навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафотавідэа
Uladzimier Arlou was born in Polacak in 1953. He graduated from the Faculty of History at the Belarusian State University.
Uładzimier Arłoŭ is one of Belarus’ most popular contemporary writers, whose prose and poetry have been translated into more than 20 languages and awarded numerous prizes, including the "European poet of Freedom" award in 2010.

Уладзімер Арлоў нарадзіўся ў найстаражытнейшым беларускім горадзе Полацку ў год Зьмяі паводле ўсходняга календара і ў год сьмерці Сталіна паводле календара савецкага.

У дзяцінстве марыў стаць дзяўчынкай, потым — вадалазам, патолягаанатамам, журналістам, шпіёнам.

Вучыўся на  гістарычным факультэце  БДУ, якому ўдзячны не за атрыманыя  веды зь беларускай мінуўшчыны, а за разуменьне таго, што якраз гэтых ведаў студэнтам там і не давалі.

Першыя творы надрукаваў у студэнцкіх самвыдавецкіх альманахах “Блакітны ліхтар” і “Мілавіца”, пасьля чаго мусіў пазнаёміцца зь літаратуразнаўцамі ў цывільным.

Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, адкуль у 1997 годзе быў звольнены “за выпуск исторической и другой сомнительной литературы”.

Дэбютны празаічны зборнік “Добры дзень, мая Шыпшына” выдаў у 1986-м, пасьля чаго выйшлі яшчэ  трыццаць кнігаў прозы, эсэістыкі й паэзіі, у тым ліку “Таямніцы полацкай гісторыі”, “Адкуль наш род”, “Ордэн Белай Мышы”, “Час чумы”, “Каханак яе вялікасьці”, “Сланы Ганібала”, “Адкусі галаву вароне”, “Фаўна сноў”, “Краіна Беларусь”, “Паром празь Ля-Манш”.

"Таямніцы полацкай гісторыі" і "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі" (у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам) увайшлі ў сьпіс 100 найбольш папулярных беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя, складзены на падставе чытацкіх лістоў газэтай "Наша Ніва"

Ляўрэат некалькіх літаратурных прэміяў, у тым ліку выдавецкай прэміі імя Уладзімера Караткевіча, прэмій імя Францішка Багушэвіча і Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру, “Залаты апостраф” часопіса “Дзеяслоў”, “Гліняны Вялес” Таварыства вольных літаратараў. У 1990-м узнагароджаны мэдалём імя Францішка Скарыны.

У 2010 годзе атрымаў Міжнародную літаратурную прэмію "Эўрапейскі паэт свабоды", якую заснавала мэрыя г.Гданьску.

У 2016-м стаў ляўрэатам Міжнароднай літаратурнай прэміі "Алека" (Балгарыя).

2017 г. - прэмія Цёткі за найлепшую кнігу году для дзяцей (“Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”).

2018 г. - прэмія імя Ежы Гедройца за найлепшую празаічную кнігу году (“Танцы над горадам”).

Марыць, каб ягонае эсэ “Незалежнасьць - гэта...”, напісанае ў 1990 годзе і перакладзенае  больш чым на дваццаць моваў, нарэшце страціла актуальнасьць.

Зьяўляецца таксама ляўрэатам прэміі Барыса Кіта (2004 г.) і прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі" (2008).

Старонкi на Wikipedia

Вікіпедыя (Беларуская)
Вікіпэдыя (Беларуская, Тарашкевіца‎)
Википедия (Русский)
Wikipedia (English)

альбо на нашым сайце

Вікіпедыя (Беларуская)
Вікіпэдыя (Беларуская, Тарашкевіца‎)
Википедия (Русский)
Wikipedia (English)

МАЕ АЛЬФА I АМЕГА

Я нарадзiўся ў год Змяi паводле ўсходняга календара i ў год смерцi Сталiна паводле календара савецкага. Мой прыход на свет адбыўся пад задыякальным знакам Дзевы ў найстаражытнейшым беларускiм горадзе Полацку. Гарадская радзiльня ў той час знаходзiлася на полацкiм Верхнiм замку, за нейкую сотню крокаў ад Сафiйскага сабора. Якраз на Сафiю i выходзiлi вокны палаты, адкуль мая мама Марыя ўпершыню паказала мяне майму бацьку Аляксею. Сафiйскiя вежы, убачаныя няцямлiвымi вачыма немаўляцi, сталiся маiм першым уражаннем ад навакольнага свету, i, магчыма, менавiта гэта прадвызначыла мой лёс.

Маё маленства смяялася i плакала на старадаўнiх полацкiх вулачках, але пра пошукi старажытных скарбаў i лёхаў, што вядуць з полацкiх храмаў на той бок Дзвiны, пра выпрабаваннi смеласцi на вузенькiм гзымсе вакол купалу Багаяўленскаа сабора, пра злачынна ўзняты ў паветра на нашых дзiцячых вачах сабор святога Стэфана, пра нашу 1-ю полацкую школу, пра першае каханне i першую здраду лепей прачытаць у маiх кнiгах.

Мая мама выкладала гiсторыю, бацька працаваў пракурорам. Дзякуючы суровай бацькавай прафесii я атрымаў сваю першую мянушку – Пракурор. Так клiкалi мяне ў мамiнай роднай прыдняпроўскай вёсцы на Шклоўшчыне, дзе я штогод летаваў у бабулi Аўгiннi.

Бабуля была ўдавой. Яе мужа, а майго дзеда Максiма Дзянiсава расстралялi ў 1933-м i рэабiлiтавалi ў 1963-м. Мамiна мацi несумненна мела стасункi з загадкавымi, але наогул прыязнымi да чалавечага  роду сiламi. Яна зашэптвала зубы, спыняла кроў, выводзiла мышэй i «кацiную  драпу»... Спадзяюся, што нейкая частка гэтых здольнасцяў перайшла ў спадчыну да мяне, бо таемную бабулiну сiлу я адчуваю i цяпер, амаль праз паўстагоддзя пасля яе адыходу ў iншы свет.

Бабуля Аўгiння адкрыла мне тое, што цяпер я называю беларускiм космасам. Яна была маёй першай настаўнiцай: не толькi мовы, але, напрыклад, i батанiкi. Яна прыводзiла мяне на поплаў цi на гумнiшча, садзiла на грудок i пачынала свой урок. «Гэта здрыжнiчкi,– казала яна, паказваючы мне краску цi травiнку,– гэта ястрэц, вунь на выжарыне, скрыпень зацвiтае, а во тут братаўка прытулiлася...»

Я атрымлiваў ад бабулi i iншыя надзвычай важныя ўрокi, i дасёння iмкнуся выконваць яе парады. Я не сплю, калi сядае сонца, бо бабуля вучыла, што калi заснеш з iм разам, ураннi ўжо не прачнешся. Я не гляджуся апоўначы ў люстэрка, каб не растаць у iм. Я памятаю, што «нельга любiцца з дзеўкамi ў жыце i ў красках нельга», бо колькi каласоў зломiш, столькi людзей ад голаду сканае, а колькi красак звяне – столькi дзяцей на свет не народзiцца.

Пасля школы зорка лёсу прывяла мяне на гiстарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэту. Там я сустрэў сяброў, дзякуючы якiм канчаткова ўпэўнiўся ў тым, што я не савецкi чалавек, а – беларус i што мая радзiма – Беларусь, а не СССР. Там сустрэўся са сваёй будучай жонкай Валянцiнай, якая стане паэтэсай Валянцiнай Аксак i мацi маiх сыноў Рамана i Багдана.

Тады, на пачатку 1970-х у нашай галоўнай alma mater амаль нiчога беларускага, апрача назвы, ужо не заставалася. Прынамсi, у нас на гiстфаку. Мы чулi, што некалi курс гiсторыi Беларусi чытаўся па-беларуску, але той час ужо здаваўся нам мiфалагiчным. Каб уявiць узровень выкладання айчыннай гiсторыi, дастаткова сказаць, што Еўфрасiнню Полацкую наш прафесар Абэцэдарскi называў на лекцыях царкоўнай цемрашалкай. «Гiсторыя Беларусi» гэтак званага «дакастрычнiцкага» перыяда, якую мы вывучалi, грунтавалася на мiфах, створаных расейскай гiстарыяграфiяй: пра адзiную старажытнарускую народнасць, пра заваёву беларускiх земляў спачатку лiтоўцамi, а потым палякамi, пра адсутнасць у нашых продкаў уласнай дзяржаўнасцi, пра адвечнае iмкненне беларусаў уз’яднацца з рускiм народам... (Дарэчы, калi напрыканцы XVIII стагоддзя мара маскоўскiх цароў нарэшце здзейснiлася i Беларусь у вынiку трох падзелаў Рэчы Паспалiтай «уз’ядналася» з Расiйскай iмперыяй, дзесяткi беларускіх вёсак атрымаў адзiн з фаварытаў iмператрыцы Кацярыны II граф Рыгор Арлоў. Часам мяне апаноўвае спакуса вывесцi свой радавод менавiта ад яго. Канчаткова не закрэслiваючы i гэтай версii, мушу зазначыць, што, напэўна, усё было больш банальна, бо ў роднай бацькавай вёсцы Арловы жывуць амаль у кожнай хаце.)

Але, на вялiкае шчасце, у гады майго студэнцтва з’явiлiся раманы, аповесцi i апавяданнi Уладзiмiра Караткевiча. Дзякуючы iм, я пачаў адкрываць для сябе сапраўдную гiсторыю Беларусi. Гэта была гiсторыя, вартая еўрапейскага народа: з тысячагадовай традыцыяй дзяржаўнасцi, з блiскучымi перамогамi пад Грунвальдам, Оршай i Кiрхгольмам, з магдэбургскiм правам у гарадах, з эпохамi Рэнесансу i Рэфармацыi, якiх гэтаксама як i магдэбургскага права, у Расii нiколi, на вялiкi жаль, не было...

Аднойчы на студэнцкай вечарынцы сярод iншых забаў i гульняў хтосьцi прапанаваў i такую: без роздуму напiсаць iмёны дзесяцi гiстарычных асобаў. Пасля гэтага конкурсу стаяў гамерычны рогат, бо найчасцей у адказах сустракалiся iмёны сярэднявечных японскiх уладароў – сёгунаў. Прычына была ў тым, што ўсе мы захаплялiся таленавiтымi лекцыямi нашага выкладчыка гiсторыi Японii i Кiтая. Але нiхто з нас, будучых выпускнiкоў гiстарычнага факультэта, не згадаў анiводнай выдатнай асобы з мiнулага Беларусi! Яно, гэтае мiнулае, не было часткаю нашай свядомасцi, не ўспрымалася нават намi, студэнтамi-гiсторыкамi БДУ, як неацэнная нацыянальная каштоўнасць. Гiсторыя нашай зямлi не напаўняла жыццё шырокiм непабытовым сэнсам, не дапамагала нам глыбей спасцiгнуць сучаснасць, каб быць гатовымi да будучынi.

Тады я перажыў тое, што называюць «момантам iсцiны». Мне ўпершыню так балюча адкрылася бездань нашага гiстарычнага бяспамяцтва. I я сказаў сабе, што як палачанiн з нараджэння, як гiсторык паводле адукацыi i лiтаратар паводле схiльнасцяў я проста абавязаны змагацца з гэтым бяспамяцтвам, якое ператварае народ у насельнiцтва i ўрэшце пазбаўляе яго гiстарычнай перспектывы.

На той час у маёй лiтаратурнай бiяграфii ўжо былi дэбютныя публiкацыi вершаў i прозы ў студэнцкiх самвыдавецкiх альманахах «Блакiтны лiхтар» i «Мiлавiца». Першы выдавалi мае сябры – студэнты Наваполацкага полiтэхнiчнага iнстытута, другi выходзiў у нас на гiстарычным факультэце. Абодва альманахi былi беларускамоўныя, i ўжо гэтага хапала, каб выдаўцы i аўтары зазналi шмат непрыемнасцяў, блiзка пазнаёмiўшыся з літаратуразнаўцамі ў цывільным. Дарэчы, усе сканфіскаваныя ў нас пятнаццаць нумароў «Блакітнага ліхтара» дагэтуль зберагаюцца для нашчадкаў недзе ў архівах КДБ.

Першая мая кнiга прозы выйшла ў 1986 годзе. Назву ёй дало апавяданне «Добры дзень, мая Шыпшына», адным з першых чытачоў якога быў Уладзiмiр Караткевiч. Атрымаўшы ягоны лiст з залiшне ўзнёслым водгукам на мае лiтаратурныя практыкаваннi, я колькi дзён лётаў як на крылах. Смешна прызнацца, але апрача ўсяго астатняга я яшчэ i ганарыўся тым, што мой адрасант у адной са сваiх заўвагаў не меў рацыi. Караткевiч пiсаў, нiбыта жоўтыя гарлачыкi, як i белыя, нанач закрываюць свае кветкi, я ж, ствараючы апавяданне, адмыслова начаваў каля сажалкi i ўпэўнiўся, што – ва ўсякім разе ў нас, на Полаччыне – жоўтыя гарлачыкi не «засынаюць».

Трымаючы ў руках аўтарскiя экземпляры кнiжкi, я скрушлiва думаў, што ўжо не пашлю яе са свайго Полацка нi Уладзiмiру Караткевiчу, нi Ларысе Генiюш, у якой мне няраз даводзiлася бываць i аднаму, i з сябрамi – маладымi лiтаратарамi i гiсторыкамi. Яшчэ i цяпер калi-небудзь у зiмовую ранiцу, не зусiм прачнуўшыся, мне можа ўсцешана падумацца: перад Калядамi паеду да Бабулi. Так мы называлi Ларысу Антонаўну мiж сабою ў гаворках, у лiстах i тэлефонных перамовах. Мне выпала несцi яе труну i выступiць на пахаваннi над яе магiлай, пасля чаго кiраўнiцтва Саюза пiсьменнiкаў атрымала загад выкраслiць мяне са спiсу ўдзельнiкаў усесаюзнай нарады маладых літаратараў. Хачу сказаць маiм невядомым «дабрадзеям» шчыры дзякуй, бо якраз у днi той маскоўскай нарады мне ўсмiхнулася муза Клiо. Я сеў за стол i напiсаў першае гiстарычнае апавяданне «Мiсiя папскага нунцыя». Гэта быў пачатак другой маёй кнiгi, якая з’явілася ў 1988 годзе пад назваю «Дзень, калi ўпала страла».

З таго часу ў мяне выйшла трыццаць кнiг прозы, паэзii, гiстарычных нарысаў i эсэ. Некаторыя з iх былi адзначаныя прэмiямi i ўзнагародамi, самымi дарагiмi з якiх лiчу медаль Францiшка Скарыны, атрыманы на самым пачатку дзевяностых гадоў, а таксама выдавецкую прэмiю iмя Уладзiмiра Караткевiча i прэмiю iмя Францiшка Багушэвiча Беларускага ПЭН-цэнтра. Як велiзарную ўзнагароду ўспрымаю i пераклады маіх тэкстаў на асноўныя еўрапейскiя, а таксама на польскую, лiтоўскую, эстонскую, румынскую, латышскую, украiнскую, грузiнскую, чэшскую, славацкую ды iншыя мовы. Найбольш у гэтым сэнсе пашчасцiла майму напiсанаму ў 1990 годзе i прысвечанаму чарговай гадавiне БНР эсэ «Незалежнасць – гэта...», якое загучала на дваццацi мовах, i якое, на жаль, не страцiла сваёй актуальнасцi для нас i сёння.

На пачатку 1990-х гадоў, калi кiнастудыя «Летапiс» працавала на беларускую нацыянальную iдэю i мела ў гэтым дзяржаўную падтрымку, паводле маiх сцэнарыяў былi знятыя навукова-папулярныя фiльмы «Еўфрасiння Полацкая», «Сiмяон Полацкi», «Полацкiя лабiрынты». Пад назваю «Рандэву» было экранiзаванае адно з маiх улюбёных гiстарычных апавяданняў «Рандэву на манеўрах».

Разам з беларускай па маiх жылах бяжыць i цыганская кроў. Магчыма, з гэтае прычыны падарожжы займаюць у iерархii маiх жыцёвых каштоўнасцяў адно з першых месцаў. Пачынаючы з 1990 года, калi нарэшце стаў «выязным», паспеў крыху пабачыць свет, наведаўшы дваццаць краiн i чатыры кантыненты. Такi ўжо я чалавек, што паўсюль, нават у Афрыцы, найперш шукаў беларусаў i Беларусь.

Я яшчэ паспеў выпiць глыток вiскi з выдатнай беларускай паэтэсай Наталляй Арсенневай на амерыканскiм беразе возера Антарыё, у яе доме, пад вокнамi якога на кветнiку раслi нашы родныя валошкi. Паспеў пагасцяваць у пiсьменнiцы Аляксандры Саковiч у Клiўлендзе, а ў архiвах беларускай царквы святой Еўфрасiннi Полацкай у Саўт-Рыверы знайшоў неапублiкаваныя рукапiсы вядомага літаратара і гісторыка Юркi Вiцьбiча... Уражаннi замежных вандровак сталiся асноваю кнiгаў эсэ «Божая кароўка зь Пятай авэню», «Адкусі галаву вароне» і «Сланы Ганібала».<

Вiдаць, варта адзначыць, што першым маiм замежным падарожжам сталася паездка на ўрачыстасцi з нагоды 580-х угодкаў Грунвальдскай перамогi, што адбывалiся на тых самых палях i ўзгорках, куды вялiкi князь Вiтаўт прывёў свае сорак харугваў, трыццаць з якiх мелi баявыя штандары з «Пагоняй».

Дадам, што вандроўкi па далёкiх i блiзкiх краiнах канчаткова пераканалi мяне: беларускiя жанчыны – найпрыгажэйшыя ў свеце.

Дарэчы, менавіта каханне я лічу наймагутнейшым «творчым стымулятарам». Расстаньне — таксама. Наконт іншых стымулятараў скажу, што я не п’ю кавы, не палю, музыку слухаю ў хвіліны адпачынку. Раней некаторыя тэксты пісаў «у суаўтарстве» з добрым чырвоным віном. Так, да прыкладу, была напісаная ў сярэдзіне 1980-х аповесць «Час чумы». Я тады цэлы месяц жыў у вугорскай вёсцы ў Закарпацці, дзе абыходзіцца без віна было б проста маветонам. А наогул я ўжо даўно прыйшоў да высновы, што пісаць з дапамогаю алкаголю няварта і, больш за тое, небяспечна, бо ён стымулюе толькі да пэўнае мяжы, а далей пачынаецца хуткі адкат, што сканчваецца творчай бездапаможнасцю і чалавечай трагедыяй.

Habent sua fata libelli. «І кнігі маюць свой лёс», казалі старажытныя лаціняне. Сапраўды, у кожнай з маіх кніг — свая гісторыя. Першае выданне зборніка апавяданьняў для школьнікаў «Адкуль наш род» было на цэлы год арыштаванае, бо нейкі пільны таварыш нашкрабаў у адміністрацыю прэзыдэнта данос, што Арлоў, маўляў, распальвае паміж братнімі беларускім і рускім народамі міжнацыянальную варожасць. Абвінавачванне грунтавалася на адзіным доказе: у кнізе ў дрэнным святле паказаны імператар Пётр I (які ў 1705 годзе ўласнаручна забіваў ў Полацкім Сафійскім саборы уніяцкіх святароў, а ягоныя салдаты пазней зруйнавалі саму нашу старажытную святыню.) На шчасце, розум - дзякуючы некалькім рэцэнзіям на кнігу, напісаным супрацоўнікамі акадэмічнага Інстытуту гісторыі — перамог. Кніга не толькі вырвалася з-пад арышту і выйшла яшчэ трыма выданнямі, але нават патрапіла ў школьную праграму.

Праўда, на мае стасункі з уладамі гэта істотна не паўплывала, і ў 1997-м мяне звольнілі з пасады рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура» з непаўторнай фармулёўкай ў загадзе: «...за выпуск исторической и другой сомнительной литературы». У выніку я атрымаў больш часу на напісаньне гэтай самай "нехорошей" літаратуры, чым і займаюся.

Дзеля справядлівасьці зазначу, што погляды на сумнеўнасць маіх твораў ва ўладных структурах яўна неадназначныя. Іначай Лукашэнка (падазраю, што не са сваёй ініцыятывы, але ўрачыста) не ўручаў бы маю кнігу «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя» пераможцам міжнародных школьных і студэнцкіх алімпіядаў. Падарункавы набор складаўся з дыплома, медаля, маёй «Краіны Беларусі» і кнігі «Речи и доклады президента РБ А. Г. Лукашенко.» Спадзяюся, што адзін асобнік майго цудоўна надрукаванага ў Славакіі фаліянта Аляксандр Рыгоравіч пакінуў у сябе на працоўным стале. Можа, ён і не чытае тэксту, але ў вольную ад больш важных дзяржаўных клопатаў хвіліну разглядвае ў кнізе яе дзве тысячы ілюстрацый, і, магчыма, у ягонай свядомасці мацнее плённая думка, што ў нас, беларусаў, сапраўды еўрапейская гісторыя, а гэта — своеасаблівы пропуск у еўрапейскую будучыню.

Па-свойму дарагая мне кожная з кнiг, на якіх стаіць маё прозвішча, але найдаражэйшаю лічу свае «Таямнiцы полацкай гiсторыi» – маё прызнанне ў любовi да роднага горада. У англiчан ёсць такая прыказка: «Трэба ведаць што-небудзь пра ўсё i ўсё – пра што-небудзь». Полацк, ягоная гiсторыя – якраз тое, пра што я хачу ведаць усё. Спадзявацца на гэта, вядома, наiўна, але, магчыма, сёння няма на свеце чалавека, якi б ведаў полацкую гiсторыю лепей за мяне.

Працуючы над «Таямнiцамi», я даведаўся пра старажытны звычай нашых продкаў-крывiчоў. Дасягнуўшы паўналецця, iх юнакi здавалi своеасаблiвыя iспыты на мужчынскую сталасць. Iм трэба было пераплысцi хуткую i глыбокую раку, зрабiць доўгi пешы пераход праз пушчу, упаляваць тура, мядзведзя або зубра, распалiць у залеву вогнiшча, а яшчэ – абавязкова ведаць сваiх продкаў да пятага калена. Хто не ведаў – не меў права звацца мужчынам. Такому чалавеку не давяралi, яго маглi наогул асудзiць на выгнанне, бо лiчылася, што бяспамятны ў час небяспекi лёгка зробiцца здраднiкам.

Я схапiў паперу з алоўкам i пачаў лiхаманкава маляваць сваё генеалагiчнае дрэва. Першыя вынiкi былi несуцяшальныя. Каб хоць збольшага аднавiць iмёны сваiх продкаў, iх заняткi, адметныя звычкi i ўчынкi, я мусiў некалькi месяцаў распытваць сваякоў, углядацца ў пажоўклыя фамiльныя фотаздымкi, расшыфроўваць дакументы з выцвiлым атрамантам XIX стагоддзя, гартаць ацалелыя кнiгi царкоўных запiсаў. У вынiку было напiсанае эсэ «Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазбегнуць выгнання».

Нашы далёкiя продкi ведалi тое, што цяпер паспяхова даказвае навука. Духоўная энергiя папярэднiх пакаленняў не знiкае – яна жывiць род i ўвесь народ, дазваляе яму ў найцяжэйшы час выстаяць i перамагчы. Хiба выпадкова мы адчуваем гаючае ўзрушэнне каля старадаўнiх сабораў i на палях славутых ратных перамог? Але гэтая жыццядайная энергiя ўплывае не на кожнага, а толькi на таго, хто захаваў з продкамi «канал сувязi» – памяць пра iх i iхнiя дзеi. Склаўшы свой радавод, я пераканаўся ў гэтым на ўласным досведзе, i таму маю права раiць усiм сваiм знаёмым i незнаёмым чытачам: адрадзiце старадаўнi звычай у сваiх сем’ях, займiцеся складаннем радаводаў, якiя будуць з гонарам працягваць вашы дзецi i ўнукi. Сёння радавод шмат у каго атрымаецца кароткiм, але, паверце, усё адно адбудзецца дзiва: продкi пачнуць дапамагаць вам.

Я пераехаў у Менск ужо дваццаць гадоў таму, але Полацк не адпускае i нiколi не адпусцiць мяне. Штомесяц мне проста неабходна хоць на дзень прыехаць туды, каб падыхаць яго паветрам, наведаць магiлы бацькоў, сустрэцца з сястрой Таццянай, каб яшчэ раз пераканацца, што полацкi менталiтэт, пра якi я пiсаў,– не мiф, што ён, гэты менталiтэт, як сказаў у сваiм вершы Рыгор Барадулiн, сапраўды «ад Еўфрасiннi, ад Скарыны...»

У Полацку былi прамоўленыя i напiсаныя мае першыя беларускiя словы.

У Полацку я навучыўся беларускаму светабачанню, светаразуменню i светаўяўленню.

Там альфа i амега майго зямнога падарожжа.

Калi ў Марцiна Лютэра запыталi, што ён будзе рабiць, даведаўшыся, што заўтрашнi дзень у ягоным жыццi – апошнi, ён адказаў: буду садзiць аблынi.

Калi пра апошнi дзень спытаюцца ў мяне, я адкажу, што прыеду ў Полацк, на радзiму маёй душы, маёй веры i майго стаiцызму.

Адна з маiх кнiг, напiсаная разам з гiсторыкам Генадзем Сагановiчам, называецца «Дзесяць вякоў беларускай гiсторыi». Мару, што на мяжы IV тысячагоддзя ад Нараджэння Хрыстовага хтосьцi выдасць кнiгу (звонку яна будзе, безумоўна, анi не падобная да нашых сучасных кнiг) пад назваю «Дваццаць вякоў беларускай гiсторыi».

А на развiтанне — верш, якім адкрываецца мая апошняя кніга «Паром празь Ля-Манш»:

Спроба завершанага жыццяпiсу

Прыйшоў на свет
у год Змяi
паводле усходняга календара
і ў год смерці Сталіна
паводле календара савецкага,
Пад знакам Дзевы,
у радзiльнi
насупроць Сафiйскага сабора
ўПолацку;
быў таемна ахрышчаны
праваслаўным папом,
якога схапiў за бараду
i не адпускаў,
пакуль не паказалi
салодкага пеўнiка на палачцы;
узброiўшыся свечкай
i клубком бабулiных нiтак,
у няпоўныя сем гадоў
выправiўся на пошукi лёхаў,
што ў часы Сцяпана Батуры
злучалi гарадскiя манастыры
і храмы;
З тае пары
так і бадзяюся
па замурованых лабiрынтах,
шукаючы
Полацкi летапiс,
крыж Еўфрасiннi,
і сумнеўную славу;
памру ўлетку,
калi споўнiцца
тысяча гадоў
князю Усяславу Чарадзею;
буду пахаваны
на полацкiх могiлках
святога Ксаверыя
па грэка-каталiцкiм абрадзе;
хтосьцi пакладзе
на цёплую зямлю
букецiк валошак
і тры гваздзiкi
вядомых колераў;
у беларускiм тэксце
на помнiку
згодна з нацыянальнай традыцыяй
будзе зроблена
арфаграфiчная памылка.

2008 г.