навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

Паром празь Ля-Манш

Вершы

Вярнуцца да Зьместу

Нашэсьце мятлушак
 

У ліпені
горад захапілі
белыя мятлушкі.
Яны кружыліся
вакол поўні
і вулічных ліхтарняў,
езьдзілі ў тралейбусах і
кватаравалі на кніжных паліцах
над ложкам.
Яны апускаліся нам на плечы,
калі мы любілі адно аднаго
перад нашым суўдзельнікам —
авальным люстэркам,
і зьняможана засыналі
на набітых эратычнымі фантазіямі
падушках.
Яны будзілі нас,
асьцярожна апускаючыся
на павекі,
пад якімі круціліся
відэастужкі сноў,
і ў завейным танцы
паўтаралі рыфмы і рытмы
нашае юравабнасьці.
Ты лічыла мятлушак
нечымі душамі
і паіла віном.
Я называў іх
дзіцячымі ўспамінамі
і частаваў марозівам...
Аднойчы ты сказала,
што вынайшла
магічную формулу
пераўвасабленьня
ў мятлушку і,
абдымаючы цябе ў той вечар,
я ўжо ведаў
твой выбар.

Далей: Закаханыя глуханямыя

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы