навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

Краiна бяз будучынi

Чатыры днi ў Эстонii транзытам праз Расею

 
1
 
Перасячэньне межаў, асаблiва ў нашых шыротах, заўсёды абяцае яўную перавагу адмоўных эмоцыяў. Прыемнае выключэньне — мяжа з Расеяй.
Па-першае, нягледзячы на ўсю прапагандысцкую туфту з выкопваньнем памежных слупоў, гэтая мяжа — са слупамi, шлягбаўмамi, чэргамi, мытнiкамi, праверкамi грузаў ды iншымi малапрыемнымi ў iншай сытуацыi працэдурамi — ёсьць.
Па-другое, заўважаюцца прыкметы разбудоўваньня iнфраструктуры.
Вядома, воку бракуе кантрольнай паласы й дроту з дастатковай колькасьцю вольтаў. Мiлiцыянтаў трэба было б замянiць на памежнiкаў. Сьцяг таксама не такі. Але затое адбываецца пашпартны кантроль. Беларускi мытнiк прапануе нам адчынiць багажнiк, наладаваны творамi мастацтва, i цiкавiцца дазволам на вываз.
Мы з мытнiкам — грамадзяне адной краiны, i памiж намi нельга ўявiць размовы, пачутай на першай расейскай аўтазапраўцы: пра тое, што з Чачэнii прывезьлi Сярогу, што цынкавая труна была гэткая ж, як некалi з Аўгану — намёртва залiтаваная, i маманя так i не даведалася, Сярога там цi шматкі якога-небудзь “духа”. I гэта да кiраўнiцтва Сярогавай, а не маёй дзяржавы зьвяртаўся на схiле дзён чачэнец Махмуд Эсамбаеў з просьбаю зноў дэпартаваць ягоны народ, каб уратаваць яго ад генацыду.
 

2
 
Вёска Даласцы, дзе сёньня стаiць расейская мяжа, некалi ўваходзiла ў Полацкае намесьнiцтва. У 1780 годзе, выправiўшыся аглядаць нядаўна далучаныя “искони русские земли”, iмпэратрыца Кацярына II на тутэйшай паштовай станцыi “изволила откушать” i села пiсаць лiст сыну Паўлу: “Сего утра выехала я из Опочки и на 18-й версте въехала в Белоруссию; с самого Острова тянутся все холмы да холмики, между которыми множество озер, что очень красиво; здесь население самое разнообразное, сплошь да рядом обитают православные, католики, униаты, евреи, русские, поляки, чухонцы, немцы, курляндцы, словом, не увидишь двух крестьян одинаково одетых и говорящих правильно на одном наречии; смешение племен и наречий напоминает Вавилонское столпотворение”.
Праз два стагодзьдзi расейскай улады гэтая дзiвосная размаiтасьць моваў, нацыяў, канфэсiяў i строяў трансфармавалася ў правiльны расейскi мат, брудныя боты i ватнiкi п’яных мужыкоў ды ў жывёльны страх. (Калi нам спатрэбiлася ўдакладнiць маршрут, дзьверы ў прыдарожнай вёсцы не адчынiў нiхто, хоць была толькi чацьвертая гадзiна дня.)
 

3
 
Зрэшты, зьнiшчыць або прывесьцi да адной роўнiцы ўдалося ня ўсё. Пакуль што ацалелi азёры і тапанiмiя. Амаль да самай Апочкi, дзе на аўтастанцыi некалі вiсеў загаджаны галубамi ды варонамi адметны лёзунг “Слава советскому народу — творцу строительства коммунизма!”, назвы вёсак лашчаць душу сваёй наскасьцю: Гута, Лiцьвiнаўка, Рудня... За Апочкаю пачынаюць усё часьцей трапляцца тапонiмы, народжаныя мэнтальнасьцю братняга народу: “р. Зарезница”, “Колотиловка”, “Крадино”... I зьнячэўку, ужо пад самым Псковам, як глыток азону — Дупаўка.
Едзеш сабе i ўяўляеш мясцовага настаўнiка-краязнаўцу, якi выводзiць назоў роднай дзеравенькi ад дуплаў, якiх, маўляў, шмат у навакольных лясах. I няўцям яму, небараку, што ягоная малая радзiма атрымала найменьне не ад расейскiх дуплаў, а ад нашых лiцьвiнскiх дупаў, якiя спраўна рабiлi тут сваю справу ў гады Iнфлянцкае вайны, калi вялiкi князь Сьцяпан Батура трымаў у аблозе Пскоў.
 

4
 
Усходнiя славяне мелi тры дзяржаўныя i народаўтваральныя цэнтры: Полацак, Кiеў i Ноўгарад. Драмай для ўсiх трох народаў (бо трэба казаць i пра самастойны ноўгарадзкi этнас) сталася ўзьнiкненьне пад эгiдаю Залатой Арды чацьвертага цэнтру — Масквы, якая атрымала ў спадчыну ад мангола-татараў усю iх дзяржаўную і вайсковую пабудову. Зрабiўшыся, па сутнасьцi, адлюстраваньнем Арды, Масковiя зь неверагоднай жорсткасьцю зьнiшчыла Ноўгарадзкую рэспублiку. У гады апрычнiны слугi Iвана IV, выбiваючы зь месьцiчаў вальналюбны дух, цэлы месяц, як сьвiней, рэзалi ў Ноўгарадзе штодня па колькі сотняў жыхароў. Тады Масковiя канчаткова зрабiла свой выбар, назаўсёды зачынiўшы сабе шлях у Эўропу.
Гэткiя перадкалядныя думкi мiжволi апаноўваюць на вулiцах Пскова, якi колькi стагодзьдзяў жыў у арбiце Ноўгарадзкай рэспублiкi, захаваўшы з таго часу ўласную старажытную архiтэктуру — напамін пра спляжаныя Iванам Жахлiвым магчымасьцi. Дарэчы, i Жахлiвым, i царом-Сабакам назвалi яго не беларускiя нацыяналiсты кшталту Чаропкi, Арлова ды Сагановiча, а — чатырыста пяцьдзясят гадоў таму — недарэзаныя ноўгарадцы ды псковiчы.
Адзiн з нашчадкаў гэтых недарэзаных сьпiць п’яны з мокрымi памiж ног штанамi пад сьцяною бялюткага храму XII стагодзьдзя. Цяжка сказаць, што ён глядзіць у шчасьлiвым сьне, затое, калi расплюшчыць вочы, убачыць на плоце плякат з заклiкам галасаваць за камунiстаў. Цiкава, што перадвыбарчая агiтка прымацаваная на ўзроўнi вачэй заснулага жлукталя. Гэта дазваляе высунуць адразу тры вэрсii: а) што плякат прыладкавалi адмыслова для макраштаннага выбаршчыка; б) што актывiст КПРФ, якi разьвешваў плякаты, ужо не трымаўся на нагах, поўзаючы ад плоту да плоту; в) што гэтым актывiстам быў сам засцанец, якi пасьпеў прыляпiць агітку i ўжо з усьведамленьнем выкананага парцейнага абавязку абрынуўся ў сваю расейскую нiрвану.
 

5
 
Праз гадзiну пачынаецца ня толькi iншая краiна, але iншы культурны кантынэнт. На пляцах перамiргваюцца калядныя ялiнкi, у цёмных вокнах гараць сьвяточныя пiрамiдкi зь сямi лямпачак, у начных крамах прыдарожных вёсак за паўтара даляра можна купiць пляшку баўгарскай “Мядзьведжай крывi”, якая ў нас каштуе блiзу пяцi, а за 2$ — неблагога чырвонага, вырабленага на радзiме Борхэса й Картасара, што ў нас зусiм нiчога не каштуе, бо нам шкодна ня толькі яго піць, але і бачыць на паліцы.
Да прызабытай за гады незалежнасьцi й вiзавага рэжыму Эстонii хутка прасякаесься гэткай павагаю, што адчуваеш нiякаватасьць, зрабiўшы ў лесе адмысловы прыпынак, назва якога гучыць падазрона падобна да найменьня вядомай арганізацыі “Greenpeace”.
 

6
 
Найцiкавейшая гiстарычная адметнасьць Нарвы — заснаваная яшчэ крыжакамі магутная фартэцыя, ператвораная ў велiчэзны музэй з выставачнымi й лекцыйнымi залямi, з сувэнiрнымi крамамi й пляцоўкамi агляду, зь якiх на тым баку ракi вiдаць ужо расейскi Iван-горад, таксама з аграмаднай фартэцыяй — напалову разбуранай, неасьветленай i ператворанай няцяжка здагадацца ў што.
Аднаго разу ў сярэднявеччы большая частка гарнiзону фартэцыi неабачлiва пакiнула горад, выправiўшыся ўгамоўваць неспакойных эстаў. Расейцы перайшлi па лёдзе раку, узялi замак, згвалцiлi i забiлi маладую жонку камэнданта, а ягонага маленькага сына забралi з сабой. Вярнуўшыся з паходу, камэндант умомант вока пасiвеў, колькi дзён, зачынiўшыся ў вежы, тапiў гора ў вiне, а потым загадаў капаць пад ракою лёху.
Праз гадоў пятнаццаць лёха ў Iван-горад была гатовая. Уварваўшыся ў варожы фарпост, камэндант першым чынам вырашыў адпомсьцiць за жонку, пазбавiўшы захопленых расейцаў мужчынскае годнасьцi ў яе першасным сэнсе. У разгар крывавае экзэкуцыi прыцягнулi яшчэ аднаго палоннага. “Сынок! Аўгуст!” — крыкнуў камэндант, кiнуўшыся да юнака з знаёмай радзiмкаю. “Мяне завуць Ваня, а сынок табе — тамбоўскi воўк”, — адказаў маладзён i, выхапiўшы ў бацькi корд, вызвалiў камэндантаву душу ад яе зямное абалонкi.
Прамiнула яшчэ сто гадоў, i Нарву захапiў Пётар I. Ён пачаў з таго, што 1700 з 2000 жыхароў гораду дэпартаваў у Расею.
Цяпер душы камэнданта ды iншых забiтых i дэпартаваных расейцамi нарвiчанаў знаходзяць суцеху ў тым, што сёньняшнiя маладыя нашчадкi пятроўскiх салдатаў старанна вывучаюць эстонскую мову, i, калi ня iх дзецi, дык унукi ўжо будуць эстонцамi.
 

7
 
Ёсьць прозьвiшчы, якiмi, здаецца, сам Бог пазначае неардынарнасьць iхніх уладальнiкаў. Згадайце, напрыклад, сваiх знаёмых Караткевiчаў.
Беларуска-эстонскiм культурным таварыствам “Спадчына” ў Нарве кiруе Тацяна Караткевiч. Тры яе родныя сястры таксама жывуць у Нарве i пасьпяхова займаюцца бiзнэсам, пра што сьведчыць i чатырохпавярховы ўласны дом, у якiм жыве адна сястра, i прыморскi пансіянат “Валянцiна”, дзе паводле цалкам эўрапейскiх стандартаў гаспадарыць другая, i дзе пад пошум прыбою я нарэшце дачытваю пачаты яшчэ дваццаць гадоў таму з фрагмэнту ў самвыдаце “Палёвы вызначальнiк эстонскiх русалак” Эна Вэтэмаа. “Русалкi сапраўды апынуліся тады ў незаслужанай нямiласьцi, iм выставілі суровае абвiнавачаньне ў небыцьцi, прычым адначасна было палiчана магчымым iнкрымiнаваць iм паразытычны modus vivendi i ўхiленьне ад карыснае грамадзтву працы. Вартым асуджэньня быў прызнаны i той факт, што ўдзел русалак у гiстарычнай барацьбе працоўных за свабоду быў мiнiмальны (на жаль, гэта так); iндыфэрэнтнасьць выявiлi русалкi i пры стварэньнi калгасаў”.
Трэба прызнаць, што, адрозна ад эстонскiх каляжанак, беларускiя русалкi выявiлi ўва ўсiх пералiчаных сфэрах непараўнальна вышэйшую грамадзянскую сьвядомасьць ды актыўнасьць. Апрача iншага, яны ў значна меншай ступенi супрацоўнiчалi зь нямецка-фашыстоўскiмi захопнiкамi i ў значна большай — з КГБ. Але, вiдаць, усё ж ня гэтыя ўсьцешлiвыя акалiчнасьцi робяць нас непапраўнымi прыхiльнiкамi “русалкабагацьцяў” шматпакутнай Бацькаўшчыны.
 

8
 
Беларусы i дома, i ў дыяспары вяртаюцца да Беларусi рознымi шляхам. Хтосьцi начытаецца кнiжак. Хтосьцi вып’е ў добрай кампанii патрэбную дозу “белавескай”. Камусьцi пашанцуе на настаўнiцу, а камусьцi — на каханка. Адзiн палачанiн служыў у войску ў Туркмэнii i чамусьцi нi з пушчы нi з поля пачаў сьнiць беларускамоўныя сны...
Нявызнаныя шляхi твае, беларуская душа!
Вось, напрыклад, падымаецца з чаркай у руцэ адзiн малады эстонскi беларус-прадпрымальнiк родам зь Вiцебску і апавядае, як улетку дактары паставiлi яму безнадзейны дыягназ, i як ён склаў запавет i ляжаў ад ранку да вечара на Божай пасьцелi тварам да сьцяны. Ды раптам у працэсе гэтага ляжаньня пачала чаўпцiся ў яго ў галаве нейкая бязглузьдзiца. А менавiта тое, як на пачатку 1990-х дэкан даручыў яму на нейкай вечарыне ўнесьцi ў iнстытуцкую залю дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг, i як ён гэты сьцяг уносiў i потым зь iм стаяў усю вечарыну на сцэне. I чаўплася гэтая несусьвецiца i дзень, i два, i тры, аж пакуль хлапцу не захацелася селядцоў з бульбай. А потым — мяса з чырвоным вiном. А потым — амаль як у рамане таго ж Эна Вэтэмаа “Яйкi па-кiтайску” — да дзевак.
У верасьнi былы безнадзейны хворы адчынiў новую краму, а ў сьнежнi прыехаў на сваёй “Таёце” на прэзэнтацыю “Дзесяці вякоў беларускай гiсторыi” У. Арлова i Г. Сагановiча. Праўда, кнiгу чамусьцi не купiў. Магчыма, пакiнуў гэты сродак у запасе.
 

9
 
Я не мастацтвазнаўца. Я проста адчуваю й ведаю, што ўсё, што робiць з скурай i з скуры мая спадарожнiца мастачка Марына — велiкоднае яйка або складаныя вытанчаныя кампазыцыi — гэта таленавiта i шматзначна ў сэнсе ня толькi асацыятыўным, але і фiлязофскiм.
Сьцены галерэi, дзе адбываецца вэрнiсаж, памятаюць Карла XII, i мне хочацца, каб яны запомнiлi й нас. Яшчэ мне хочацца падысьцi да кампазыцыi “Фаўна сноў” i ўкрадня пакласьцi на яе руку, бо так называецца i адна з маiх кнiжак. Але юная журналiстка, якая цiкавiцца не беларускiм мастацтвам, а “нашым” прэзыдэнтам, бярэ мяне за гузiк, выводзiць у фае i пстрыкае дыктафонам.
Яна глядзiць зь непрыхаваным недаверам i кажа, што напрыканцы XX стагодзьдзя гэтага ня можа быць. Я аддаю ёй нумар “Народнай волi” з партрэтамi зьнiклых Захаранкi, Ганчара й Красоўскага i запрашаю наведаць Менск 25 сакавiка. Яна пытаецца, цi не баюся я вяртацца. Найлепей было б адказаць, што зь ёю я мог бы зрабіцца невяртанцам, i потым, пасьля кароткай пярэрвы, дадаць — “нават да нядзелi”, але штосьцi ў настроi ўжо непапраўна разладзiлася, i я здольны толькi тупавата пахiтаць галавой.
 

10
 
У гарадку Кiвiылi эстонскiя беларусы паставiлi помнiк пісьменьніку Яну Скрыгану, якi працаваў там пасьля вяртаньня зь лягеру i да новага арышту ў 1949-м.
У мяне да Яна Скрыгана свой сантымэнт. Калiсьцi на нарадзе маладых лiтаратараў у былым Доме творчасьцi СП “Каралiшчавiчы” Ян Аляксеевiч, рэцэнзуючы мой юначы аповед пад назваю “Добры дзень, мая Шыпшына”, публiчна квалiфiкаваў гэты найцнатлiвейшы опус як парнаграфiчны. “Чым займаюцца героi Арлова? — рытарычна запытаўся шаноўны мэтар. — I ўдзень i ўначы, перапрашаю, сьпяць!” Было трохi дзiўнавата пачуць такія словы з вуснаў перакладчыка бунiнскiх “Цёмных прысадаў”, але сваю добрую справу яны зрабiлi: папулярнасьць, прынамсi, на той нарадзе мне забясьпечылi.
Жыхар Кiвiылi Ўладзiмер Дзехцярук, якi ставiў помнiк Скрыгану, у тую ранiшнюю хвiлiну, калi я пазванiў у ягоныя дзьверы, займаўся прыкладна тым самым, што й героi майго даўняга аповеду. Я шчыра парадаваўся за калегу, якому дарыла адчуваньне вечнасьцi невядомая ўладальнiца футэрка з прыдзьвернага вешака. Мы мелiся працягнуць свой шлях у Талін, і Ўладзiмер — ня быў бы ён аўтарам кнiгi “Сярод белых эстонскiх начэй” i былым мараком — iмгненна ацанiўшы сытуацыю, папрасiў дзесяць хвiлiнаў i роўна праз столькi выйшаў з сваёй кавалерскай двухпакаёўкi ўжо ня ў плаўках, а цалкам гатовы да падарожжа ў сталiцу.
На зваротным шляху мы зноў завiталi да Ўладзiмера. Футэрка не было. На сьцяне вiсеў ручнiчок з вышытай датаю: 25 сакавiка 1918 году. Мне згадалася, як аднойчы я ехаў з знаёмым амэрыканцам родам з-пад Берасьця недзе ў ваколiцах Балтымору, i ён сказаў, што зараз зьвернем, бо тут за 20 мiляў жыве беларус Лёва. Ролю ручнiка ў Лёвы выконвалi пасеяныя на кветнiку бурачкi — памяць пра матулiны грады.
У нядаўнiм мiнулым быў час, калi мы вось так езьдзiлi i зварочвалi ў нас, у Беларусi. У Зэльве жыла Ларыса Генiюш, у Наваполацку — Сокалаў-Воюш, у Маладэчне — Генадзь Каханоўскi... Тады мой сын пытаўся, чаму па-беларуску гавораць адно нашыя знаёмыя.
Болей такога ня будзе.
 

11
 
Па дарозе ў Талiн на рацэ з амаль наскай назваю Ягала шуміць вадаспад. Такая свойская мiнiятурная Нiягара вышынёю восем мэтраў, зь якой нават узiмку хочацца скочыць у пенную купелю. Улетку такi нескладаны нумар выканае для вас першы-лепшы тутэйшы падшыванец, як некалi кожны з нас, полацкiх хлапчукоў, гатовы быў, разагнаўшыся зь берагу, працягам якога служыла шырокая спружынiстая дошка, нырцануць у Палатý насупраць Спаса-Эўфрасiньнеўскага манастыру. Манашак даўно ўжо вывелі адтуль пад белыя ручкі, пагрузілі на крытую машыну й завезьлі дажываць век у Жыровічы, а ў мурах Крыжаўзьвiжанскага сабору мясцовыя жыхары (дакладней, набрыдзь, што прыехала аднекуль з СССР) гадавалі сьвiней.
Цяпер Божая цьвярдыня адноўленая, i ў ёй па-гаспадарску пахаджаюць праваслаўныя бацюшкi розных рангаў, якiя цьвёрда ўпэўненыя, што Iван IV з Аляксеем Міхайлавічам Цішайшым адбівалі Полацак у літоўцаў і палякаў, але ўрэшце ўсё пайшло намарна, бо нацыяналiсты з дапамогаю Захаду развалiлi вялiкую дзяржаву. Пачутая з вуснаў паломнiка беларуская мова адразу робiць iхнія позiркi напружана-падазронымi; у манастырскiх храмах раз-пораз зьяўляюцца абвесткi, што малiтвы за асобаў з “католическими именами” не адпраўляюцца, а пачуўшы пытаньне, да праваслаўных цi да каталiцкiх належаць iмёны Марыя або, напрыклад, Вольга, як клiкалi першую жонку Вацлава Гаўла, сястра ў Хрысьце адсылае да мацi-iгуменьнi, якая мусiць ведаць, хто такi Гавэл i ў якiх ён дачыненьнях з “истинной” верай.
А ў Палаце, у якую мы некалi сьмела ляцелi “галоўкай”, сёньня ня ўтопiш нават хударлявага (вiдаць, з прычыны каталiцкага iмя) каляманастырскага ката, ня кажучы ўжо пра ягоных эстонскiх рудых супляменьнiкаў, болей падобных не да катоў, а да ўкормленых лiсаў.
 

12
 
На Янаў дзень у Эстонii паляць старыя чаўны, на якiх ужо небясьпечна выходзiць у мора. Для гаспадароў гэта заўсёды трагедыя, якую можна параўнаць з стратаю блiзкага чалавека.
Паром “Эстонiя” выглядаў зусiм бясьпечным... Помнiк ягоным пасажырам — чорная жалезная арка або мост з правалам. Мэтал пакрыты сотнямi iмёнаў i прозьвiшчаў. Сярод iх беларускае вока чамусьцi адразу знаходзiць напамiн пра адзiную беларуску. Зусiм маладой Вользе Мiнчуковай зайздросьцiлi: яна выйшла замуж за швэда i ехала ў швэдзкi рай, замест якога паром прывез яе ў рай без усякiх прыметнiкаў. Цiкава, цi ёсьць у ім Беларусь i Швэцыя, нацыянальныя й моўныя праблемы? Цi гатовы хто-небудзь з багасловаў адказаць на гэтыя пытаньнi? Калi ў раi нiхто ня ведае беларускае мовы, а ў апраметнай на ёй яшчэ гавораць, я моцна задумаюся...
 

13
 
На мой дылетанцкi погляд, сярод усiх жывых i мёртвых удзельнiкаў выставы, прысьвечанай эстонскаму мастацтву XX стагодзьдзя, найбольшага посьпеху ў сучаснага спажыўца мастацкiх каштоўнасьцяў дасягнулi аўтары двух твораў.
Першы выкананы ў генiяльна простай тэхнiцы “вiдэа”: на адным экране юрлiвы маладзён пераключае каналы, у вынiку чаго на другiм, насупраць, зьяўляюцца аголеныя прыгажунi i страхалюдзiны, што, у сваю чаргу, выклiкае адпаведныя эмоцыi на твары ў маладзёна.
Аўтары другога шэдэўру карыстаюцца больш складанай тэхнiкай: “organic materials, canvas, video”. Арганiку ў гэтым пералiку рэпрэзэнтуе г... аднаго з аўтараў, iмя якога чамусьцi не пазначанае ў анатацыi, хоць ягоныя заслугi перад мастацтвам выглядаюць значна больш важкiмi за даробак калегi. Ананiмнае сьвiнчо ня толькi гадзiць, але i заўзята наварочвае лычом выяўленчы матар’ял на падрамнiк з палатном, у той час, як двухногi суаўтар усяго толькi здымае творчы працэс на вiдэа, каб данесьцi яго да вачэй i розумаў аматараў мастацтва.
 

14
 
Пачуцьцё небясьпекi ўзьнiкла яшчэ на эстонска-расейскай мяжы, за якой нiбыта памацнеў вецер i адчувальна апусьцiлася тэмпэратура. Яно ўзьнiкла i не пакiдала і ў згалелых вёсках, дзе няма ды, здаецца, нiколi й не было нi садоў, нi пчальнiкоў, нi гародчыкаў, i ў раённых расейскiх гарадках, якiя праглася як найхутчэй прамiнуць, не скiдаючы хуткасьцi, як гэта бывае ў нью-ёрскiм Гарлэме або ў “чорных” раёнах Вашынгтону. Не пакiдала i сярод занядбаных палёў з пакiнутым трактарам i нейкiмi невысокiмi асьнежанымi грудкамi, што пасьля апошнiх тэленавiнаў з Грознага найперш асацыяваліся з прыцярушанымi сьнегам трупамi.
Адтуль, з глыбiнi выстылага й сьцiхотна-пагрозьлiвага ў сваёй закiнутасьцi “русского поля” i выплыла галоўная выснова гэтае вандроўкi. Выснова, што пачала фармулявацца яшчэ дваццаць гадоў таму ў Ноўгарадзе, калiсьцi Вялiкiм, дзе ў нядзелю гараджане выходзiлi на шпацыр па цэнтральнай вулiцы ў стаптаных пакаёвых тэпцях i спартовых трыко.
Пасьля, у нячастыя вiзыты ў братнюю Расею было намешана ўсяго: некалькi дзён у шыкоўным гатэлi “Масква”, дзе забiлi Янку Купалу; прыбiральшчыца на Казанскiм вакзале, што ўначы будзiла пасажыраў, “падмятаючы” мокрым брудным венiкам iхныя твары; сустрэчы з разумнымi й адукаванымi калегамi-лiтаратарамi, якiя ня верылi, што ў Менску няма беларускiх школаў, але, урэшце, ня надта засмучалiся, бо расейскiя школы ў Менску былi; бязьмежная расейская гасьцiннасьць i абванiтаваныя сьцены ўладзiмiрскага Ўсьпенскага сабору, якi размалёўваў генiяльны Андрэй Рублёў... Але толькi цяпер, пасьля невялiкай, утульнай, ужо амаль эўрапейскай Эстонii, у час нялюдзкiх гекатомбаў богу iмпэрыi ў Iчкерыi, у разгар якiх была падпiсаная гэтак званая саюзная дамова Беларусі з Расеяй, толькi цяпер, на самым ускрайку тысячагодзьдзя, гэтая выснова легла ў ляпiдарную формулу: КРАIНА БЯЗ БУДУЧЫНI.
У нас ёсьць i застаецца Вялiкая мара — невялiкая ўтульная эўрапейская Беларусь, iдэальны вобраз якой пачне ўвасабляцца ў XXI стагодзьдзi. У iх мары пра такую краiну няма ўжо хаця б з тае прычыны, што няма адпаведнай тэрыторыi, ня кажучы ўжо пра традыцыю цi мэнтальнасьць. Узарваная, расстраляная, разбамбаваная, раскрадзеная, замочаная ў сарцiрах i мара iншая. Колькi б крамлёўскiя дачасьнiкi з прыдворнымi нi паўтаралi заклёнаў пра Вялiкую Расею (што сёньня мае бюджэт, роўны бэльгiйскаму), кожны зь iх i сам з болем цi безнадзейнай абыякавасьцю разумее: наперадзе толькi дэфолты, палiтычныя забойствы, войны, галеча, бунты, “ликующая бессознательность” (М. Салтыкоў-Шчадрын), сэпаратызм, як па-расейску завецца iмкненьне народаў да незалежнасьцi, i ўрэшце — канчатковы распад iмпэрыi, у крывавых канвульсiях якой, магчыма, i здолее нарадзiцца новая руская iдэя. Iдэя свабоднай нацыi. Бо ня можа быць свабодным народ, што панявольвае iншыя народы.
 

15
 
Фары высьвецiлi iх зь цемры ў лесе перад Апочкай. Пасярод бязьлюднай шашы, шырока растапырыўшы рукi, стаялi двое. Двухмэтровы “качок” з шырокiм тварам-маскаю i ягоны трохi нiжэйшы хаўрусьнiк у гэткiм самым “адзiдасе”. Нэрвы ў Сашы, Марынiнага мужа, якi быў за рулём, аказалiся мацнейшыя: у апошнi момант “качок”, здаецца, пасьпеў адскочыць у кювэт.
 

16
 
“Как сильно чувствуется разница между Россией и Белоруссией тотчас за межою, которая отделяет Псковскую губернию от Витебской! Другой воздух, другая жизнь в моих жилах!” (Аляксандар Адоеўскi)

Сьнежань, 1999

 

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы