Уладзімер Арлоў
навіны
жыцьцяпіс
кнігі
творы
крытыка
фота
відэа

Леанід Галубовіч

Узвысіцца над рэчаісным

Уладзімер Арлоў. Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань. – Мінск: Кнігазбор, 2018. – (Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”; вып. 23). – 252 с.
Гістарычнае і нацыянальна-дзяржаўнае мысленне Уладзімера Арлова праявілася ад самага пачатку яго літаратурнай працы, паколькі было фундаментальна закладзена прафесійнай адукацыяй і ў далейшым скарыстанае яго пісьменніцкім талентам. Сучаснаму чытачу добра помныя яго лепшыя папулярна-асветніцкія выданні: “Таямніцы полацкай гісторыі”, “Адкуль наш род”, “Краіна Беларусь”, а таксама выбітныя кнігі мастацкай прозы: “Дзень, калі ўпала страла”, “Рэквіем для бензапілы”, “Сны імператара”, “Ордэн Белай Мышы” і зусім нядаўняя – “Танцы над горадам”. Ад шмат якіх тут упомненых яго твораў вее мройна-ўзвышаным крылом паэтычнага натхнення. Асабліва ад самнамбулістычных танцаў на гарадскіх дахах... І трэба сказаць, вершаваны ўнёсак У. Арлова ў сучасную літаратуру не менш вядомы і бярэ свой пачатак яшчэ з яго полацкага жыцця і першага пераходнага зборніка вершаў у прозе “Там, за дзвярыма” (1991), які, дарэчы, маецца і ў маёй хатняй бібліятэцы з аўтографам, дзе аўтар цытуе фрагмент аднаго з уласных твораў:
Хто запомніць?
Хто пачуе?
Хто зразумее
галасы нашы?
Гэтыя пытанні, на жаль, актуальныя да сённяшняга часу. І адказы на іх усё яшчэ няпэўныя нават у самых аптымістычных нашых творах, подумках і развагах. Пасля ў Арлова былі зборнікі “Фаўна сноў” і “Паром праз Ла-Манш”, за апошні з якіх ён быў уганараваны прэміяй “Еўрапейскі паэт свабоды” ў Гданьску (2010). З сукупнасці ўсёй яго творчасці відочна, што Уладзімер Арлоў заўсёды быў схільны да пэўнага сінтэзу сур’ёзнай палітычнай публіцыстыкі, гістарычна-меладраматычнай прозы і грамадзянска-лірычнай паэзіі... Валодаючы шырокім драматычным досведам нашага мінулага, маючы цвяроза-саркастычнае стаўленне да сучаснага, ён умудраецца захоўваць упэўнена-іранічны погляд не толькі на беларускае светлае будучае...
Мне здаецца, што менавіта балады, сабраныя ў зборніку “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань” (назва мне, прызнаюся, не надта падабаецца, але яна, відаць, звязана з рэкламна-камерцыйным складнікам выдання), што выйшаў у 2018 годзе пры бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў”, і з’яўляюцца мастацкім прадуктам таго самага сінтэзу ці, інакш кажучы, – цэльна згарманізаванай літаратурнай задумы гісторыка, пісьменніка і паэта.
Уладзімер Арлоў смела (мастацкімі і досведна-энцыклапедычнымі сродкамі) ўводзіць нацыянальную беларускую гісторыю і культуру ў шырокі кантэкст агульнаеўрапейскай цывілізацыі. Яго абсалютна не турбуе ўсходняя ідэалагічная скіраванасць беларускага электарата (і, мажліва, некаторых ягоных чытачоў). Ён захоплены пожадам сутнаснага і ісціннага – праўдай жыцця і мастацкай празорлівасцю. Спалучэннем былога з будучым, дзякуючы адзінаму вектару фізічнага і духоўнага руху. Я заўсёды па добраму ўспрымаў і радаваўся творчым удачам У. Арлова. Вось і цяпер чытанне яго кніжкі, баладны сюжэт якой накрэслены на аснове біяграфічнай датычнасці аўтара да большасці яе гістарычна-вандроўных калізій, прынесла мне не толькі эстэтычнае, але пазнавальнае задавальненне.
Змест зборніка балад выбудаваны ўпоравень з пэўным прамінулым часам і паралельным яму аўтарскім мройна-фрывольным дапасаваннем сучаснасці. Паэтычная задума кожнага твора трымаецца на пэўнай гістарычнай фактуры тых ці іншых яе эпізодаў, якую аўтар выгульвае на шворцы (кампутарнай мышцы) ў сучасных рэаліях. Карціна Усходняй Еўропы падаецца ў розных эпахальных праекцыях і, дзякуючы адмысловым літаратурным прыёмам, якімі Арлоў выдатна валодае, даводзіцца да чытача і ўспрымаецца ім ужо на сваім досведна-свядомасным зломе кожнай канкрэтнай сітуацыі твора. Безумоўна і відавочна, што аўтар кіруе баладнымі дзеямі і сюжэтамі, але не перабольшвае сваёй волі і не узурпуе іх хаду, а эвалюцыйна дэмакратызуе працэс мастацкага і гістарычнага светаўладкавання.
Ярка прасочваецца, як зямная эвалюцыя адладжвае машыну заходнееўрапейскай цывілізацыі, укручваючы туды сваімі зубцамі і шасцяронкамі беларускую нацыю з яе грамадска-палітычнымі, сацыяльнымі, навуковымі, культурнымі і творчымі выбітнымі асобамі і знакавымі праявамі пэўнага часу.
Уласна я падзяліў для сябе балады на чатыры ўмоўныя групы: лірычна-эратычныя (“Кат Бальтазар”, “Мёд”, “Апошняя жанчына Казановы”), гістарычна-асветніцкія (“Аркады Падуі”, “Сура Шэйнбліт”, “Вуліца Саламеі”), грамадска-палітычныя (“Гвірабі”, “Алека”) і літаратурная (“Паэтычны фэст у Друскеніках”).
Па магчымасці коратка паспрабую даць характарыстыку кожнай з балад.
Полацкая балада “Кат Бальтазар” ёсць унутраным маналогам прафесійнага карніка. Размова вядзецца пра раздвоенасць асобы (кат і спагаднік, катуе і любіць), гэта як бы спрадвечны сімвалічны вобраз дабра і зла. Так было ў мінулым і так ёсць сёння: кат – пры часах Трэцяга Літоўскага статута і кат – у сучаснай Беларусі пры электронных тэхналогіях (не зважаючы на зацверджаныя ў ААН правы чалавека)... Аўтар эквілібрыстычна валодае мовай памяці і прадчуванняў.
кат Бальтазар працірае інструменты
раскладае інструменты па шуфлядках
мые стамлёныя рукі
глядзіць на доўгія пальцы
маці хацела каб сын стаў лекарам
кат Бальтазар хоча Юсту
трымціць ад жадання
вылівае на голаў карэц вады
вылівае ў гарляк кухаль мёду-трайняку
як жа катаваць яе божа!
у кожнай прафесіі свае недахопы
кат Бальтазар
гушкаецца на арэлях бяссоння і сну
устае падыходзіць да вакна
глядзіць на цёмную Дзвіну
адказвае на званок з Нью-Ёрку
вяртаецца да кампутара
піша раман пра сучаснае каханне
Чытачу пасылаецца спакуслівая магчымасць умоўнага дапушчэння, што можа нават сам кат Бальтазар і пісаў гэтую баладу, хаваючы свой твар за ўласнымі біяграфічнымі падтэкстамі... Бо такі чалавек па сваёй боскай сутнасці.
Балада “Мёд”, як на маё разуменне, занадта здуманая, таму ў тэксце шмат перабораў, зрэшты, падобнае сустракаецца і ў прозе У. Арлова: памятлівая эратычна-сэксуальная ўзбуджанасць, якая натхняе аўтара на творчы акт...
праз год пасля таго мёду
Нінка спакусіць мяне ў лазні
сцягне праз голаў сукенку
скажа з нявіннай усмешкай
пастаў мне палку
атрымаецца цэлых дзве
Аднак трэба заўважыць, што сцэны падлеткавай цнатлівасці і безграхоўнага лёгкага юру выпісаны аўтарам вельмі ярка і жарсна-запамінальна… На жаль, героі балады рана і безразважна гінуць, і гэты натуралістычны, можна сказаць, у пэўнай меры і спавядальны твор ёсць помнікам іх зямнога, акрыленага, але нядоўгага жыцця (“Вкушая, вкусих мало меда, и се аз умираю”, 1-я Кніга Царстваў).
Што тычыцца багемскай балады “Апошняя жанчына Казановы”, то, найперш, адцемім, што У. Арлоў, бадай, самы эратычны (калі не сказаць больш) сучасны беларускі паэт і пісьменнік, які валодае самым вытанчаным стылем пісьма, пры ўсёй зваблівасці тэмы стараючыся (хоць і не заўсёды) пазбягаць вульгарызмаў і цынічнай юрлівасці. Трэба аддаць належнае гэтаму ягонаму таленту, бо ён распальвае пачуцці нават самага халоднага чытача. Шкада, праўда, што канцоўка твора пушчана на самацёк, не раўнуючы як, прабачаюся, пры нястрымным ці не ў час перарваным сэксуальным акце… І ўсё ж – любоў не менш помная, чым каханне:
у мемуарах ён піша пра ўсіх сваіх жанчын
згадвае кожную на імя на вусны на лоні
на галасы водары пахі
кожная цудоўна пахла
чым больш пацела
тым саладзейшым гэты пах рабіўся
У баладзе “Аркады Падуі” аўтар распавядае сучаснаму чытачу “гісторыі відавочна прысутныя”. Шуткуючы, можна сказаць, што гэтая балада Арлова ўбірае ў сябе ўсе балады Шніпа, бы акіян – рэкі, а калі сур’ёзна, то наогул усю гісторыю еўрапейскага асветніцтва. Яе можна назваць і інтэлектуальнай, бо дзякуючы гістарычнай эрудыцыі аўтара, тут спалучаны між сабою шмат імён і фактаў пэўнага часу (а да ўсяго, многа адсылаў і фрагментарных цытат). Усё завязана на Францішку Скарыну і ўсё ад яго, як ад жыватворнай крыніцы, расцякаецца далей па тэксце… Галоўная выснова твора, што ўсе мы, не зважаючы на нашу прамінуласць ці наступнасць, пражываем зямное жыццё ў адным часе – вечнасці, і ўсе мы ўзаемазвязаныя і ўзаемазалежныя… Таму нават такія разняволеныя строфы, відаць, разлічаныя на прыцягальнасць, бы той яблык на дрэве пазнання, выклікаюць гарманічную асацыяцыю старажытнага і сучаснага:
на сцяне базілікі направа ад увахода
графіці з лічбамі
такое ты бачыў у Горадні на Каложы:
тут я і Нэлі саграшылі
пачалі 21.30 скончылі 22.15
відаць былі школьнікі
або настаўнік і вучаніца
або вучань і настаўніца
настаўніца анатоміі
як некалі ў цябе
твой сябар дзяліўся:
з настаўніцай займаемся 45 хвілін
з дацэнткай акадэмічную пару
дацэнтка любіла казаць вам
сэкс дае адчуванне што мы жывыя
А слова дае нам адчуванне вечнасці. Пра што, пэўна, і хацеў сказаць аўтар балады.
Валынская балада “Сура Шэйнбліт” – гэта Бярдзічаў і неадназначны гістарычны замес нацыянальных драм і трагедый: беларусы, яўрэі, балгары, грузіны, рускія, украінцы… Найперш габрэйкі і… могілкі… Але аўтар пераконвае нас, што
Смерць ніколі не просіць
просіць – Любоў
сустрэч
узаемнасці
пяшчоты
жарсці
вернасці
лістоў
званкоў
эсэмэсак
радасці
болю
немножко денег
просіць – Любоў!
Аднак не ўтрымліваецца, каб абачліва не запытацца словамі ўедлівага чытача:
няўжо твая гісторыя з Бярдзічавам
як і ўсе гісторыі на свеце
пачалася і скончылася
немаведама навошта?
Балада “Вуліца Саламеі”, як і папярэдняя, густа насычана гістарычным часам і асацыятыўным асобасным спектрам (неўміручымі імёнамі). Тут і абрушаны стопавярховы Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку, і Данбас з АТА, і Драгобыч, і Аксана Забужка, і Алена Кіш, і Багуміл Грабал, і Мілан Кундэра… Наогул, як і ў іншых баладах, аўтарам выкарыстоўваецца метад супрацьпастаўлення: кат Баль­тазар і пажадная яму “вядзьмарка” Юста, шарфюрэр Карл Гюгтэр і яго ахвяра Бруна Шульц і г.д.; і не толькі супрацьпастаўлення герояў, але ідэй і ідэалогій, задум і здзяйсненняў, мінулага і будучага… Метафарычна вандруючы па львоўскіх кавярнях, аўтар міжвольна пераўвасабляецца ў іншых герояў, апынаючыся ў даўнім часе і дзіўных сітуацыях. Аднак нязменна адно – заўсёды і паўсюль ён імкнецца за сваім творчым духам, надаючы высакароднасці зямному гістарычнаму часу. Ён атачае чытача хмельна-эратычным трызненнем, прасцей кажучы, уводзіць яго ў своеасаблівы мройна-мастацкі транс:
Тарапаку ты піў з Аксанай Забужкай
вы гулялі па палях і лугах
вострава Готланд Швецыя
займаліся тэорыяй і практыкай літаратуры
уначы ты штудыяваў
Палявыя даследаванні ўкраінскага сэксу
А вось балада “Гвірабі”, натуральна, мае грузінскі змест і замес з прыцягнутымі па асацыяцыі персанажамі гістарычнага і цяперашняга часу. Яе лірычна-тонкі настрой, як пахкая бруя настоенага вінаграднага віна, што, хмельна пераліваючыся пад сонцам, ліецца ў бяздонны рог грузінскай гасціннасці… Не вызнаць ад такой словачыннасці эстэтычнага задавальнення – грэхападобна.
царыцу звалі Тамара
Руставелі напісаў за Тамарай
Рыцара ў тыгравай шкуры
Грузія прысвяціла Руставелі
купюру 100 лары
царыцы Тамары Грузія прысвяціць
купюру 50 лары
паэты цэняцца даражэй за царыц
магчыма і за цароў
цары маюць іншую думку
У нашым выпадку, будзем спадзявацца, што балада “Гвірабі”, напісаная за часам Лукашэнкі, у гэты ж час і будзе адпаведна ацэненая.
Адна з найбольш аб’ёмных, балканская балада “Алека”, заснаваная як бы на рэальнасцях аўтарскага жыцця, усё ж мае фантасмагарыстычны характар, вылуплены з падсвядомых асацыяцыйных напластаванняў гістарычнай памяці. Метамарфозы сучаснага нацыянальнага інтэлекту і менталітэту на фоне падступаючай агрэсіўнай расейскай імперскасці ды глабальнай прагматычнасці.
хто гэта сказаў пра час:
мы тут былі і адбыліся?
маўляў мілы прытулак
пяшчотны і эфемерны
твой варыянт пазбаўлены лірыкі:
былі і не адбыліся
развеяліся ў экзістэнцыйным тумане
у мірным пяшчотным прытулку
дзе над ложкамі схіляюцца
пачвары і дэманы
Колішнія царскія паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань, прозвішчы якіх выбіты на помніку ў Балгарыі (“фамилии какие-то нерусские”), кантрастуюць з двума расейскімі праваднікамі ў цягніках замежнага накіравання (Калянам і Ваванам)… Праз усё выяўляецца спадчынная традыцыя вялікадзяржаўнасці (альбо патугаў на яе). Але што найбольш падвышае і так высокі цэнз творчага таленту У. Арлова, дык гэта тое, што, вольна фантазуючы, ён умее ўвасабляць у арыгінальгую мастацкую карціну як змроенае, так і рэальнае жыццё, прычым у лёгкай чытэльнай, нярэдка іранічнай манеры. Беларускі паэт, які едзе ў Балгарыю атрымліваць прэмію Алека і сутыкаецца з праваднікамі “русского мира” (супрацьстаянне ідэй і ідэалогій)...
калідор з прыбіральняй
Сцяпанавіч з півам
Сцяпанавіч: хороша ты русская земля!
ты маўчыш
здесь на твоей недоношенной мове
никто уже не говорит
не заговорит никогда
я знаю что говорю
я здесь вырос
ты маўчыш
Усё сканчаецца бойкай і – перамогай. Чыёй? Таго, хто хоча міру. І паэта, вядома, які
вядзе музу да пісьмовага стала
там усё звычайна і адбываецца
музе даспадобы што адбываецца
даспадобы што ты шэпчаш на вушка
дрэнныя словы
што ты пішаш дрэнныя словы на снезе
даспадобы што пішаш асадкай
муза кажа: як у часы Троі
ставіш ёй на пісьмовым стале
незалік па гісторыі
Ну і апошняя балада, якая завяршае кніжку – “Паэтычны фэст у Друскеніках”. Як мне падаецца, гэты тэкст напісаны аўтарам як своеасаблівае пасляслоўе і з’яўляецца спробай тлумачэння ўсёй творчай задумы гэтага зборніка. У. Арлоў дзеліцца шматлікімі і паасобнымі літаратурнымі праявамі аўтарскай свабоды слова, якія праяўляюцца пры знешніх абставінах уціску, падчас іх мастацкіх пасылаў бязвольнаму і памяркоўнаму грамадству… У кантэкст уведзена безліч паэтаў і пісьменнікаў розных народаў, ад вялікіх постацяў мінуўшчыны да жывых сучасных класікаў і маладзейшага пакалення...
бачыш як у дзверы
з баявой харугваю фэсту
урываюцца
Дантэ з Хаданавічусам
Муракамі з сакэ і сакурай
венесуэльскі паэт з калашнікавым
and Others
дзесьці за сцэнай
Бон Джові спявае песню
на твой даўні верш
it’s all thee same
only the names have changed
усё па-ранейшаму
толькі імёны змяніліся
Не выпадае спрачацца. Усё як заўсёды.
Падводзячы рысу пад напісаным, што можна сказаць у высновах? Бадай, варта парадавацца, што ў сучаснай беларускай паэзіі з’явілася новая чытэльная кніжка, напісаная інтрыгоўна і займальна, вольна і ў меру распусна, іранічна і гранічна шчыра, гратэскна і грунтоўна… Не толькі для галавы, але і для душы. Пакуль што падобнай літаратуры ў нас бракуе. Дапускаю, што нехта пакажа на яе лёгкасць, аднак гэта будзе толькі павярхоўны погляд, бо насамрэч такой насычанай інтэлектуальнай фактуры і энцыклапедычнай працы мы і блізка не знойдзем на старонках іншых паэтычных выданняў. Прымем да ўвагі і тое, што аўтар, будучы ў пашанотным узросце, маючы заслужаны гонар і ўзнагароды, усё яшчэ па-маладому азартна спрабуе ісці з часам у нагу: адчувае попыт у маладога чытача, а таксама літаратурную і выдавецкую канкурэнтнасць і кан’юнктуру кніжнага рынку (хоць у нашых умовах казаць пра такія рэчы, мабыць, не зусім сур’ёзна і ранавата)… Як публічная асоба Уладзімер Арлоў паводзіць сябе даволі талерантна, але пры гэтым ніколі не спазняецца і паўсюль паспявае. Ён спакойна піша, раз і назаўжды заняўшы сваю адметную нішу ў нашым сучасным красным пісьменстве і знайшоўшы адданых прыхільнікаў уласнай творчасці. Многія ведаюць, што ў літаратурных і калялітаратурных колах у яго шмат зайздроснікаў. Пасля выхаду гэтай кнігі іх адназначна не паменее.
Леанід Галубовіч