных i белых атрымлiвае працяг. У прыватнасьцi, я даведваюся пра iснаваньне ў Балтыморы раёну пад назовам Little Italy (Маленькая Iталiя), якi тутэйшыя мурыны абыходзяць за мiлю, бо апрача звычайнай палiцыi сваю службу бясьпекi мае там i Коза Ностра. У якасьцi доказу яе эфэктыўнасьцi мне прапануюць чульлiвую гiсторыю пра трох залётных чарнаскурых, якiя праз трагiчную недасьведчанасьць нядаўна абрабавалi ў Маленькай Iталii ўтульны рэстаранчык, а за адным разам — каб не прападала дабро — згвалцiлi гаспадарову дачку. Нiхто з пацярпелых i ня думаў зьвяртацца ў палiцыю. Але праз колькi дзён на хвалях затокi цiхамiрна пагойдвалiся тры добра прасмаленыя бочкi. Хто плыў у бок акiяну ў меру пасолены i паперчаны (перапрашаю за гастранамiчную дэталь), вы ўжо здагадалiся.
 
19.06. Цi былi ў малых цялятак з саўгасу “Гарадзец” Шклоўскага раёну, дзе кiраваў раней наш прэзыдэнт, вось такiя iндывiдуальныя буданчыкi? Але ж i жартаўнiк вы, спадар Мельяновiч!
Ну, а калi вы цалкам паважна зьбiраецеся падкiнуць экс-дырэктару iдэю адправiць усiх беларускiх дэпутатаў, што галасуюць супраць прыватнай уласнасьцi на зямлю, на пару тыдняў у ЗША, дык я гэтаксама паважна прапаную вам неадкладна патэлефанаваць з гэтае нагоды ў Вярхоўную Рэзыдэнцыю ў Менск. Што з гэтага атрымаецца, вам распавядзе беларускi пiсьменьнiк з Таронта Кастусь Акула, якi спрабаваў тактоўна пацiкавiцца, чаму прэзыдэнт не павiншаваў з Днём Перамогi беларусаў, што ваявалi з фашызмам у войсках хаўрусьнiкаў i жывуць цяпер у заходнiм паўшар’i.
Тэлефанаваць мы, напэўна, возьмемся ўвечары, а пакуль едзем на тутэйшы аўкцыён. У будынку былой станцыi з масiўнымi бэлькамi i пацямнелай ад часу (ды колькасьцi разьлiтага вiскi) стойкаю бару, дэманструючы даўнiя беларуска-амэрыканскiя культурныя сувязi, самi сабою вынырваюць з памяцi героi полацкага фальклёру часоў майго дзяцiнства — трое неразлучных каўбояў, якiя невылазна сядзелi ў салуне ў аднавокага Гары. Працяг вы, магчыма, таксама памятаеце:

Вдруг заходят туда
Человек восемнадцать
И ковбоям они
Предлагают убраться.

Мы сьпявалi пад гiтарны акампанэмэнт майго сябра Вовы Цымэрмана, i нашыя кулакi налiвалiся мужнасьцю, рыхтуючыся да новых сутычак з заклятымi ворагамi з Задзьвiньня, дзе густа стаялi вайсковыя часткi i рэй вялi афiцэрскiя сынкi, якiя называлi моркву “морковью”, а адвечных дзьвiнскiх курмялёў “пескарями”.
Аўкцыённая публiка ўражвае сваёй стракатасьцю ня менш за выстаўлены тавар: шыкоўныя кандэлябры з Расеi часоў Аляксандра II i блiзка знаёмыя з мольлю старасьвецкiя капялюшыкi, недабiтае кухоннае начыньне й антычная манэта, стракатыя пэнсыльванскiя посьцiлкi зь нямецкiм радаводам i замытыя мужчынскiя майткi з расьцягнутымi гумкамi, якiя ў нас у Полацку называюць проста “сямейнымi”. Цэдзячы пэпсi зь лёдам, мне падабаецца выдумляць сюжэты твораў, галоўная эстэтычная вартасьць якiх у тым, што яны нiколi ня лягуць на паперу. Выпетраны на жардзiну i белы як лунь стары набывае за пяць даляраў трэснуты зялёны кубак з адбiтаю ручкай не таму, што зьдзяцiнеў, а на памяць пра жонку-нябожчыцу, якая ўсё жыцьцё здраджвала яму зь ягоным сябрам, зь якiм аднойчы incognito лётала на тры днi ў Парыж, адкуль i прывезла мужу такi самы кубак, паведамiўшы, што набыла яго, гасьцюючы ў сяброўкi ў Флорыдзе. А вунь тая прыгожанькая (пакуль не заўважаеш яе несупыннага цiку) маладзёнка выкладвае даляр за мiнiятурную парцалянавую ступку, як дзьве кроплi вады падобную да той, дзе яна гатавала атруту багатай старой цётухне, што, як неўзабаве высьветлiлася, прадбачлiва адпiсала ўсю маёмасьць улюбёнай котцы...
Аднак усё гэта хутка пачынае раздражняць, i я разгортваю на каленях сьвежы нумар часопiсу “Вестник”. З гэтага балтыморскага выданьня вы ўведаеце безьлiч карыснага: вось кароль азартных гульняў Доналд Трамп абвяшчае пра цяжарнасьць роднае жонкi; вось тэкст вашынгтонца Мiхаiла Гольдэнбэрга пра тое, як К. Бальмонт з I. Севяранiнам на эмiграцыi выцыганьвалi грошы ў Сяргея Рахманiнава; вось iнтэрвiю зь лiтаратарам Ю. Дружнiкавым, што здабыў славу як аўтар кнiжкi “Вознесение Павлика Морозова” (самыя цiкавыя мясьцiны iнтэрвiю — прызнаньне, што “по национальности я интеллигент” i цытата з К. Чапэка, дзе крытык кажа пiсьменьнiку: “Вы павiнны пiсаць так, як пiсаў бы я, каб умеў”).
Чакайце-чакайце, а гэта што?! БНФ, Сяргей Антончык, Зянон Пазьняк, “который в чем-то очень похож на Гамсахурдия, Дудаева и Жириновского вместе взятых”... Гэта Iосiф Калюта (Менск) i Ўладзiмер Левiн (Нью-Ёрк) знаёмяць навакольную расейскамоўную публiку з нашымi палiтычнымi заварушкамi. Дзякуючы адначасоваму погляду з розных бакоў акiяну, сытуацыя набывае вусьцiшную стэрэаскапiчнасьць, i беларускага чытача чакаюць адкрыцьцi, якiх нiколі ня зробiш, невылазна седзячы на айчынных купiнах. Мы чулi, напрыклад, толькi пра аднаго дэпутата Навумчыка, а на ўсходнiм узьбярэжжы Атлянтыкi, высьвятляецца, што iх — двое: “Координатор парламентской оппозиции Белорусского народного фронта Сергей Наумчик не устает повторять, что БНФ политику первого президента не приемлет. Другой депутат — бывший идеологический секретарь Витебского обкома партии Иосиф Наумчик — хочет помочь президенту. Два Наумчика, два депутата, стоящие по разные стороны политических баррикад — отец и сын. Помните, мы еще песню такую пели вдохновенно: “И нельзя сыновьям отставать от отцов хоть на малость, потому что идут по дороге отцов сыновья”. — “Не идут!” — скрушлiва канстатуе “Вестник”. Але ўсе дробныя выдаткi такога кшталту блякнуць у параўнаньнi з загалоўкам артыкулу: “Лука Мудищев — резидент российской разведки”. Як кажа ў хвiлiны натхненьня мой знаёмы пiсьменьнiк Вiнцэсь Мудроў: “Ну, кенты, трымайце мяне...”
 
20.06. Хоць уначы, далiбог, нiчога такога ня сьнiлася, чамусьцi прачынаюся з захраслымi ў памяцi словамi Калiгулы: “Вы нiяк не зразумееце, што я чалавек просты”.
Пасьля гарбаты ды блiнцоў з кляновым сыропам я адлятаю з Балтымору ў Клiўлэнд. Па дарозе ў аэрапорт спыняемся ля катэджу з шыльдачкай: Leon Kavalov. Барадаты і дабрадушны, у шортах i футболцы, беларускi старавер Лёва вядзе нас у акуратны да стэрыльнасьцi садок, дзе пад адцьвiлаю лiпай стаiць стол з двума крэсламi. Краявiд аздабляюць амаль дэкаратыўныя грады з памiдорамi, бурачкамi, рэдзькай i паскам валошак.
Увечары я ўжо буду сядзець пад лiпаю ў Стронгсўiле пад Клiўлэндам, штат Агаё. Мае гаспадары зь беларускага культурнага цэнтру “Полацак” успомняць, як спачатку хацелi назваць свой цэнтар “Палесьсем”, бо, на iх думку, самай дзейснай часткаю беларускае эмiграцыi заўсёды былi палешукi, а я, пацягваючы ледзяное пiва, раскажу, як у той час, калi яны будавалi тут храмы i вучылi дзяцей у беларускай школе, у нас, у беларускiм Полацку, прыежджая набрыдзь гадавала ў занядбаным Крыжаўзьвiжанскiм саборы сьвiньняў, а беларускую мову ў маёй клясе вывучала восем чалавек з трыццацi двух. Пад нагамi будуць дасьпяваць сунiцы. Над азярынаю мякка расьсьцелецца туманец. З высокай травы, наставiўшы рудавата-шэрыя вушы, да размовы будзе прыслухоўвацца тутэйшы нацыяналiстычна настроены трусiк. Вавёркi, як i належыць жанчынам, будуць цiкавiцца палiтыкаю значна меней. А яшчэ менш зацiкаўленьня выявiць нейкi падобны да хамяка дробны зьвер, якi будзе тупа глядзець на нас, нагадваючы прадстаўнiка той часткi электарату, што год таму дружна галасавала за танную гарэлку i тэлевiзар зь лядоўняю за кошт iндэксацыi ўкладаў, а потым вуснамi майго вечна п’янога серабранкаўскага суседа Камiнтэрна пасьля iмгненнага падаражаньня яго самага запаветнага прадукту харчаваньня казала мне: “Нiкаму, Воўка, няльзя верыць, нiкаму”, i верыла далей, i цягнулася 14 траўня 1995 году на выбарчыя ўчасткi раней за ўсiх — пахмялiцца й аддаць свае галасы, каб мы хутчэй дасягнулi таго жыцьця, якое ў нас ужо было.
 
21.06. У клiўлэндзкай царкве Жыровiцкай Божай Мацi вiсiць сьпiс з 128 прозьвiшчамi дарослых прыхаджанаў. Сцэну прыцаркоўнае залi некалi размалявала ў духу францускага мытнiка Анры Русо беларуская дзяўчынка Лiда Лазар. Зубры, бярозавы гай, палоска жыта, мацi зь дзiцём на каленях. У руках у малога сьцяжок накшталт таго, што на футбольным матчы Беларусь—Галяндыя пасьля рэфэрэндуму адабраў у майго малодшага сына менскi мiлiцыянт з “Пагоняю” на кукардзе. Найбольшай праблемаю было намаляваць хаты, бо юная мастачка нарадзiлася ўжо ў эмiграцыi. Хаты атрымалiся адметныя: гiбрыды ўкраiнскiх мазанак i таiцянскiх бунгала з палотнаў Гагена.
Клiўлэнд вылучаецца цi не найбольшай у ЗША колькасьцю жыхароў-перасяленцаў з Усходняе Эўропы. У гэтым яшчэ раз пераконваесься ў гарадзкой публiчнай бiблiятэцы, дзе iснуюць прыстойныя зборы кнiжак на польскай, лiтоўскай, харвацкай, украiнскай ды дзясятку iншых моваў. Высокi стэляж з сотнямi беларускiх кнiжак. Неабдымная ўкраiнка ў вышыванцы, адрываючыся ад кампутара, тлумачыць, што набыцьцё кожных 60 беларускiх выданьняў робiцца падставаю для выпуску iнфармацыйнага бюлетэню. Затрымлiваюся каля кнiжак клiўлэндца Аўгена Калубовiча.
Ягоны апошнi зямны прыстанак я знаходжу на мясцовых могiлках сярод iншых надмагiльляў зь беларускiмi прозьвiшчамi: Карнiловiч, Лук’янчык, Дурэйка, Гасьцееў. На помнiку пiсьменьнiку — выява крыжа Сьвятой Эўфрасiньнi. Пад датамi жыцьця можна прачытаць: “Wife Inna 1906 — ”. “Wife Inna” — гэта ўдава Iна Каханоўская (яна ж — пiсьменьнiца Аляксандра Саковiч).
Спадарыня Iна ставiць на стол яблыкi і памаранчы. Невялiкая розьнiца ў гадах тым ня менш дазволiла нам трапiць у адну часавую “капсулу”. Мы абое былi знаёмыя з гiсторыкам Мiколам Улашчыкам, а ў яе родных Ярэмiчах я вудзiў рыбу, калi плыў зь сябрамi ад вытокаў Нёману да Балтыкi. Мы з гаспадыняю вучылiся на адным факультэце БДУ; праўда, яна — у Пiчэты і Доўнар-Запольскага, а я — у Абэцэдарскага. Што там у Менску? Апошнiя падзеi, вядомыя з ранiшняга званка дахаты, — забарона канцэрту беларускiх рок-гуртоў, ладжанага з нагоды Купальля ды ўгодкаў разгону радыёстанцыi “Беларуская маладзёжная”.
Пад’яжджаючы да яшчэ аднаго клiўлэндзкага беларускага дому — сакратара часопiсу “Полацак” Мiхася Белемука й ягонай жонкi, нядаўняй мянчанкi Тамары (сёньня яна якраз атрымала зялёную iмiграцыйную картку i з гэтае нагоды нас чакае ружовае калiфарнiйскае шампанскае), — знаёмлюся з узорам мясцовага беларускага гумару. Шараговы жыхар Клiўлэнду Мiхась Рагуля пасьля грунтоўнага наведваньня бару сядае за руль i выпраўляецца дахаты. “I ты, Мiхась, у такiм выглядзе едзеш?” — спынiўшы яго, дакорлiва пытаецца тутэйшы палiсмэн, таксама беларус. “А ты, Пятро, хочаш, каб я ў такiм выглядзе iшоў?” — адказвае наведнiк бару.
 
22.06. Афiцыйная сустрэча з “палачанамi”. Прысутнiчае дваццаць пяць чалавек плюс пара вавёрак плюс камарэча. Чытаю сваё напiсанае ў 1990-м эсэ “Незалежнасьць — гэта...”, якому, вiдаць, з кожным годам наканавана рабiцца ўсё актуальнейшым. Колiшнiх гадаванцаў клiўлэндзкай беларускай школы Вiктара i Джо пiва цiкавiць вiдавочна больш за нашу палiтыку. Нягледзячы на даволi прыстойную беларускую мову, iхняя радзiма — Амэрыка.
Яшчэ адзiн званок у Менск. З нагоды заявак на правядзеньне грунвальдзкiх урачыстасьцяў абласныя прэзыдэнцкiя вэртыкальшчыкi лiхаманкава высьвятляюць, цi не расейцаў разьбiлi пад Грунвальдам нашыя продкi. Пасьля гэткае навiны неапэтытныя калiзii позьняга фiльму жахаў успрымаюцца зь нейкiм асаблiвым настроем i ператвараюцца, так бы мовiць, у алюзii: група рэанiмаваных сатанiнскаю сiлай таварышаў, перапрашаю, — мерцьвякоў захоплiвае гарадзкi крэматорый i заместа спаленьня трупаў запускае iх пасьля адпаведнае апрацоўкi назад да жывых.
 
23.06. Усе сны былi апанаваныя мерцьвякамi ў розных знаёмых аблiччах. Перакульваючы недаравальна лёгкiя надмагiльныя помнiкi, яны прутка выскоквалi з трунаў, атрасалi з дыхтоўных гарнiтураў зямлю і пачыналi выступаць з дакладамi, сустракацца з працоўнымi, уздымаць сьцягi, езьдзiць зь мiгалкамi, лавiць для сваiх досьледаў прыгожых дзяўчатак i загадваць немерцьвякам пiсаць заявы з указаньнем таго, хто на якой мове хоча гаварыць...
Адмыць сьвядомасьць ад тагасьветнага мярзоцьця, напэўна, здолее толькi Нiягарскi вадаспад, куды вязе мяне на сваiм “траку” прэзыдэнт “Полацку” Янка (ён жа — Джон) Ханенка. Як на амэрыканскiя сумеры, дык падарожжа з разраду недалёкiх — нейкiя 600 мiляў цi трохi болей, бо заедзем яшчэ ў Рочэстэр на полудзень да Натальлi Арсеньневай.
У адзiн цудоўны дзень 1974 году марак савецкага гандлёвага флёту Iван Ханенка ў кампанii двух таварышаў зайшоў у пракляты капiталiстычны супэрмаркет i ў хуткiм часе выйшаў адтуль адзiн, каб заявiць палiцыi, што вырашыў застацца ў Амэрыцы. У нью-ёрскiм аэрапорце яго сустрэне прадстаўнiк Талстоўскага цэнтру князь Галiцын, якi па дарозе ў сваю сядзiбу, да Талстых i Радзянкаў, пачастуе Янку абедам у шыкоўным рэстаране i чамусьці ня выявiць захапленьня, калi на пытаньне пра нацыянальнасьць марак упэўнена адкажа: беларус. (Прыйдзе дзень, калi сярод iншае карэспандэнцыi Ханенка атрымае рахунак за той абед.)
“Цела тут, а душа там, у Беларусi”, — пасьля доўгае пярэрвы гаворыць наогул далёкi ад сэнтымэнтальнасьцi Янка.
Мы ўжо круцiмся па вулiцах Рочэстэру, дзе з сынам Уладзiмерам, унучкаю й двума сабакамi жыве легенда нашай паэзii.
Стол сабраны ў садзе пад чарэшняй.
Спадарыня Натальля лiчыць, што паэтаў у беларускай лiтаратуры сёньня меней, чым дваццаць гадоў таму. Прамовiўшы колькi словаў, яна замаўкае, засяроджваецца на нечым сваiм, i тады здаецца, што ў 92 гады чалавек i павiнен углядацца ў iншыя сфэры, а не шчыраваць з гасьцямi. Аднак зьнячэўку гаспадыня падымае сваю шклянку з содавай (але і з глытком вiскi) i кажа саркастычны тост з палiтычнай падкладкаю.
Высьвятляецца, што аўтарка гімну “Магутны Божа” ўглядалася ў маладосьць, у тыя днi, калі ўпершыню пачула беларускую мову. Сям’я вярталася ў 1920-м зь бежанства й затрымалася ў вёсачцы пад Дрысай. Гаспадароў звалi Юркам i Аўдоцьцяй. Уначы Наташа прачнулася ад таго, што за шафай Юрку пацягнула на любошчы, аднак гаспадыня не згаджалася, бо ў хаце былі чужыя людзі: “Ня лезь, а то юшку спушчу!” Асаблiва расхвалявала дзяўчыну сваёй таямнiчасьцю гэтая “юшка”.
“Раку пад Дзьвiнскам перахозiлi па лёдзе”.
“У Вiленскай беларускай гiмназii адчула: гэта — маё!..”
У 40-м годзе яна iшла з Максімам Танкам, Міхасём Машарам i Айзiкам Кучарам па Менску. Танк загаварыў, i напалоханы Кучар кiнуўся да яго: “Цiшэй, цiшэй! У нас у Менску так гучна гаварыць па-беларуску не прынята!”
Фатаграфуемся на памяць каля кветнiку з валошкамi й белымi лiлеямi (iх вельмi любiла і Ларыса Генiюш).
Арсеньнева доўга глядзiць нам усьлед.
Нам, цi, можа, Беларусi?..
А ў штаце Нью-Ёрк, як i ў беларускiх вёсках пад Полацкам, Дзьвiнскам i Вiльняй, цьвiла бульба. Усьцяж дарогi гандлявалi сухаватымi нясмачнымi трускаўкамi, а з узбочыны сумнымi жаночымi вачыма глядзелi на нас тры сарны.
Па-над кiпеньню вадаспаду пахла шыпшынавай квеценьню. Каля парэнчаў беспардонна цiскаў белую жанчыну чалавек, у якога белымi былi адно штаны. Жанчыне гэта яўна падабалася. Унiзе стаяў параходзiк, якi неўзабаве, няўзнак завярнуўшы на канадыйскую акваторыю, павязе нас пад самую выгбу нiягарскай вясёлкi, дзе ў срэбным воблаку вадзянога пылу мне нарэшце ўдасца канчаткова загнаць зграю начных мерцьвякоў у вiварый i зачынiць iх там на замок разам з усiмi iхнімi чорнымi членавозамi i рэзыдэнцыямi, у навакольлi якiх жывым людзям раяць не падыходзiць бязь пiльнае патрэбы да вокнаў i не рабiць на iх тле нiякiх рэзкiх рухаў.
 
24.06. Каб зiрнуць, як жэнiць сына Колю доктар Ала Орса-Рамана, мне даводзiцца пераадолець уначы яшчэ 400 мiляў i тры штаты. Зь беларускае калёнii ў Нью-Брансўiку пад’яжджаю да Нью-Ёрку ў машыне з эмiгрантамi зь Беласточчыны. I старыя, i маладыя моцна трымаюцца беларушчыны. “Цi Майкл драйвуе карам?” — цiкавiцца адзiн з маладых. “Драйвуе, драйвуе”, — з адметным акцэнтам адгукаецца з задняга сядзеньня жвавая бабуленцыя з-пад Гайнаўкi.
Вянчаньне ў вядомым сваёй талерантнасьцю ўнiвэрсытэцкiм езуiцкiм касьцёле. Служаць па чарзе каталiцкi патэр i праваслаўны бацюшка. Як зазвычай бывае падчас супольных набажэнстваў i ў Беларусi, сьвятары распачынаюць спаборнiцтва. Дзякуючы беларускаму хору верх зь яўнай перавагаю бярэ айцец Васiль. Нявеста паходзiць з ужо цалкам амэрыканiзаваных iталiйцаў, а таму беларускi бок (сваты, “Лявонiха”, каравай) упэўнена перамагае і падчас вясельнае бяседы.
Застолiцу вам у нейкай ступенi дапаможа ўявiць аповед Э. Лiмонава “Юбiлей дзядзi Iзi”. Публiка, вядома, сабралася не такая чарнявая, але наконт iкры i ростбiфаў усё было о’кей.
Рэстаран уладкаваўся над самай Iст-Рывэр, памiж двума мастамi з гiрляндамi блакiтных лямпачак, якiя глядзелiся неяк правiнцыйна i нараджалi ў нецьвярозай душы тугу па Бацькаўшчыне.
Я выцягнуў з кiшэнi зялёны нататнiк i помсьлiва запiсаў ключавую фразу гэтага дня — “Майкл драйвуе карам”.
 
25.06. Кожны беларускi асяродак у Амэрыцы наймацней лучаць з Бацькаўшчынай дзьве рэчы — царква і могiлкi.
У Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзi, гэта царква сьвятой Эўфрасiньнi Полацкай. (Пасьля набажэнства да мяне падыходзiць пацiснуць руку малады эмiгрант, былы беларускi кампазытар Зьмiцер Яўтуховiч.) А на мясцовых беларускiх кладах можна вывучаць i гiсторыю Беларусi XX стагодзьдзя i яе этнаграфiчныя межы. Магiла слуцкага паўстанца Iвана Навумчыка. Манумэнтальны помнiк прафэсару Радаславу Астроўскаму. (Мае праважатыя ўзгадваюць, як аднойчы ў 1944-м у Баранавiчах ён перапудзiў нямецкiх афiцэраў, заявiўшы: няхай партызаны дакажуць, што змагаюцца за вольную й незалежную Беларусь, i я першы пайду зь iмi.) Кампазытар i рэгент Дзьмiтры Верасаў нарадзiўся пад Смаленскам. Як сам расказваў, прозьвiшча было Верас, ды бальшавiцкiя пiсары падставiлi “ов”. Помнiкi Палюховiчам. Гэтыя родам зь вёскi Сэрнiкi з-пад Каменя-Кашырскага, якую пасьля апошняй вайны Сталiн “прырэзаў” Украiне.
Юрка Вiцьбiч (Стукалiч) прыйшоў на сьвет таксама на беларускай Смаленшчыне, у Вялiжы.
У халадку царкоўнага архiву сакратар парахвiяльнага камiтэту Мiхась Сенька нарэшце прыносiць мне ўвасабленьне цi не галоўнай мэты маёй заакiянскай вандроўкi — вялiзны пакунак дакумэнтаў пад №28 — “Матар’ялы Вiцябскае навуковае экспэдыцыi 1939 г. Здымкi цэркваў, касьцёлаў i г.д. з апiсаньнем гiст.”. Дзясяткi зьнiшчаных помнiкаў. Гiстарычныя сьведчаньнi з дамешкам мясцовых паданьняў. Цьвёрды, з нацiскам i надзiва чытэльны почырк кiраўнiка экспэдыцыi Юркi Вiцьбiча. Знаёмае з ранейшых ягоных тэкстаў iгнараваньне добрай чвэрцi “правiдловых” косак. Мова — расейская.
“Полоцк. Вал Воловьего озера. Известно, что здесь на берегу когда-то находилось в священных рощах капище Перуну... Известно, что в 1563 году в период Ливонской войны Иван Грозный лично топил в проруби этого озера ксендзов-бернардинов”...
“Екимань. Георгиевская церковь”...
“Черея. Белая церковь”...
“Смоляны. Развалины замка королевы Боны. Так или иначе, но народ по сегодняшний день говорит о существовании подземного хода, по которому когда-то Бона ездила на тройке в костел... 3 августа 1708 года, во время Северной войны, замок за исключением угловой башни был разрушен русскими”...
“Витебск. Губернаторский дворец. С 16 июля по 1 августа 1812 года в здании жил Наполеон. Войдя в приготовленные для него на третьем этаже комнаты, он отстегнул шпагу и бросив ее на стол, покрытый картами России, сказал неаполитанскому королю Мюрату: “Я здесь остановлюсь, соединю корпуса моей армии, дам ей отдохнуть и устрою Польшу. Военные действия кампании 1812 года окончены: 1813 год увидит меня в Москве, 1814 — в Петербурге”...
У бары Саўт-Рывэрскага беларускага цэнтру я сяджу насупраць былога палiцэйскага Вовы. Вова дапiвае свой скотч, а я сярод Ст’юартаў, Стрыкераў, Струеўскiх, Стралкоўскiх i Ступелаў знаходжу ў гарадзкiм тэлефонным даведнiку нумар Ганны Стукалiч.
Юрка Вiцьбiч зьявiўся на гэтым сьвеце ў 1905-м, ягоная ўдава — на пяць гадоў раней. Кожны з гэтых 95 гадоў пакiнуў ня толькi сваё кольца на старых дрэвах за вакном, але і сваю фiялетавую жылку на руках спадарожнiцы пiсьменьнiка, што напiсаў лiрычны манiфэст эмiграцыi — “Мы дойдзем!”
Пад роўны гуд кандыцыянэру спадарыня Ганна частуе печанымi яблыкамi і сьвежым вiнаградам, i ў яе ўваччу паўстае Вiцебск тых часоў, калi ваяўнiчыя бязбожнiкi паказвалi ў музэi мошчы Сьвятой Эўфрасiньнi, Вiцебск, дзе, пачуўшы машыну, на iхняй вулiцы нiхто ня спаў, бо ўначы па горадзе езьдзiлi адно варанкi, Вiцебск, дзе яна працавала да замужжа тэлеграфiсткай, i, калi аднойчы ў тэлефоне нехта прамовiў “гут, гут”, яе таго ж вечара дапытваў сьледчы, якi на адвiтаньне сказаў: “Приходите к нам почаще”. У тым Вiцебску Юрка Вiцьбiч жыў спачатку зь першаю жонкаю, якая была нiбыта страшэнна раўнiвая i праз рэўнасьць нават хавала мужавы рукапiсы, а яшчэ, мабыць, ня ўмела тушыць бульбу, бо якраз па гэты кулiнарны рэцэпт пiсьменьнiк аднаго разу па-суседзку зайшоў да дачкi супрацоўнiка Вiцебскага архiву Кандрацьева, а потым насупор жончанай рэўнасьцi напiсаў ёй лiст з запрашэньнем прагуляцца, а потым ажанiўся зь ёю й напiсаў у газэту “Вiцебскi рабочы” памфлет пра Гiтлера, у вынiку чаго, калi прыйшлi немцы, Вiцьбiчу з жонкай давялося як найхутчэй зьяжджаць у Менск, хоць потым Юрка i наведваўся ў горад iх маладога шчасьця — каб вярнуць у Полацак мошчы найпадобнейшай Эўфрасiньнi...
Рэшткi некалi вялiкай бiблiятэкi зьмяшчаюцца на трох палiчках. И. Бунин. Жизнь Арсеньева; Неизданный Гумилев; Н. Лосский. Достоевский и его христианское миропонимание; Марк Алданов. Живи, как хочешь; Рыгор Крушына, Вiнцук Адважны, Масей Сяднёў; K. Akula. Tomorrow is Yesterday.
Кладу на стол толькi што факсымiльна перавыдадзеную “Мастацкай лiтаратурай” найлепшую, на маю думку, Вiцьбiчаву кнiгу “Плыве з-пад Сьвятое Гары Нёман”. Колер вокладкi акурат такi, як жоўтая гаспадынiна сукенка з дробнымi ружачкамi. Рукi ў фiялетавых жылках пачынаюць дробна трымцець. Што пiшуць апошнiм часам пра яе мужа ў “нашых” газэтах, я не расказваю.
 
26.06. Прачынаюся ў кватэры спадара Лёвы Высоцкага. Лёву далёка за 80. Вы скажаце, у нас асобныя iндывiды таксама дажываюць. Магчыма. Ня ведаю толькi, што яны робяць, калi нагорнецца сумота. Мой гаспадар у такiм разе сядае ў машыну і гонiць за сто міляў у найблiжэйшае казiно ў Атлянтык-Сiці.
Сёньня ў вакно да спадара Лёвы зноў заляцеў вецер вандраваньняў, а таму мне засьвяцiла паездка на беларускi курорт “Менск”. “Нейкiя дзьве-тры гадзiны, затое якая дарога: горы, а ўнiзе — рака”, — спакушае аматар рулеткi.
Рака завецца знаёма — Дэлавэр. Высокiя горы пачынаюцца не адразу. Пакуль тое, справа і зьлева застаюцца: штаб-кватэра славутай фiрмы “Джонсан i Джонсан”; перакуплены ў сьвятых айцоў кляштар, дзе цяпер спыняецца з гарэмам кароль Марока; былая рэзыдэнцыя мiсiс Анасіс-Кенэдзi і лес, дзе мiльянэры палююць на гаротных лiсiцаў.
Нарэшце на даляглядзе зьяўляюцца горы. Пры дарозе, на беразе возера, стаiць дом iндзейскага правадыра, якога завуць Гром. Каб нiхто з бледнатварых братоў, крый Божа, не памылiўся, аб гэтым нагадвае жоўты шчыт памерам з бульдозэр.
Беларускi курорт падобны да нашых саўмiнаўскiх пансiянатаў. Ёсьць усяго парачка неiстотных адрозьненьняў — тутэйшым паспалiтым людзям пакуль што не прыйшло ў голаў заасфальтаваць лясныя сьцежкi ды зладзiць побач з бабрынымi хаткамi пляж.
 
27.06. У доме ў мастачкi Галiны Русак найперш уражвае калекцыя iндзейскае керамiкi. Творы спадарынi Галiны я ўжо бачыў i ў Менску, i ў Полацку. Цяпер мне зразумела, адкуль у яе абразах гэтыя нязвычныя эўрапейскаму воку дэкаратыўныя матывы. Маючы ахвоту, iх нескладана знайсьцi i ў яе вобразе Сьвятой Эўфрасiньнi. Урэшце, калi ўзгадаць, што юная Прадслава ведала пра купальлi, русальлi ды каляды зусiм ня з кнiжак i, адрозна ад некаторых расейскiх сьвятых, нiколi не займалася перасьледам паганцаў, нiякай ерасьсю тут i ня пахне.
З кубкам кавы пераглядаю загалоўкi ранiшнiх газэтаў: “Расейскiя генэралы апраўдваюць дзеяньнi спэцназу ў Будзёнаўску”; “Iосiфу Кабзону адмовiлiся даць вiзу ў ЗША” (за цёплыя сувязi з мафiяй); “Стэнаграму сакрэтнай сустрэчы дэмакратаў знайшлi ў вiннай краме”; “Паўтара мiльёна расейцаў — наркаманы”... Гаспадар рэстарацыi Дына Танiэль злавiў карпа вагою 95 фунтаў, а загадчык катэдры афраамэрыканскiх дасьледаваньняў Нью-Ёрскага гарадзкога ўнiвэрсытэту Леанард Джэфрыс пазбаўлены пасады за размовы пра тое, што iталiйцы ды габрэi iмкнуцца зьнiшчыць мурынаў як расу, дзеля чаго некалi фiнансавалi гандаль рабамi, а цяпер кантралююць Галiвуд. Вiдаць, шмат чаго кантралявала i ўсьмешлiвая габрэйка Рыма Данiлаўна Чаркаская (адразу на пяцi здымках), з нагоды заўчаснае сьмерцi якой разам з “Новым Русским Словом” смуткуюць, заняўшы цэлую газэтную паласу, жыхары Нью-Ёрку, Кiева, Таронта, Бярдзянску, Тэль-Авiва i Бабруйску.
Падчас вечаровага выступу ў мастацкай бiблiятэцы заснаванага яшчэ ў калянiяльны пэрыяд Ратгерскага ўнiвэрсытэту (тут пачынаў навуковую кар’еру бiяхiмiк беларус Аўген Вярбiцкi, спэцыялiст у захаваньнi ежы, якi быў адказны за харчы першай касьмiчнай экспэдыцыi на Месяц) уважлiва паглядаю на ўключаны адным нядаўнiм эмiгрантам зь Беларусi дыктафон. Гэта гальванiзаваная апошнiмi палiтычнымi падзеямi спадумлiвасьць чалавека, якому дзядзька ў цывiльным аднойчы гадоў дваццаць таму паказаў у службовым кабiнэце напiсаную суседам па iнтэрнатаўскiм ложку рэляцыю пад непрэтэнцыёзным назовам “О некоторых высказываниях студента исторического факультета БГУ В. Орлова”.
Адолець непамысныя рэмiнiсцэнцыi дапамагае чырвонае калiфарнiйскае. Гэта, вядома, не лямбруска з Эмiлii, аднак і не айчынны “Крыжачок” з-пад Вялейкi.
 
28.06. Дырэктар Беларускага Iнстытуту Навукi й Мастацтва ў Нью-Ёрку Вiтаўт Кiпель нарадзiўся ў 1927 годзе ў Менску і добра памятае, як двое дзядзькоў Мiколаў вучылi яго на беразе рэчкi сьпяваць беларускiя песьнi. Дзеля таго, што ішлi трыццатыя гады, а дзядзькi гэтыя былi нацдэмы географ Азбукiн ды гiсторык Улашчык, рэчка, каля якой адбывалiся рэпэтыцыi, шанцаў называцца Сьвiслаччу ўжо ня мела, а звалася Вояй i плыла сярод вяцкiх лясоў. Тэрмiн высылкi арыштаванага па справе “Саюзу вызваленьня Беларусi” Яўхiма Кiпеля скончыўся ў 1935-м, а праз тры месяцы былы асьпiрант БДУ атрымаў яжоўскую “дабаўку” — пяць гадоў тагачаснага БАМу.
Вiтаўт з мацi жыў у Арле. Аднаго разу мацi выклiкаў дырэктар школы, дзе яна выкладала расейскую мову. “Мария Васильевна, мы будем давать вам паспорт. Там есть национальность. Мы вам напишем русская, ведь русская или белоруска — это все равно”. — “Ну если все равно, — адказала жонка “ворага народу”, — то напишите: белоруска”.
Дзед спадара Вiтаўта меў хату каля Вайсковых могiлак i трыццаць гадоў зарабляў на хлеб у шатнi менскага гарадзкога, а потым Беларускага дзяржаўнага тэатру. На пытаньне, дзе працуе, ён любiў з гонарам адказаць: “у цiатрах”.
З Кiпелем-унукам мы гаворым за сталом, на якiм ляжыць карэкта ангельска-беларускага слоўнiка на сорак зь лiшнiм тысячаў слоў, якi БIНiМ мае падараваць Беларусi. Размова працягваецца ў кiтайскiм рэстаранчыку. Да гарбаты вузкавокi афiцыянт падае нешта накшталт салодкiх калдунцоў; замiж начынкi ў адным з сваіх знаходжу цыдулку зь дзьвюма круцельскімі кiтайскiмi фiзiяномiямi ды, відаць іхняй прымаўкаю: разумны ведае ўсё, а хiтры — усiх.
Напэўна, я хiтры, бо ведаю, што найлепшы праваднiк па Нью-Ёрку — спадар Антон Шукялойць, зь якiм мы ўжо дамовiлiся заўтра ад самае ранiцы рушыць па мангэтанскiх авэню і стрытах.
 
29.06. Старшыня Беларуска-амэрыканскага задзiночаньня Антон Шукялойць з сваiмi шыкоўнымi падкручанымi вусамi выдае тыповым беларускiм шляхцiчам канца XIX стагодзьдзя. Трохi дзiўна, што гэты “шляхцiч” захапляецца паэзiяй Алеся Разанава.
На скрыжаваньнi Брадвэю й 47-й вулiцы, вядомай сваiмi ювэлiрнымi крамамi ды ружавашчокiмi пэйсатымi габрэямi ў капелюшах, мой праважаты кажа: крыж Сьвятой Эўфрасiньнi трэба шукаць у Маскве.
Тут, у ценю хмарачосаў, я ня пэўны, што спадар Антось не ідзе ў гэты самы момант па менскiх вулiцах Гаруна або Iгнатоўскага, як за нямецкай акупацыяй звалiся сёньняшнiя Камсамольская й Чырвонаармейская.
На сьценах парасклееныя абвесткi па-нямецку і па-беларуску. Шукялойцю дваццаць пяць гадоў, ён — дырэктар Менскага гiстарычна-мастацкага музэю. Немцаў ён любiць гэтаксама моцна, як i бальшавiкоў, хоць першыя выпусьцiлi яго з турмы, куды пасадзiлi другiя. Брунатны фашызм, думае Антон, прыйшоў на зьмену чырвонаму. Усьлед за зьнiкненьнем знаёмых габрэяў з дырэктарскага кабiнэту нядаўна прапаў Пэнаў “Гадзiньнiкар” — немцы загадалi зьняць усе творы “недачалавекаў”. А перад вайной у невараць ад’ехалi ў варанках менскiя выканаўцы праектаў дзiвам ацалелага ў Маскве архiтэктара Лянгбарда, аўтара будынкаў Дому ўраду і Опэрнага тэатру, якiмi захапляўся малады Шукялойць. Ня ўсе сьледчыя НКВД шукалi новазэляндзкiх шпiёнаў i праектантаў тунэляў зь Віцебску ў Бамбэй. Траплялiся й такiя, што ў гмаху менскага опэрнага разгледзелi цытату з рымскага Калiзэю, дзе, апрача iншых вясёлых забаваў, публiка з задавальненьнем назiрала, як аддавалi на разарваньне львам першых хрысьцiянаў. У гэтым быў угледжаны намёк на стараньнi “перадавога атраду партыi”.
Зь Беларускага гiстарычна-мастацкага музэю мы трапляем у мадэрновую бэтонна-шкляную сьпiраль музэю Гугэнгайма на 5-й авэню. Сталую экспазыцыю пачынаюць скульптурныя конi Эдгара Дэга й працягваюць Тулюз-Лятрэк, чорна-сiнiя, але цёплыя жанчыны Пiкаса, i другая вэрсiя iмправiзацыi №28 Васiля Кандзiнскага. Сустрэўшы позiрк зеленавокага жоўтага катá з чалавечым тварам (М. Шагал. “Парыж з вакна”), даю зарок убачыць Эйфэлеву вежу з вакна раней, чым за свае грахi павiнен буду вярнуцца на зямлю ў iпастасi гэтага бесклапотнага юрлівага стварэньня.
А побач з маiм улюбёным “Зялёным скрыпачом” здараецца штосьцi трансцэндэнтнае — на рукаво маёй тэнiскi апускаецца i ўпэўнена залазiць у кiшэню кароўка-багоўка.
Кiм жа была ў сваiм мiнулым увасабленьнi ты? Па залях Мэтраполiтэн-музэю зь ягоным цалкам перанесеным праз акiян эгiпецкiм храмам мы падарожнiчаем ужо ўдваiх.
У бруднаватым i цесным нью-ёрскiм сабвэi я даю сваёй кiшанёвай спадарожнiцы беларускае iмя, а выбраўшыся на вольнае паветра, паказваю ёй лёгкiя самалёцiкi, што цягаюць па небе рэкляму з нанiзаных на тросiкi лiтараў. Можа, яна хоча палётаць разам зь iмi? Не, яна хоча разам са мной на вячэру да Юлi Андрусiшынай, мацi сьпевака Данчыка, якi цяпер ходзiць па праскiм бруку Старамескага пляцу або п’е каву на тэрасе зь вiдам на Карлаў мост, дзе мáе рэальныя шанцы сустрэцца з маёй зданьню.
Незаплянаваны прыпынак: насупраць мяне на пляскатым даху прысадзiстага дому стаiць помнiк Уладзiмеру Iльлiчу Ленiну. Балючы ўшчык нiякiх iстотных зьменаў у краявiдзе не выклiкае. Iльлiч па-ранейшаму стаiць, хоць i паказвае не на вiна-гарэлачную краму, як зазвычай бывае ў нас, а на падазроныя вiтрыны з голымi прыгажунямi. Спадар Шукялойць тлумачыць: з прычыны дзiкае настальгii помнiк прывезьлi i ўсьцягнулi на дах яшчэ савецкiя эмiгранты. У гэты момант мяне наведвае надзвычай выразнае разуменьне, што я — ня тая расьлiна, якая зможа прыняцца на гэтай зямлi, нават калi перавезьцi сюды ўсе беларускiя помнiкi правадыру i на кожны ўсьцягнуць па бусьлянцы. Пасадзiўшы багоўку на далонь, я паўтараю ёй усё гэта ўголас. Мая вандроўнiца сур’ёзна выслухоўвае і супакоена раскрывае крылцы.
 
30.06. У славянска-балтыйскi аддзел Нью-Ёрскае публiчнае бiблiятэкi, дзе працуе Зора Кiпель (сярод безьлiчы iншых клопатаў яна выдала ў сваiм ангельскiм перакладзе беларускую “Аповесьць пра Трышчана”), варта наведацца хаця б дзеля таго, каб спраўдзiць словы менскага калегi, якi сьцьвярджаў, што колькi гадоў таму кампутар выдаў яму тут даведку з дадзенымi жыцьцяпiсу, бiблiяграфiяй i паведамленьнем пра тое, што ў яго, калегi, “няма вершаў пра партыю”. Тым, каго хвалююць такiя рэзюмэ заакiянскiх дасьледнікаў, магу з усёй пэўнасьцю сказаць: складалi вы вершы гэткага кшталту цi Бог лiтаваў — кампутар дасьць вам адно даведку пра наяўнасьць вашых кнiжак у бiблiятэках ЗША і нi слова болей. Таму супакойцеся й знайдзiце на турыстычнай мапе “The Museum of Modern Art”.
Мастацкiм эпiграфам да ўсёй гiсторыi XX стагодзьдзя ўспрымаецца там датаваная 1913 годам карцiна нямецкага экспрэсiянiста Франца Марка “Карова”: велiчэзная чырвоная жывёлiна, у чэраве якой пасецца на поплаве пакуль яшчэ ружовы бычок, якi неўзабаве народзiцца й залье сьвет крывёю. Крывавая аўра твору настолькi моцная, што вы з палёгкаю ўдыхнеце сьвежасьцi, якой вее ад шагалаўскiх сумётаў з старым габрэем над зiмовым Вiцебскам. (Як выказаўся некалi адзiн савецкi мастацтвазнаўца: “евреи, да еще и летают — нам такое искусство не нужно”.) На музэйным подпiсе будзе пазначана: “French, born Belarus”, што наўрад спадабалася б паэту А. Вазьнясенскаму, якi, гаворачы пра Шагала, любiць згадаць “древний российский Витебск”.
Створаны ў 1917-м “Вялiкi мэтафiзык” Жоржа дэ Кiрыко. Мастацкiя практыкаваньнi дадаiста Курта Швiтэрса прыводзяць на памяць прысьвечаны мастаку манумэнт у яго родным нямецкiм Гановэры, — колькi ўзгрувашчаных адзiн на аднаго кантэйнэраў з сабраным на гарадзкіх вулiцах сьмецьцем, прычым сабраным ня проста так, а ў пэўныя днi пэўных гадоў, што акуратна пазначаныя на кантэйнэрах удзячным скульптарам.
Каля палотнаў i аб’ёмных кампазыцыяў Далi хочацца паразважаць над вэрсiяй, паводле якой пасьля фiзычнае сьмерцi мастак трапляе ў сьвет вобразаў, створаных iм у зямным жыцьцi. Калi гэта сапраўды так, дык той сьвет абстракцыянiста Джэксана Полака (як i беларуса зь Дзьвiнску Марка Роткi) будзе суладны, але досыць правiнцыйны: нi вялiкiх мастурбатараў, нi Нарцызавых мэтамарфозаў, нi дасканалых жаночых формаў, няхай сабе й напоўненых канцылярскiмi шуфлядкамi. Напэўна, на тое, каб трапiць у сьвет сваiх вобразаў, заслугоўваюць i лiтаратары. Адаму Глёбусу, магчыма, будзе карысна блiжэй пазнаёмiцца з героямi ягонага “Дамавiкамэрону”. А якiя сустрэчы могуць надарыцца ў Сьмiлавiчах, Лельчыцах i Вушачах у паэта Б. Спрынчана! Калявадаёмныя “хищники”, чалавек у прастрэленым палiтоне, першы прэзыдэнт РБ...
Пацепваючыся ад народжанага раптам недзе за каўняром халадку, вы пераходзiце да здабыткаў сюр- i iншых рэалiстаў. Цiкава, якую ацэнку даў бы гэтым творам галоўны мастацтвазнаўца вашай краіны? Напрыклад, “Падарунку” Мана Рэя (чорны прас з хiбам прылiтаваных да плоскасьцi цьвiкоў)? Гэта ж элемэнтарна: наклаў у хамяковую клетку цукру-рафiнаду або начапiў на кiвач выразанае з фоткi чалавечае вока — i твор гатовы. I Рэнэ Магрыт — туды сама! Ну якi гэта “Партрэт”: “гусак” зь вiном ды талерка з амлетам, зь якога на вас зь цiхiм дакорам глядзiць чыёсьцi вока? Але — вось загадка! — усе гэтыя iдэйна шкоднiцкiя, антыэстэтычныя i несумненна антынародныя экзэрсісы — хоць ты засiлься — уражваюць i нараджаюць асацыяцыяў незьмерна болей за, скажам, высоканародныя творы народнага мастака М. Савiцкага.
Спадар Шукялойць запрашае мяне ў стары iрляндзкi рэстаранчык “McSorley’s Old Ale House” на 7-й вулiцы. Мiлосьнiкi тутэйшага элю нядаўна адсьвяткавалi 125-годзьдзе ягонае хмельнае таямнiцы. Самой карчомцы два разы па семдзесят. На ўваходзе наведнiка сустракае паведамленьне, якое ў вольным перакладзе гучыць так: цябе яшчэ не было на сьвеце, а мы тут ужо добра сядзелi. Дамiнанты iнтэр’еру — разьмешчаная пасярод залi вялiзная печка кшталту буржуйкi ды аўтэнтычныя аб’явы аб пошуку забойцы Аўраама Лiнкальна (1865 год) з прызавым фондам $50 000.
За кепска пагабляваным сталом вы мусiце выпiць прынамсi два кухлi бясспрэчна цудоўнага элю. Найпапулярнейшая закусь — ружовая настружаная ялавiчына з адваранай бульбай, добра ўтушанай капустаю й кавалкам масла. Гарнiр прымушае ўспомнiць частыя цяпер у беларускiм асяродзьдзi параўнаньнi з Iрляндыяй. “Бульбяныя” аналёгii, што праўда, выглядаюць больш пераканаўча за палiтычныя. Гэта падкрэсьлiвае й партрэт першага прэзыдэнта незалежнай Iрляндыi, якi вiсiць тут з часу яго абраньня. Вы можаце ўявiць, што ў дзьве тысячы нейкiм годзе дзе-небудзь у менскiм цi давыд-гарадоцкiм шынку сьцяну будзе ўпрыгожваць партрэт першага прэзыдэнта Беларусi? Немагчыма ўявiць i тое, каб эмiграцыя ў вынiку страты незалежнасьцi набыла ў нас калi-небудзь такiя сумеры, як у Iрляндыi, насельнiцтва якой паводле перапiсу 1821 году складала 6 мiльёнаў 800 тысячаў, а ў 1970 — 2,9 мiльёна. Аднак ня трэба лiшне драматызаваць i нашае становiшча. Дасьведчаныя людзi сьцьвярджаюць, што па-iрляндзку ў Рэспублiцы Эйрэ гаворыць, у лепшым разе, у дзесяць разоў меней грамадзянаў, чым у сёньняшняй Беларусi па-беларуску. Калi гэта можа нас суцешыць, дык мы не самотныя...
Але да вядомай Багушэвiчавай формулы такую мэтафiзыку не зьвядзеш. Мо варта ўдакладнiць: шмат было такiх народаў, што найперш страцiлi дзяржаўнасьць сваю?.. Напрыклад, шатляндцы. Побач зь iхняй нашая моўная сытуацыя дык наогул выглядае блiскуча. Апрача таго, нiякi, нават папяровы, сувэрэнiтэт iм у блiжэйшыя дзьвесьце-трыста гадоў не пагражае. Карацей, бяз новага кухлю элю тут не разьбярэсься.
На бэльцы над намi прышпiленая добрая сотня значкаў зь дзяржаўнымi сьцяжкамi. Беларускага няма. Няўжо па дарозе ў прыбiральню яго зьняў якi-небудзь заблукалы сюды “вэртыкальшчык”? Афiцыянт-iрляндзец мае iншае тлумачэньне: беларускія значкi часта крадуць людзi з разьвiтым эстэтычным пачуцьцём. Значыцца, у героя нашае вэрсii поўнае алiбi.
Калi ўстанове 140 гадоў, тут мае гiсторыю нават прыбiральня. Рэч у тым, што да самага канца 70-х гадоў (нашага стагодзьдзя) “McSorley’s” разам зь яшчэ дзьвюма нью-ёрскiмi пiўніцамi быў адчынены выключна для мужчынаў. Фэмiнiсткi вялi зацятую барацьбу за свае правы, i нарэшце новы лiбэральны мэр гораду здолеў пратаранiць кругавую абарону: у “McSorley’s” урачыстым маршам увайшоў першы аддзел заўзятых аматарак добрага старога элю. Пасьля парачкi выпiтых пераможцамi кухляў згуртаваныя вакол гаспадара заўсёднiкi-мужчыны зларадна назiралi амаль панiчнае адступленьне трыюмфатарак на зыходныя пазыцыi: жаночай прыбiральнi ў рэстаране не існавала. Прычым яе ня проста не было: з парады адвакатаў гаспадар накiраваў у мэрыю складзеную ў вытанчаным стылi паперу, што, маўляў, дзеля поўнага забесьпячэньня роўных правоў прадстаўнiцы цудоўнай паловы чалавецтва могуць наведваць ня толькi агульную з мужчынамi рэстарацыю, але і яе агульную прыбiральню. Змаганьне ўвайшло ў новую фазу. Пра зьмест лёзунгаў здагадацца даволi лёгка.
Суайчыньнiц, якiм, магчыма, заманецца сюды трапiць, хачу папярэдзiць: не хвалюйцеся — сёньня дыскрымiнацыя паводле палавой прыкметы ў “McSorley’s” канчаткова пераможаная.
 
1.07. Разьвiтальны шпацыр па Мангэтане пачынаецца ад аздобленага мэмарыяльнай дошкаю сучаснага будынку №20 на Broad Street. Тут стаяў дом, дзе ў 1659 годзе эмiгрант зь Вялiкага Княства Лiтоўскага Аляксандар Куртыўс заснаваў першую каталiцкую школу Новага Амстэрдаму. Як высьветлiў Вiтаўт Кiпель, да прыезду ў калёнii доктар Куртыўс меў беларускае прозьвiшча Карчэўскi і настаўнiчаў у Полацку ды Вiльнi. У Нью-Амстэрдаме ён выкладаў так званую “рускую” мову сваёй радзiмы і чытаў курс лацiны.
Паблiзу знаходзiцца iншая славутасьць — старадаўнi рэстаран з Доўгай Заляй (“The Long Room”), што была сьведкаю разьвiтальнага банкету Джорджа Вашынгтона й ягоных афiцэраў пасьля здабыцьця незалежнасьцi. Каля гэтых сталоў зь печаным iндыком i зялёнымi ды белымi графiнамi непазьбежна задумаесься: калi, дзе і зь якiмi дзейнымi асобамi адбудзецца такi банкет у нас? I зь якой нагоды: канчатковай заваёвы незалежнасьцi цi яе канчатковае здачы?
У суседнiх залях наведнiк знаёмiцца з мастацкiм адлюстраваньнем шляху Злучаных Штатаў да свабоды. Сярод батальных палотнаў бачым Вашынгтона з жыхаркаю Фiладэльфii Бэтсi Рос, што пашыла сваёй незалежнай дзяржаве першы сьцяг. Тамсама, у Фiладэльфii, дзе захоўваецца дамок патрыёткi-руказдольнiцы, кангрэс маладой дзяржавы ледзьве не прыняў пастанову, паводле якой дзяржаўнай моваю ЗША магла стаць не ангельская, а нямецкая (германафiлам не хапiла, кажуць, усяго двух галасоў).
У гэткiм музэi аналёгii атакуюць, як аваднi, i ты ўвачавiдкi бачыш вобразы й назвы палотнаў, над якiмi, магчыма, ужо натхнёна працуюць айчынныя жывапiсцы: “Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублiкi Беларусi загадвае выключыць шастой мiкрафон у заднiм праходзе”, “Прэзыдэнт разьвiтваецца з сваiмi дэпутатамi” (або “Свае дэпутаты разьвiтваюцца з сваiм прэзыдэнтам”), “Паплечнікі прэзыдэнта з болем у сэрцы здымаюць бел-чырвона-белы сьцяг”...
У палоне мiлых вобразаў роднага краю хуткасны элевэйтар узносiць мяне на 110-ты паверх найвышэйшага ў сёньняшнiм Нью-Ёрку будынку, званага The World Trade Center. Далёка ўнiзе лётаюць экскурсiйныя гелiкоптэры. У тых, хто захоча паляцець усьлед за iмi, нiчога не атрымаецца: пляцоўка агляду нагадвае вартаўнiчую вежу пасярод турэмнага двара з усiмi адпаведнымi атрыбутамi. Газэты пiшуць, што тут, на хмарачосах, пачалi гнездавацца арлы ды сокалы. Пакуль яны высочваюць сабе ахвяраў недзе над Гудзонам, на парэнчы апускаецца мая кароўка-багоўка. “Якраз пасьпела, — расчулена кажу я сяброўцы, асьцярожна адпраўляючы яе ў кiшэню. — Зараз паедзем у Нью-Ёрскi ўнiвэрсытэт да прафэсара Томаса Бэрда, а ўвечары будзем выступаць з табой у Фундацыi Пётры Крэчэўскага”.
У кабiнэце прафэсара Бэрда вiсiць абвестка, чый зьмест, мабыць, навеяны паездкамi яе аўтара ў Беларусь: “У сувязi зь няпэўным эканамiчным становiшчам сьвятло ў канцы тунэлю будзе выключана да адпаведнай iнструкцыi”.
На вечарыне ў Фундацыi Крэчэўскага бачу ў залi аднаго з найарыгiнальнейшых лiтаратараў нашай сучаснай эмiграцыi Янку Юхнаўца, кнiга якога адкрыла летась сэрыю “Галасы беларускага замежжа” ў выдавецтве “Мастацкая лiтаратура”.

Мне сьнiцца зноў...
У хату ўваходжу.
Цыркун тужыў па леце ў запечку,
i павукi з надзеямi спакою
усюды ткалi
сьсiвелае радно...

Кнiга называецца “Сны на чужыне”.
А што сьнiцца новым эмiгрантам — журналiстам Алесi Сёмусе й яе мужу Юрку Васiлеўскаму, лiтаратуразнаўцу Лявону Юрэвiчу, Дзiму Лявiту, чыю калярытную постаць пры стосах падпольнае лiтаратуры яшчэ не забылi ўдзельнiкi першых бээнэфаўскiх мiтынгаў? Ратонда на сьвiслацкай набярэжнай? Вогнiшча на дзьвiнскiм беразе пад Друяй? Слынны Брайтан-Бiч, дзе можна ўбачыць шыльду “Пельменная”, а жыхары пiшуць у мэрыю скаргi, што палiцыя не разумее расейскае мовы?
Кастусь Мярляк, аўтар кнiгi мэмуараў пад адмысловаю назвай “Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эмiграцыi”, дорыць мне талерку са статуяй Свабоды. Маладыя эмiгранты дамаўляюцца, як будуць бавiць уiк-энд. У кутку, разгарнуўшы на каленях прывезеную мною газэту, дзе на першай паласе пад’ёмны кран здымае з Дому ўраду дзяржаўную “Пагоню”, цiха плача незнаёмы стары беларус.
 
2.07. У доме ў доктара Алы Орсы апрача людзей жывуць двое сабак. Iхнія ймёны пэўным чынам адлюстроўваюць працэсы, якiя йдуць у асяродзьдзi гаспадароў-эмiгрантаў: старога завуць Мiкiтам, а маладога — Сода-Папам (па назьве папулярнага напою). Стары беларускую мову разумее добра, а малодшы, перш чым зразумее, мусiць добра падумаць. Праўда, для сям’i спадарынi Орсы згаданыя працэсы ня надта тыповыя. Яе сын Паўлiк, студэнт мэдыцыны, гаворыць па-беларуску не зусiм дасканала, але ня горш за народнага пiсьменьнiка I. Чыгрынава. Матчыну мову Паўлiку не займае i ў халаднаватых хвалях Атлянтыкi. (Я нарэшце зьдзяйсьняю сваё рытуальнае купаньне.)
Увесь гэты час мая кароўка-багоўка аддана чакае мяне ў кiшэнi. Вiдаць, згаладаўшыся, яна зьяўляецца на людзi ў грэцкiм рэстаране. Запрыкмецiўшы маю сяброўку, спадарыня Ала апавядае, што апошнiм часам у Амэрыцы за пару даляраў можна набыць пушачку з божымi кароўкамi, якiх потым выпускаюць у садзе цi ў гародзе, каб яны елi шкоднiкаў. Я выказваю далiкатны сумнеў у тым, што багоўкi дакладна ведаюць межы ўладаньняў сваiх гаспадароў. Цi не палятуць яны, шчасьлiва выбавiўшыся зь няволi, на гiстарычную радзiму? Якраз так яны i робяць, пагаджаецца суразмоўнiца.
Пачуўшы гэта, мая багоўка падымаецца ў рэстараннае неба.
Праз тры гадзiны адлятаю на гiстарычную радзiму i я.
У прыбiральнi аэрапорту Кенэдзi грала нягучная музыка і пахла добрым дэзадарантам. У прыбiральнi аэрапорту Менск-2 не было туалетнае паперы.
У палёце з Варшавы стуардэса прапанавала пасажырам сьвежы нумар рэспэктабэльнага выданьня пад назовам “Gazeta Swiąteczna”. Чакаючы багаж, шукаю ў ёй паведамленьняў зь Беларусi. Адзiная знойдзеная навiна: падрыхтаваны ўказ аб стварэньнi ў раёнах, якiя мяжуюць з Польшчай, Украiнай i балтыйскiмi дзяржавамi, добраахвотных дружынаў дапамогi памежнiкам. На нататку зьвяртае ўвагу і мой сусед-паляк. Чаму такiх дружынаў ня будзе на расейскай мяжы? — пытаецца ён i чуе загадкавы адказ: каб у нашых прыбiральнях нiколi не было туалетнай паперы.

Чэрвень-лiпень, 1995

 

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы