Уладзімер Арлоў
навіны
жыцьцяпіс
кнігі
творы
крытыка
фота
відэа

Уладзіме́р Аляксе́евіч Арло́ў

беларускі празаік, паэт, гісторык.

Біяграфія
Уладзімер Арлоў нарадзіўся ў сям’і інтэлігентаў (маці працавала выкладчыцай гісторыі, бацька — пракурорам). Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1975). Працаваў у Наваполацку настаўнікам гісторыі (1975—1976), карэспандэнтам, загадчыкам аддзелу, намесьнікам рэдактара гарадской газеты «Хімік» (1976—1986), пасьля пераезду ў Менск -- рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1988—1997). Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. З 1988 у БНФ «Адраджэньне», двойчы выбіраўся ў Сойм БНФ. Цяпер беспартыйны. Грэка-каталік. Жыве ў Менску.
Творчасьць
Дэбютаваў вершамі ў студэнцкім самвыдавецкім часопісе «Блакітны ліхтар» (Наваполацак, 1973). Падчас навучаньня ў БДУ стаў адным з ініцыятараў выпуску ў Мінску самвыдавецкага літаратурнага альманаху «Мілавіца» (1974—1976), за што выклікаўся ў КДБ, для «прафіляктычных гутарак». Разам з В. Мудровым у 1970—1980-х узяў удзел у памнажэньні і пашырэньні шэрагу забароненых на той час беларускіх выданьняў, сярод якіх быў «Расейска-беларускі (крыўскі) слоўнік» В. Ластоўскага.
Вядомасьць прынесла проза, творы гістарычнай тэматыкі, затым зьвярнуў на сябе ўвагу як арыгінальны эсэіст і паэт.
Аўтар шматлікіх кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ.
Творы У. Арлова перакладаліся на шмат якія мовы, у т. л. на ангельскую, нямецкую, польскую, швэдзкую, чэскую, украінскую, вугорскую, францускую, румынскую, расейскую, эстонскую, летувіскую, латыскую, славацкую, грузінскую ды інш. . Больш чым на 25 моваў перакладзенае напісанае ў 1990 эсэ «Незалежнасьць – гэта…».
Аўтар сцэнарыяў навукова-дакумэнтальных фільмаў «Еўфрасіньня Полацкая», «Полацкія лябірынты», «Сімяон Полацкі» ды інш.
Пераклаў з расейскай мовы на беларускую кнігу Мікалая Улашчыка «Была такая вёска» (1989), з украінскай мовы на беларускую кнігі Валерыя Шаўчука «Забойства Пятра Невядомага» (1993), Аляксандра Ірванца «Роўна / Ровно» (2007).
«Уладзімер Арлоў – майстар гістарычнай прозы, іранічны эсэіст. Філіграннае валоданьне стылем і сакавіта-грубаваты гумар зрабілі яго адным з самых папулярных пісьменьнікаў краіны». (Часопіс «ARCHE»).
Узнагароды
1986 — Прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі за кнігу «Добры дзень, мая Шыпшына».
1991 — Мэдаль Францішка Скарыны «за ўклад у распрацоўку тэмы гістарычнага мінулага Беларусі ў літаратуры».
1993 — Выдавецкая прэмія імя Уладзімера Караткевіча за кнігі «Еўфрасіння Полацкая» і «Рандэву на манеўрах».
1996 — Літаратурная прэмія імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру за кнігу «Таямніцы полацкай гісторыі».
1998 — Прэмія Таварыства вольных літаратараў «Гліняны Вялес» за кнігу «Божая кароўка зь Пятай авеню».
2010 — Міжнародная прэмія «Эўрапейскі паэт свабоды» (Польшча) за кнігу «Паром празь Ля-Манш»).
2015 — Прэмія часопісу «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» за аповесьць «Танцы над горадам».
2015 — Срэбны мэдаль «Zasłużony Kulturze Gloria Artis» (Польшча).
2016 — Міжнародная літаратурная прэмія «Алеко» (Баўгарыя).
2016 — Літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру за кнігу «Імёны Свабоды».
2017 — Прэмія Цёткі за кнігу «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі».
2018 — Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця за кнігу «Танцы над горадам».
2019 — Мэдаль 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.