|
Крыніца 2002 №2(73)
Міхась Тычына
СЕТКА КААРДЫНАТ
Які ён розны і шматаблічны, Уладзімір Арлоў! Ягоныя кнігі, калі паставіць іх па гадах выдання на адну паліцу, уражваюць сваёй рознафарматнасцю, непадабенствам паліграфічнай якасці, сціпласцю або, наадварот, раскошай афармлення, прастатой мовы і нечаканай яе вытанчанасцю. Грунтоўная "Таямніца Полацкай гісторыі", багата ілюстраваная "У пошуках украдзенага скарбу", шырокафарматная "Адкуль наш род" і - мініяцюрна-кішанёвыя "Там, за дзвярыма", "Фауна сноo". Назвы таксама ледзь не супрацьлеглыя па форме: ад строга навуковай "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі" (сумесна з Генадзем Сагановічам) і да займальна-папулярнай "Рандэву на манеўрах", ад дакументальнай "Еўфрасіння Полацкая" і да аўтабіяграфічнай "Мой радавод да пятага калена", ад постмадэрнісцкай "Рэквіем для бензапілы" і да эсэістычна-іранічнай "Божая кароўка зь Пятай авэню". Наўрад ці Арлоў свядома дамагаўся гэтага эфекту, хутчэй за ўсё, проста ён шукаў дакладныя словы, якія адпавядалі б задуме, а яны нечакана, мусіць, і для самога аўтара стварылі ў выніку разгалінаваную сетку каардынат ягонай творчасці, дзе ўсё ўзаемазвязана з усім.
Гэта - сувязь "вертыкалі" і "гарызанталі" - мусіць, асаблівасць усіх пісьменнікаў, якія пішуць на гістарычную тэму. Варта прыгадаць Уладзіміра Першага (Караткевіча). Хоць бы таму, што імя Уладзіміра Другога (Арлова) натуральна ставіцца за імем славутага яго папярэдніка, успрымаецца і ацэньваецца міжволі на яго фоне, нешта губляе ў гэтым супастаўленні, а нешта набывае. Уладзімір Караткевіч аднолькава геніяльны ва ўсіх жанрах - ад гатычнага рамана да эсэ пра сучаснасць, ад гераічнай балады да сяброўскага шаржу, ад мастацкай літаратуры да кінасцэнарыяў і тэатральнай драматургіі. Уладзімір Арлоў таксама амаль аднолькава таленавіты (пра геніяльнасць пры жыцці пісьменніка можна гаварыць хіба толькі ў тостах) у самых розных жанрах - ад падарожнага нарыса да вострасюжэтнай навелы, ад улёткі, якая сапраўды "лётае" па свеце часам прыпісваецца вядомым рускім цёзкам па прозвішчы, да навукова-папулярнай гісторыі, ад "вершаў у прозе" да дэтэктыўных росшукаў у лабірынтах беларускай мінуўшчыны. Мінулае, сучаснасць і будучыня ў яго творах цесна пераплеценыя, і цяжка сказаць адназначна, што галоўнае, а што другараднае, якое паняцце вядучае, а якое вядомае. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі ўбіраюць у сябе надзвычай багаты і стракаты матэрыял, вымушаючы пісьменніка да пошуку адпаведных формы, жанру і стылявой манеры, каб увасобіць усю яе шматпланавасць і шматузроўневасць.
Нацыянальная сітуацыя патрабуе ад беларускага пісьменніка быць швяцом, жняцом і на дудзе іграцом, зменліва-пластычным Пратэем, які лёгка пераўвасабляецца з празаіка ў паэта, з пісьменніка ў навукоуца, з кніжніка ў агітатара. Але ўсё гэта вонкавыя прыкметы індывідуальнага таленту Арлова. Ужо ў апавяданнях, якія з'яўляліся ў друку адно за адным, а пазней увайшлі ў зборнік "Рандэву на манеўрах", у самой іх танальнасці было нешта асаблівае, што вылучала аўтара нават на фоне яго літаратурнага настаўніка і куміра юнацтва - Караткевіча. Іншы тэмперамент, іншае светаадчуванне, іншае пакаленне. Пакаленне, якое было ў захапленні ад рамантычнай асобы Караткевіча і ад яго буйнамаштабнай задумы і міжволі спрабавала паўтарыць непаўторнае. I дагэтуль спрабуе. У творах Арлова на гістарычную тэму няма свядомай гіпербалізацыі, уласцівай карнавальнай свядомасці і культуры беларускага барока, такога караткевічаўскага, што паўтарыць яго немагчыма. Творы Арлова - вядома, на фоне папярэдняй традыцыі гістарычнай прозы - стрымана-лапідарныя, лаканічныя, графічна-строгія: па сюжэце, інтанацыі, пафасу. Нават жанр аповесці, на які Арлоў зрэдку адважваўся (і, падобна, гэта яму давалася не так лёгка), больш нагадвае разгорнутую навелу з займальным сюжэтам і нечаканай развязкай. На жанр рамана ён не замахваўся калі не лічыць своеасаблівымі раманамі яго "гісторыі" - свайго радаводу, Полацкага княства, Беларусі. З'ява, знаёмая з часоў Чэхава, які прыйшоў у літаратуру пасля Талстога і Дастаеўскага. Той, хто ўсур'ёз мераўся ростам з Талстым, пісаў, адпаведна, тоўстыя і вадзяністыя раманы, як Бабарыкін ці Мельнікаў-Пячэрскі. У сучаснай беларускай гістарычнай прозе такіх Бабарыкіных-Пячэрскіх хапае.
Пасля таго, як гістарычная панарама маштабна ўзноўлена, застаецца шмат працы для вывучэння буйнога плана падзей. Дэталі і падрабязнасці, сэнсавыя канатацыі і нюансы часта кажуць куды больш пра мінулае, чым лёсаносныя падзеі. Для Арлова ёсць гісторыя падзей, а ёсць гісторыя людзей, і апошняя яго цікавіць больш. Такая гісторыя, населеная рэальнымі і прыдуманымі гістарычнымі персанажамі, нам бліжэй, чым абязлюдзелая прастора мінулага. Яна дазваляе адчуць чалавечы змест паўзабытых падзей, якія больш нагадваюць цьмяныя ўспаміны пра нешта такое, пра што цяжка пэўна сказаць, было яно на самай справе ці яго не было наогул. Для "беспрыпыннай Беларусі" мае каштоўнасць усё, што яшчэ не скінута народам у няпамяць і што "засталося // Унукам з прадзедаў жыцця". Купалаўскі запавет збіраць "зярно к зярняці, былое ў думках ускрашаць" быў ацэнены менавіта Арловым належным чынам. Вядома ж, каб "сеўбу новую пачаць".
Вельмі часта прадметам мастацкага даследавання ў Арлова становіцца тое, што адбываецца пасля падзеі, калі больш выразна выступаюць вынікі, усё тое, што намі будзе ўспрымацца як магістральная лінія нацыянальнага развіцця, як скразная трансцэндэнтальная плынь гісторыі.
У апавяданні "Каля Дзікага Поля" ўзнаўляецца эпізод пасля чарговай сутычкі ўсходніх славян з татарамі, у якой, паводле версіі аўтара, мог удзельнічаць і магчымы аўтар "Слова аб паходзе Ігаравым". У дадатак да вядомых канцэпцый Дзмітрыя Ліхачова і Алжаса Сулейменава (паводле версіі аднаго, аўтарам "Слова" быў русіч, паводле версіі другога - продак кіпчакоў-казахаў) прапануюцца свае аргументы наконт аўтарства геніяльнага твора, які сёння лічыцца асобнымі даследчыкамі геніяльнай падробкай. Маўляў, узнікла гістарычная патрэба ў паказе гераічнага мінулага Старажытнай Русі, а адказам на гэтае запатрабаванне стаў твор-падробка. Пры гэтым не ўлічваецца элементарная ў мастацкай творчасці ўмова - феномен генія, які здольны на стагоддзі апярэджваць нашы ўяуленні і веды пра свет і сябе, і відавочна перабольшваецца роля гістарычнай неабходнасці. Геній - гэта і ёсць адказ Бога на нашы пытанні. Апавяданне Арлова можа таксама служыць аргументам на карысць сапраўднасці "Слова": адкуль мог чэх, яшчэ адзін магчымы, паводле сумніўнай версіі Эдварда Кінана, аўтар, ведаць пра князя Усяслава Чарадзея, пра Нямігу, а тым больш пра рэчку Улу, пра якую не кожны сучасны беларус чуў? А самае галоўнае - напісаць пра ўсё гэта з такім пранізлівым лірызмам!
Спробы першаснага асэнсавання падзеі, якая адбылася падчас захопу рускім войскам Полацка, тым больш убачанай вачыма чалавека збоку, абсалютна не зацікаўленага ў аб'ектыўнасці асвятлення, зроблены ў апавяданні "Пішу вам у Масковію". Шараговаму ўдзельніку падзей, які спрабуе пераадолець вузкія межы імперскага мыслення, не па сабе ад думкі, што руская ўлада неасцярожна закранула цэлы пласт быцця, які можа неўзабаве абрынуцца на галовы ўдзельнікаў паходу Івана Жахлівага, па прынцыпе бумеранга, закону ўсеагульнай сувязі ўсяго з усім. Асабліва занепакоіла Аляксея, аўтара "граматы з магістрацкага архіва", спроба "гасудара" вывесці новую пароду людзей ("якія да штодзённых стратаў прылюдных і здзекаў таемных з істоты чалавечае прывычныя будуць, і да таго, што жыццё людское меней за медны грош каштуе"). Гэтае апавяданне, як і апавяданне "Міласць князя Гераніма", мае шмат агульнага з жанрам гістарычнага даследавання - накшталт таго, вобразныя, раманічныя магчымасці якога выдатна выявіў Мікола Ермаловіч.
Акрамя мастацка-чалавечага боку, у гэтых творах шмат спасылак на летапісы і іншыя чыста навуковыя даныя, якія лішні раз пераконваюць, што перад намі - не фантазія аўтара, а вынік яго развагі і аналізу. Але самае галоўнае тое, што гістарычныя навелы Арлова ўзнаўляюць недаступны для многіх сучаснікаў узровень духоўнага разумення гісторыі, нацыянальнай і сусветнай. Менавіта гэта ўражвае ў яго апавяданнях "Пакуль не згасла свечка", "Пяць мужчын у леснічоўцы", "Рандэву на манеўрах", у аповесцях "Дзень, калі ўпала страла", "Час чумы", "Сны імператара". Эпіцэнтр гістарычных падзей, на якім былі столькі часу засяроджаны позіркі аналітыкаў, у творах Арлова прыкметна змясціўся на перыферыю, і ў выніку выявілася: тое, што знаходзілася на ўскрайку гістарычнай свядомасці, і ёсць сапраўдны эпіцэнтр, бо не Меч вырашае лёс цывілізацыі, а Дух, - ісціна даўняя, відавочная, якая, аднак, увесь час патрабуе напамінку пра сябе, пацвярджэння і актуалізацыі.
Вертыкальная вось каардынат гістарычнага існавання, якая спачатку будавалася Арловым па лініі ад мінулага да сучаснасці, неўзабаве дапоўнілася лініяй, якую празаік вёў ад сучаснасці ў мінулае. Так узнік цыкл апавяданняў-даследаванняў, якія ўсё больш нагадвалі разняволенае эсэ, падарожжа па гістарычнай прасторы на працягу дзесяцігоддзяў і стагоддзяў, і якія набылі вядомасць пад назваіі "Мой радавод да пятага калена". Перад намі ўжо прыкметна іншы Арлоў, які жыве і актыўна дзейнічае ў сучаснай "гарызанталі", што дапамагае ўбачыць яго творчасць як своеасаблівую, свядома выбудаваную і грунтоўна прадуманую сістэму каардынатаў, дзе кожны твор, сюжэт, вобраз, дэталь займаюць сваё месца. У якасці гісторыка Арлоў пераканаўся ў дакладнасці ісціны, што застаецца толькі напісанае летапісцамі, гісторыкамі, пісьменнікамі, а ў якасці мастака слова ён упэўнены, што жыццё багацей за любое ўяўленне і што многае застаецца па-за ўвагай сучаснікаў, а без шматлікіх падрабязнасцей прыватнага жыцця чалавека немагчыма па-сапраўднаму адчуць містэрыю быцця.
Гэты творчы прынцып у падыходзе да сваёй мастакоўскай задачы выдатна прадэманстраваны ва ўжо хрэстаматыйным творы "Незалежнасць - гэта..." Што такое ідэя незалежнасці, само гэтае паняцце? Дэфініцыя ў слоўніку мала што дае ўяўленню, а вось нагляднае, карціннае тлумачэнне, каментарый мастака слова, таленавітага і сумленнага, разумнага і асведчанага чалавека, які ўпэўнена вядзе сваю лінію досведу, што такое мастацкая літаратура ў жыцці нацыі і як яна ўплывае на станаўленне асобы, на выспяванне яе гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці, стакроць узбагачае змест гэтага паняцця, цэнтральнага ў іерархіі духоўных каштоўнасцей чалавецтва і ўсё яшчэ перыферыйнага ў свядомасці беларусаў. Той жа творчы, метадалагічны, кажучы лексікай вучоных, прынцып ляжыць у аснове пісьменніцкай працы Уладзіміра Арлова. Гісторыя ў яго навукова-папулярных кнігах - гэта гісторыя і падзей, і людзей, а ў апошнія часы ўсё часцей - і ідэй, якія паступова, хоць нам часам здаецца, што залішне марудна, авалодваюць думкамі сучаснікаў. Гісторыя сучаснасці ў яго шматлікіх эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу "Божая кароўка зь Пятай авэню", апавяданнях і аповесцях "Рэквіем для бензапілы" прадстаўлена як грунтоўна распрацаваная, падрабязна, дэталёва прапісаная панарама сучасных падзей, у цэнтры якіх заўсёды - аўтарскае "Я" з яго выразнай пазіцыяй, гуманістычна-іранічнымі адносінамі да паказу, скрухай, лірыкай, роздумам, непаўторным арлоўскім горкім сарказмам у адносінах да такой недасканалай чалавечай прыроды, не здольнай узвысіцца над хадой часу і над сабой.
На самым перакрыжаванні арлоўскай "вертыкалі" і "гарызанталі" знаходзяцца ягоныя вершы ў прозе, напісаныя, на першы погляд, як 6ы толькі для самога сябе, своеасаблівыя ўрыўкі з інтымнага дзённіка. Тут ёсць згадкі пра жорны, якія смяюцца "голасам маці", спяваюць "голасам бабы Аўгінні", лаюцца "голасам дзеда Максіма", пра першае каханне, калі лірычны герой зрабіўся відушчым і ў той жа час не пазбавіўся слепаты, авалодаў сутнасцю слоў, але яны выйшлі з-пад яго ўлады, прагне сустрэчы з самім сабой, адчуваючы тым часам, як "кожны новы дзень аддаляе мяне ад мяне", пра незабыўнае адчуванне сябе ў вялікім свеце, "дзе сустракаюцца раўналегласці, дзе знікае і нараджаецца час, дзе будучыня была, а мінулае яшчэ будзе", "дзе мяне не будзе" і "дзе мяне не было". Самы вялікі страх пісьменніка - што ён не паспее даць наймення красцы, што пачуе аднойчы вешчае слова, але не зможа перадаць яго таму, хто чакае "майго голасу, нібы паратунку". Уладзіміра Арлова захапляе і палохае шматгранная логіка жыцця, якая ніяк не ўпісваецца ў круг мастакоўскага жадання ўсё назваць словам, ператварыць у вобраз, укласці ў сюжэт, трансфармаваць у вялікую думку. Ён назаўсёды заварожаны містэрыяй зямнога быцця, у якой удзельнічае, якую ў той жа час назірае збоку, аб якой імкнецца распавесці іншым. I не толькі сваім сучаснікам альбо будучым чытачам, але, здаецца, і тым, каго ўжо няма. Хто пражыў свой век ды так і не дачакаўся запаветнага слова. Гэта напаўняе яго голас бясконцай скрухай, у якой зіхціць іскрынкамі, як шэрань у месяцовую ноч, незабыўная арлоўская іронія, дзіця вялікай іроніі гісторыі.
Міхась ТЫЧЫНА
|
|