навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

Ці бываюць чарвівыя мандарыны

Каталёнскі дзёньнік

 
Каталёнія, хоць у ейных жыхароў гішпанскае грамадзянства, — зусім не Гішпанія. І рэч не ў аўтаноміі зь яе атрыбутамі (усё адно гэта не дзяржаўнасьць, і тут каталёнцы могуць табе адно пазайздросьціць). Рэч у тым, што каталёнцы — не гішпанцы. Яны, усе шэсьць мільёнаў (тут твая чарга для зайздрасьці) пачуваюцца каталёнцамі з калыскі, у якой ужо чуюць сваю мову, да надмагільля, дзе пакідаюць на гэтай мове апошнія зьвесткі пра сябе, падкрэсьліваючы, што ў раі, чыстцы і пекле таксама застануцца каталёнцамі.
Адрозна ад баскаў каталёнцы не ўзрываюць бомбаў. У іх стаўка на іншую, больш магутную зброю.
Напрыклад, каталёнцы ставяць помнікі ня толькі паэтам і палітыкам, але і свайму нацыянальнаму танцу — сардане.
У кнігарні ты адразу апынаесься ў вялізным аддзеле літаратуры на каталёнскай мове, дзе знойдзеш усё — ад Дзюма й Стывэна Кінга да апошніх раманаў Мішэля Ўэльбэка й сэксуальных энцыкляпэдыяў. Толькі потым вока заўважыць значна сьціплейшы куток з кнігамі па-кастыльску.
Праз пару дзён ты пачынаеш адрозьніваць каталёнскую ад кастыльскай на слых. Адначасова адбываецца сустрэчны працэс, і на пляжы ў Лярэце-дэ-Мары немаладая, але налітая, як верасьнёўская антонаўка, каталёнка (усе яны, ад 15 да 75, у выдатнай форме), пачуўшы тваю беларускую мову, па-ангельску тлумачыць табе, што ты — не расеец. Беларус? У такім разе ты мусіш адказаць, навошта беларусы, маючы дзяржаву, займаюцца гэтымі дурнотамі з Расеяй. Гледзячы на цябе, ня скажаш, што вы ўсе — “crazy”.
Ты дзякуеш. Прыхільніца тваёй незалежнасьці тэмпэрамэнтна сьціскае смуглыя кулакі і паказвае, як трэба інтэгравацца з усходнім суседам: спачатку, каб ня лезьлі ў ваш гарод, вось так (кулак б’е ў кулак), а затым вось так — кулакі разьлятаюцца так далёка, што станік кармінавага купальніка напінаецца, як цеціва, і твае думкі пра інтэграцыйныя працэсы адступаюць на другі плян.
Раніцай ты бачыш, як насупраць твайго гатэлю два маладзёны ў форме муніцыпальных рабочых цэлую гадзіну зафарбоўваюць сьвежы надпіс на будынку. Тым, хто забыўся, дзе жыве, надпіс паведамляе, што тут — Каталёнія. Сьледам ідзе ўдакладненьне, што Каталёнія павінна быць незалежнай. Мяркуючы па імпэце, зь якім працуюць маладзёны, ня выключана, што якраз яны і шчыравалі ўчора каля поўначы на гэтым самым месцы.
Магчыма, яны будуць і сярод тых, хто праз два дні, на гульні “Барсэлёны” з мадрыдзкім “Рэалам”, уздыме над трыбунамі стадыёну-статысячніка “Камп Ноў” 50-мэтровы транспарант “Cataluña is not Spain” і будзе трымаць яго, пакуль не надакучыць, пасьля чаго ты канчаткова пераканаесься, што ў ХХІ стагодзьдзі канфігурацыя палітычных межаў у гэтай частцы Эўропы зьменіцца.
 

Мора
 
Займаючыся параўнаўчым аналізам лёсаў Каталёніі й Беларусі, ты ўзьбіваесься на думку пра ролю мора ў гісторыі народаў.
Калі не лічыць сувэнірных міні-дзяржаваў, выйсьця да мора сярод сучасных эўрапейскіх краінаў ня маюць (апрача Беларусі) Чэхія, Славакія, Вугоршчына, Аўстрыя, Македонія, Босьнія і Герцагавіна, Швайцарыя. Практычна ўсе згаданыя краіны, дакладней іхнія народы, за выняткам (які толькі пацьвярджае правіла) Швайцарскай канфэдэрацыі мелі або маюць цяпер сур’ёзныя праблемы з гістарычнай пэрспэктывай. Чэхаў пасьпяхова анямечвалі і на пачатку ХХ стагодзьдзя Прага была нямецкамоўным горадам. Славакі дзяржаўную незалежнасьць атрымалі дзякуючы Гітлеру. Вугорцы паўставалі, каб вырвацца з імпэрыі Габсбургаў. Аўстрыя перажыла аншлюс… Разважаньні, відаць, небездакорныя, але, але… Асабліва калі засяродзіцца на Беларусі. Кожны можа сам прапанаваць пералік рысаў нацыянальнага характару, на якія ўплывае наяўнасьць у краіны ўласнага марскога ўзьбярэжжа.
Навукоўцы даводзяць, што ў нацыянальным арганізьме непазьбежна ўзьнікаюць мэнтальныя перакосы, калі яму бракуе багатых на ёд марскіх прадуктаў. А хіба не бракуе гэтаму арганізму прыліваў і адліваў, штормаў і штыляў, партовых корчмаў і бардэляў?
Асабіста ты ведаеш, прынамсі, тузін былых маракоў, на якіх у іхніх гарадах і мястэчках трымаецца ці ня ўся беларушчына. Адзін знайшоў магілу Віктара Каліноўскага, брата паўстанцкага правадыра. Другі кіруе скаўтамі, што складаюць прысягу на Аршанскім полі. Трэці паставіў помнік Янку Скрыгану ў эстонскім гарадку, куды быў высланы пісьменьнік… Помнік табе самому, магчыма, таксама паставяць маракі.
 

Барсэлёна
 
Дагэтуль Барсэлёна была для цябе адно кропкаю на мапе і месцам, дзе нарадзіўся сябар Манюшкі й аднадумца Каліноўскага, беларускі інсургент Ахіл Банольдзі, лёс якога яшчэ чакае таленавітага пяра.
“Поздравляю Вас с экскурсией по Барселоне!” Гэтая фраза атрымліваецца ў твайго расейскамоўнага гіда найлепш, што ён, відавочна, ведае й сам, бо ледзь ня кожную хвіліну паўтарае сваё віншаваньне. Тым ня менш, сёе-тое, апрача зьвестак з турыстычных даведнікаў, табе ўдаецца пачуць. Да прыкладу, тое, што Каталёнія мае свайго прэзыдэнта, які ў барсэлёнскай рэзыдэнцыі прымае прэзыдэнтаў іншых краінаў. Твой гід ніколі ня дасьць веры, што ў прыродзе існуе прэзыдэнт, які за роўных прымае ў дзяржаўнай рэзыдэнцыі чужых губэрнскіх начальнікаў, а там, можа стацца, пачне прымаць і раённых.
Уражаньні пра горад табе заманецца асэнсаваць не на бульвары Рамбляс і не на Пляса дэ Каталюнья, а каля хмарачоснай калёны з масянжовым Калюмбам на прыморскай эсплянадзе.
Твая галоўная выснова: Барсэлёна вартая стаць сталіцаю эўрапейскай дзяржавы.
Ня выключана, што гэта здарыцца, калі будзе збудаваны сабор Саграда Фамілія, спраектаваны геніяльным Гаўдзі.
 

Гаўдзі
 
Бяз твораў Антоніё Гаўдзі Барсэлёна нагадвала б Кракаў бяз Вавэлю або Полацак без Сафійскага сабору.
Найбольш дасканалай формай Гаўдзі лічыў яйка і заўжды насіў свой архітэктурны ідэал (мабыць, усё ж у звараным нацьвёрда выглядзе) у кішэні. Але зь ягонага яйка вылупляліся зусім неспадзяваныя птушаняты.
У спарудах Гаўдзі прысутнічае нешта бархэсіянскае — Укбар, Тлён, Orbis Tertius... Не, вядома ж, наадварот — у Борхэса безьліч гаўдзіянскага, бо ён любіў блукаць гэтымі вуліцамі на яве і ў сьне, нястомна шукаючы тут свой Буэнас-Айрэс.
У доме-музэі Гаўдзі ўражвае спартанскі ложак на адну пэрсону. Сіратліва і непрыкаяна глядзіцца за шкляной сьцяною спальні і ўнітаз зь лякаваным драўляным седалам. Цябе не пакідае думка, што тут жыў няшчасны самотны чалавек, які ў 1926 годзе ўзяў ды трапіў пад трамвай. Насамрэч апошнія дванаццаць гадоў дойлід дняваў і начаваў проста на будоўлі ягонай архітэктурнай Бібліі — храму Саграда Фамілія.
Бясспрэчная геніяльнасьць Гаўдзі і ў тым, што ён замысьліў свой шэдэўр такім чынам, каб яго будавалі бясконца. (Меркаваная дата завяршэньня — 2022 год — выклікае ў барсэлёнцаў іранічную ўсьмешку.) Да такога не дадумаўся нават яшчэ адзін геніяльны каталёнец — Далі.
Затое Далі песьціў думку зьнесьці частку барсэлёнскага цэнтру, узьвёўшы на ягоным месцы “горад будучыні”. Праўда, абаронцы мастака падкрэсьліваюць, што гэтая мара датычыла ўсяго толькі Гатычнага кварталу. Гаворка як быццам не ішла пра створаныя Гаўдзі архітэктурныя дэкарацыі, у якіх Далі рызыкаваў выглядаць акторам другога пляну.
 

Далі
 
“Вытанчаны труп будзе піць маладое віно”. Згаданая лягічна-гастранамічная фраза, атрыманая маладымі сюррэалістамі ў выніку гульні кшталту складаньня бурымэ, выклікала ў Далі шалёнае захапленьне.
Ты пакуль што ня труп. Радуючыся гэтаму, ты п’еш усякае віно: і маладое, і, калі хапае грошай, зусім немаладое. Ты п’еш яго й думаеш, што ў крыві ў беларусаў занадта шмат гарэлкі й піва і катастрафічна мала добрага віна. Магчыма, гэтая акалічнасьць уплывае на гістарычны лёс нацыі ня менш за адсутнасьць выйсьця да мора.
Але ключавое слова ў фразе, якую некалі ўпадабаў Далі, не віно, а — труп. Напэўна, таму ты ўспамінаеш, што сярод мараў твайго маленства была й гэтая — стаць патолягаанатамам, як твой сусед, вясёлы габрэй дзядзя Жэня.
Думаць пра той час, калі за цябе возьмецца ўвасабленьне тваей дзіцячай мроі, ня хочацца. Пагатоў, сёньня ты п’еш віно ў Фігейрасе, дзе калісьці тое самае рабіў Далі, а, дацадзіўшы келіх, наведаеш тутэйшы тэатар-музэй мастака, найбуйнейшы, як сьцьвярджае турыстычны праспэкт, сюррэалістычны комплекс у сьвеце.
Паводле тастамэнту Далі, экскурсаводы павінны тут маўчаць, бо сюррэалізм немагчыма вытлумачыць. Як і большасьць тастамэнтаў, гэты не выконваецца: гіды ўзахапы верашчаць на самых розных мовах. Сярод усяго іншага ты можаш пачуць, як аднойчы на гасьціны да Сальвадора Далі набіўся савецкі паэт Яўгені Еўтушэнка, і падчас абеду гаспадар прапанаваў тост за выдатных людзей XX стагодзьдзя, кароткі пералік якіх пачынаўся з Гітлера. Еўтушэнка дэманстратыўна плюнуў у сваё віно і паставіў яго на стол. Далі ветліва заўважыў, што тост прагучаў і трэба выпіць, пасьля чаго зь мілай усьмешкаю асушыў келіх пераборлівага госьця з СССР.
Адольфа Шыкльгрубэра, якому не пашчасьціла рэалізавацца як мастаку ў клясычным разуменьні гэтага слова, чамусьці колькі разоў згадвае і перакладчыца-“ангелька”. Ты не зьдзіўляесься. Ты чытаў “Дзёньнік аднаго генія”, і для цябе не навіна, што Далі пісаў, нібыта Адольф Гітлер у ягоным уяўленьні — “ідэал жаноцкасьці”, і публічна прызнаваўся, што быў закаханы ў “зваблівую плоць фюрэра”. Праўда, ты ня згодны, што такія прызнаньні — крайняе сьведчаньне ўласьцівага каталёнцам “ібэрыйскага шаленства”. Гэта, натуральна, усяго толькі водгульле гомасэксуальнай арыентацыі Далі, якой ён трымаўся да сустрэчы з Галой.
Ты, цалкам талерантны да якіх заўгодна сэксуальных меншасьцяў, ціхамірна бласкуняесься па залях, дзе бавіў жыцьцё стваральнік “Вялікага мастурбатара” (тут міжволі згадваецца паэт-рэваншыст С. Адамовіч), “Успамінаў пра Леніна” (гронка чырвоных ягадаў заўсёды асацыюецца з крывёю) і “Дзяўчынкі, якую разбэшчваюць рогі ўласнай цнатлівасьці” (на памяць прыходзіць адна знаёмая часоў юнацтва, якая пакутліва й ахвярна прагнула спасьцігнуць тонкую розьніцу паміж пэнісам і фаласам).
Дзесьці тут Далі марыў стварыць анкляў свайго сюррэалістычнага сьвету — выпісаць з трапічных шыротаў тысячу слановых чарапоў і шчодрай рукою пасыпаць імі дол. Шкада, што ня ўсе мары геніяў зьдзяйсьняюцца; з другога боку, шкада было б і слонікаў.
А вось тут, на чатырох- ці пяціспальным ложку-каўчэгу, Далі любіў сваю верную і адданую Галу. Безумоўна, гэта таксама адбывалася геніяльна і сюррэалістычна. Нездарма каля ложка цябе наведваюць дзіўныя фантазіі. Напрыклад, што атрымаецца, калі павесіць птушку? Яна, відавочна, не памрэ, а будзе лётаць і глядзець на цябе зь пятлі чалавечымі вачыма. А дзе птушкі знаходзяць апошні спачын? Можа, недзе існуюць птушыныя могілкі — да самага далягляду цягнуцца тысячы белых мармуровых надмагільляў з крылатымі скульптурнымі выявамі.
Над птушыным нэкропалем і над тэатрам-музэем Далі нізка вісіць шыпшынавая ягадзіна каталёнскага сонца. У пераходах гусьцее прыцемак, гатовы ўвасобіць любую дрымотную пачвару тваёй падсьвядомасьці.
Ты ўяўляеш, як застаесься ў музэйных залях на ноч, і ад адной гэтае думкі халаднееш. Табе здаецца, што Далі таксама марыў стаць, калі вырасьце, патолягаанатамам, але, адрозна ад тваёй, яго мара ажыцьцявілася, і ягоны тэатар-музэй стаўся найбуйнейшым у сьвеце сюррэалістычным моргам.
 

Гала
 
Калі вы знаходзіцеся ў рамантычным тумане гісторыі пра вечнае каханьне Далі і Галы, вам трэба неадкладна ўцякаць ад экскурсавода Сымоны або выцягваць валідол.
Гала, народжаная ў Казані як Алена Іванаўна Дзяканава, аказваецца, пралічыла ўсё зь бязьлітаснай бізантыйскай хітрасьцю. Зразумеўшы, што зь першага мужа, паэта Поля Элюара, ужо шмат ня выцягнеш, яна падслалася пад пэрспэктыўнага й маладзейшага за яе на дзесяць гадоў гомасэксуаліста Далі. Між тым, на ўсялякі выпадак фармальна засталася жонкай Элюара, а замуж за Сальвадора выйшла толькі пасьля сьмерці Поля ў 1953 годзе.
Сымона, якая толькі й чакала ў тваіх вачах нязгоды з такой трактоўкай, імгненна выцягвае з кішэні сваёй, далікатна кажучы, нелюбові да Галы новы аргумэнт. Мадам Дзяканава змусіла Далі падпісаць тысячу чыстых аркушаў. Нанятыя ёю барсэлёнскія мастакі ператваралі аркушы ў геніяльныя (дзякуючы подпісу) творы, а сама муза рупліва кавала таньгу.
Ты пярэчыш Сымоне: муза генія мае права на маленькія чалавечыя слабасьці. Але экскурсаводка гатовая да тваёй атакі. А хто вымагаў ад Далі купіць ёй сярэднявечны замак, у які вы зараз кіруецеся? Замак патрэбны быў гэтай бэстыі выключна дзеля таго, каб пасяліцца асобна й нарэшце цалкам аддацца сваім прыроджаным німфаманскім схільнасьцям. Адзінымі экспэдыцыямі ў рэальнасьць з гэтай бясконцай эратычнай фэерыі з удзелам сьціжмы незьлічоных амарантаў заставаліся для Галы штодзённыя паездкі на кадыляку да каханага Сальвадора — ня дзеля разнастайнасьці пасьля юных целаў, а дзеля вымаганьня грошай на працяг сьвята сваёй не да канца завялай плоці.
Але нават Сымона аддае Галы належнае: ейная тэхналёгія “падаўжэньня маладосьці” дала плён і, магчыма, вартая перайманьня. Трэба дацягнуць да сямідзесяці пяці, змусіць мужа купіць вам замак, зачыніцца там з маладымі амарантамі — і гадоў дзесяць-пятнаццаць паўнакроўнага, так бы мовіць, жыцьця вам яшчэ забясьпечаныя. Іншая рэч, што пасьля вашае, выбачайце за банальнасьць, сьмерці муж можа не прыехаць на хаўтуры, абвясьціўшы, як зрабіў Далі, што вы, маўляў, неўміручая. Затое потым ён, адумаўшыся, пахавае вас у шыкоўнай дамавіне з датамі 1894—1982, а ваш замак ператворыць у музэй, аднаму з наведнікаў якога ўспомніцца эпічны пачатак ненадрукаванага твору Алеся Асташонка: “Пад’езд прапах спэрмай”.
Ты ад самага дзяцінства з глыбокай сымпатыяй ставісься да німфаманак, якія, бясспрэчна, упрыгожваюць гэтае месцамі шараватае жыцьцё. Ты захапляесься стыльнымі замкавымі інтэр’ерамі й мэбляю, частка якой захавалася ад часоў Рэканкісты. Аднак, вярнуўшыся ў аўтобус, ты з прыкрасьцю ловіш сябе на думцы, што зараз табе больш за ўсё хочацца ня скокнуць у ложак зь юнай дзевай, а залезьці ў гарачую ванну і як сьлед памыцца.
 

Андора
 
Безьліч тваіх суайчыньнікаў жыве і памірае, нават ня ведаючы, што недзе паміж Францыяй і Гішпаніяй яшчэ ў Сярэднявеччы ўшчамілася й шчасьліва дажыла да нашых дзён маленькая, але ганарлівая й незалежная краіна Андора.
А вось ты меў няшчасьце вычытаць пра ейнае існаваньне ажно ў шостай клясе. Больш за тое, з атлясу “Краіны сьвету” ты даведаўся, што гэты ледзь прыкметны на мапе лапік усходніх Пірэнэяў мае сталіцу пад зваблівай назваю Андора-ля-Вэля.
Твая настаўніца геаграфіі, як аднойчы высьветлілася перад усёй клясай, гэтага ня ведала, за што й помсьціла табе да самых выпускных іспытаў: калі ты ведаў урок на “пяць”, неахвотна выводзіла чацьверку, а на “траяк” лепей было не адказваць.
О, як у такія моманты не любіў ты недасяжнай для савецкага чалавека Андоры зь яе самай высакагорнай у Эўропе сталіцай! І далёкая краіна, нібы адчуваючы праз палову мацерыка тваю абсалютна незаслужаную нянавісьць, імкнулася залагодзіць цябе, прыходзячы ў снах.
Там, у той Андоры, расьлі мандарынавыя дрэвы, адкуль ты мог дасхочу шчыпаць плады, якія ў рэальным жыцьці бачыў адно ў навагоднім падарунку ў колькасьці дзьвюх штук. Там на карлікавым поплаве пасьвіліся пярэстыя карлікавыя кароўкі, а на беразе рэчкі загарала голая і зусім ня карлікавая Віка Цімафеева з суседняй парты. У траве ўтульна сакаталі конікі, цыкады і нейкія невядомыя табе шкоднікі палёў і лугоў, а на даляглядзе нязлосна паколваў неба сьпічакамі вежаў цацачны замак. І раптам ідылію працінала трывога. Нават у сьне ты ўжо разумеў, што сьвет недасканалы і жорсткі, і што з-за тэатральнага замку ў наступны момант зьявіцца Карабас-Барабас, замест якога над замкавымі мурамі пагрозьліва бліскалі магутныя лінзы акуляраў ненавіснай “вучылкі”. Ты прахопліваўся і доўга круціўся з боку на бок, спасьцігаючы ў начной вусьцішы горкую ісьціну зь яшчэ непрачытанай Бібліі — пра вялікі смутак ад вялікай мудрасьці. Хіба мог ты тады ў самых сьмелых лятунках уявіць, што прыйдзе час і ты апынесься за нейкую сотню кілямэтраў ад краіны тваіх сноў і, сеўшы на аўтобус, праз пару гадзінаў зможаш паквітацца зь ейнай сталіцаю за зьніжаныя адзнакі ды пякучую дзіцячую крыўду.
Ты напружана разважаеш над спосабам сваёй помсты (байкот разрэклямаваных танных андорскіх крамаў? старыя добрыя графіці?..) і ўрэшце спазьняесься на апошні сёньняшні аўтобус.
Мо так яно і лепей. Няхай там, за перавалам, сакочуць конікі. Няхай загарае голая Віка, якую забіла бэтоннай плітой на будоўлі. Няхай, трошкі мружачыся ад сонца, чытае на лавачцы кніжку даўно асьлеплая геаграфіца, а сьпелыя мандарыны няхай коцяцца па сьцежцы да ейных ног і шыхтуюцца більярдавым трохкутнікам, абуджаючы ўспамін, як яе праблемны вучань, які ведаў шмат лішняга й непатрэбнага, аднаго разу запытаўся, ці бываюць мандарыны чарвівыя...
 

Расейцы
 
Ты едзеш Барсэлёнай у тутэйшым аўтобусе й назіраеш, як разьлезлая цётухна важка падплывае да кіроўцы: “Водитель, выключите, пожалуйста, вентиляцию!” Каталёнец кідае на просьбітку неўразуменны позірк. “Вы что, не понимаете? — ад душы зьдзіўляецца цётухна. — Я вам говорю: выключите вентиляцию!” Ёй і няўцям, што прастора, праўдамі і няпраўдамі захопленая расейскай мовай, няўхільна сьціскаецца, і што каб яе, цётухну, не зразумелі, зусім неабавязкова ехаць на край Эўропы. Дзеці і ўнукі зьмерзлай ад кандыцыянэру пасажыркі ўжо стануць сьведкамі сьцісканьня самой тэрыторыі Расеі.
Пакуль жа яны шчыльнымі радамі адпачываюць на ўзьбярэжжы Коста-Брава. Але зануды-эўрапейцы ўжо цяпер не даюць сваім стрыечным эўразійскім братам і сёстрам канчаткова расслабіцца. Пазаўчора паліцыя злавіла ўмельцаў, якія тэлефанавалі з дапамогаю дроціка. Учора на пляжы з шкадобаю казалі пра Сярогу, якога сыгналізацыя засекла на парозе з маркету зь дзьвюма пляшкамі віскі.
А сёньня гэтая публіка расхваляваная наагул жудаснай навіной. Выяўляецца, што ў гатэлі ўжо не пасікаеш, як раней, за мілую душу проста ў басэйн. Трэба не па-савецку вылазіць і цягнуцца ў WC, бо ў ваду дадаюць падступны хімічны рэактыў і вакол сікуна ўмомант разыходзіцца фіялетавае воблака ды яшчэ аўтаматычна пачынае граць музыка Вівальдзі.
“Вы только подумайте, сама Алла Борисовна... А им всё равно: плати штраф. Это ж тихий ужас!” — “Ну, пидоры! — салідарызуецца з сымпатызанткамі Алы Барысаўны абгарэлы на сонцы бамбіза. — У них точно мозги не в ту сторону крутятся. Скоро и в море не отольёшь! Тоже какая-нибудь х…я заиграет!”
Уплыў расейскай культуры на тваю творчую асобу значна разнастайнейшы, чым табе мроілася. Перад вячэрай ты плаваеш у басэйне на даху гатэлю, і ў тваю галаву дае нырца спакусьлівая думка: можа, хоць тут цывілізацыя яшчэ не сказала свайго апошняга слова? Вядома, лепей, каб пераканацца ў гэтым паспрабаваў хто-небудзь іншы. Але ты плаваеш на самоце і можаш разьлічваць толькі на сябе.
Ты ўважліва глядзіш на ваду і прыслухоўваесься да арганізму. Ніякія рэактывы цябе ні ў якіх месцах не казычуць. Стэрэакалёнак, адкуль пальецца музыка Вівальдзі, нідзе не відаць…
Вырвацца з плыні магутнай культурнай традыцыі братняга народу табе ўдаецца толькі нечалавечым намаганьнем волі, паклікаўшы на дапамогу цэлую галерэю выбітных продкаў і сучасьнікаў.
“Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!” — усьцешана галёкаеш ты, бегаючы вакол басэйну пад вечаровым, падазрона фіялетавым каталёнскім небам.

Кастрычнік, 2002

 

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы