навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафотавідэа
 

 

Наста Грышчук

Полацкі малец з адкрытым забралам.
Балада жыцця і смерці

Уладзімер Арлоў

Памятаеце тэорыю нелінейнага часу? Не існуе мінулага і будучыні. Ёсць толькі бясконцае палатно з кропкамі – усімі падзеямі, што быццам былі і будуць. Быццам – бо ўсё адносна. Найперш – адносна вашага становішча на палатне.

У грузінскай баладзе Уладзімер Арлоў піша:

Гвірабі вяртае ў іншы час
тады свой час ствараў ты сам
выдзьмуваў час
вясёлкавымі мыльнымі пухірамі
мелодыяй трысняговай дудачкі
трапяткой куляй на экскурсіі ў гуце
чамусьці ты думаў:
твой час нараджаецца ад твайго дыхання
для полацкага мальца зусім няблага

Полацкі малец вырас, але не пакінуў надзею кіраваць часам. У кнізе “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань” ён збольшага тым і займаецца, што вольна перасоўваецца па бясконцым палатне. Пераскоквае з купіны на купіну, а вакол – твань забыцця.

Следам крочаць прывіды. Уласна, гэта і ёсць Пятровіч і Здань. А яшчэ Францішак Скарына, Ціт Лівій, Віслава Шымборска, Стэндаль, Актавіян Аўгуст, Данатэла і Дантэ, Адам Міцкевіч, Лютар, Борхес, нават Хрыстос з Пілатам… Пералік далёка не поўны.

Адныя з іх прыйшлі ў тэкст выпадкова. Яны ажылі праз судакрананне аўтара з месцам, якое захавала сляды даўно спачылых людзей. Іншыя здані былі з Арловым заўжды. Гэта рэальныя людзі, якіх у часавых каардынатах аўтара больш няма. Яны ў іншых кропках. Мы гэта завем іншасветам.

Але як такога іншасвету ў Арлова не існуе. Так, ён іранічна разважае пра тое, што ў пекле цікавая кампанія і ўвогуле добрая інфраструктура… Але і гэты, нібыта рэальны свет, і той, нібыта прыдуманы, існуюць на роўных

Крытыкі, якія разважалі пра папярэднія паэтычныя кнігі Арлова, прыпісвалі гэтыю рысу – рэальнасць прывіднага,прывіднасць рэальнага – магічнаму рэалізму. З тым жа поспехам можна свярджаць: Уладзімір Арлоў – ідэаліст. То бок прыхільнік вучэння Платона пра свет ідэальны і матэрыяльны. Ідэя першасная, і нават калі яе матэрыяльнае ўвасабленне будзе знішчанае, сутнасць рэчы застанецца непарушнай.

Як не згадаць:

усё па-ранейшаму
толькі імёны змяніліся

Пятро Васючэнка, пішучы пра “Паром праз Ла-Манш”, параўнаў светабудову верша Арлова з лабірынтам. У лабірынце можна безнадзейна згубіцца, калі не мець арыенцір. У паэзіі Арлова гэты арыценцір – ён сам. Аўтарскае “я”.

Гэта цэнтр каардынатаў, ад якога да розных людзей, у розныя часы разбягаюцца ніткі асацыяцый. І што цікава, паторгванне ніткі памяці не проста ажыўляе персанажа, але робіць яго галоўным героем. Ён перахоплівае аповед. Становіцца на месца аўтара.

І сам торгае за нітачку ўспамінаў.

Так разгортваецца складаная сетка сувязяў паміж рознымі фргаментамі тэксту

Уладзімер Арлоў

У кожнай баладзе ёсць нешта накшталт сюжэта. Ёсць дзеянне ў часе аўтара, паралельна – дзеянне ў свеце “прывідаў”. Часы перагукаюцца. Арлоў рэзануе з мінулым, з сугучнымі асобамі.Напрыклад, Бальтазар з полацкай балады, які жыве адначасова ў старадаўнім княстве і ў сучасным

Полацку. Гэтая балада – пра тое, як няпроста быць катам. “Аркады Падуі” – пра вандроўку ў насычаны гісторыяй горад. Эратычныя прыгоды таксама ёсць. “Мёд” – пра дзяцінства і лёсы сяброў. “Алека” – пра паездку ў Балгарыю. І г.д.

Безумоўна, усе гэтыя “пра” – вялікая-вялікая ўмоўнасць. Сам Арлоў выдатна праілюстраваў абсурднасць спробы ўсталяваць хоць якое “пра”:

паэтка Ольга просіць прачытаць
твой улюбёны верш
о Радзіма мой светач цудоўны адзіны
явар мой мой агністы снягір на сасне
ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай
што ў душы не хацела і ведаць мяне

пра што верш?
верш пра снегіра
такая птушачка з чырвонай грудкай

Да пытання жанру. Аўтар з літасці пазбавіў тэарэтыкаў літаратуры галаўнога болю, пастанавіўшы: гэта балады. Раней адны называлі яго паэзію вершатэксткамі, іншыя – паэтычнымі эсэ. Кожнае з азначэнняў мае права існаваць, а гэта значыць – ніводнае не мае сэнсу.

Балады Арлова – гэта спрэс асацыяцыяі, сімвалы, шырокая геаграфія, перанаселенасць, і ўсё аздоблена іроніяй… Але найбольш уражвае не эрудыцыя аўтара ці паэтычны досціп, а ўменне ўпарадкаваць хаос, які творыцца наўкол і адбіваецца ў паэзіі Арлова. Здаецца, ён адразу скарыўся хаосу. І хаос адказаў тым жа. Як дзікі звер, які адчуў, што яго не збіраюцца прыручаць, заспакоіўся і дазволіў даследаваць сябе. Ад пухнатай і мяккай грывы – да смертаносных іклаў.

І аказалася, што яны аднолькава прыўкрасныя.

хто гэта сказаў пра час:
мы тут былі і адбыліся?
маўляў мілы прытулак
пяшчотны і эфемерны
твой варыянт пазбаўлены лірыкі:
былі і не адбыліся
развеяліся ў экзістэнцыйным тумане
у мілым пяшчотным прытулку
дзе над ложкамі схіляюцца
пачвары і дэманы

***

Застаецца адкрытым пытанне: чаму ў любым творы Арлова абавязкова прысутнічае жанчына?

Зразумела, ёсць катэгорыя пісьменнікаў, якія ва ўмоўным узросце “за пяцьдзясят” маніякальна апісваюць эратычныя перажыванні (сублімацыя на сублімацыі). Але Уладзімер Арлоў не з гэтых шэрагаў. Датычна паэта-інтэлектуала такое тлумачэнне было б, мякка кажучы, прымітыўным.

І яшчэ пытанне: дзеля чаго ўсё-такі гэтыя шэрагі ценяў, паўсюднае ўваскрашэнне прывідаў? Няўжо для стварэння т.зв. “еўрапейскага кантэксту”?.. Ці адно з павагі да спачылых калегаў па пяры? Паэзія, паэзія,

твой арганізм атручаны паэзіяй
да самых карэньчыкаў валасоў

…Адказ аказаўся простым. Анталагічным, можна сказаць.

І літаратура (гэта значыць, творчасць), і жанчыны (што значыць – каханне) у свеце мужчыны пакліканыя перамагаць Смерць.

Цяжка паверыць у гэта, перачытаўшы сакавітыя гімны жыццю, але ўсё да таго: у аснове кожнага верша Арлова – той самы першабытны страх. “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань” – гэта вялікая барацьба са Смерцю. Змаганне з непазбежным, спробы зацугляць час. Таму Арлоў так пільна ўзіраецца ў твары вялікіх, так часта іх згадвае. Пры тым, што кніга пакідае па сабе вясёлае ўражанне (збольшага – за кошт гумару), у ёй багата сцэнаў, дзе Смерць правіць баль.

Надзвычай важна, што ўсе прывіды, якіх Арлоў перанёс у сучаснасць, мужчынскага полу. Калі ж размова ідзе пра жаночага персанажа, Яна перанараджаецца (чытайце “Вуліца Саламеі”). Усё тлумачыцца старой тэорыяй, згодна з якой мужчыны дасягаюць несмяротнасці праз Подзвіг. У нашым выпадку – праз літаратурны геній. Што да жанчыны, яна жыве ў дзецях (тое ж перанараджэнне).

Няўжо толькі пра страх смерці гэтая кніга? Вядома, не. У кожным радку гэтаму страху супрацьстаіць жыццё. А галоўнае – сам Уладзімер Арлоў. Як належыць, з адкрытым забралам.

Наста Грышчук

lit-bel.org

 

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы