навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

 

Ала СЯМЁНАВА

 

 РАНДЭВУ 3 ГІСТОРЫЯЙ ІСУЧАСНАСЦЮ. 3 ПОЗІРКАМ - НА ВЕЧНЫЯ СЭНСЫ

 

     ...Збіраючыся пісаць пра Уладзіміра Арлова — буду згадваць толькі і выключна свае асабістыя ўражанні і думкі, не ставячы перад сабою літмісіянерскіх мэт.

 

     ...У сваю пару, як і многім іншым, пад увагу мне трапіліся апавяданні Уладзіміра Арлова. Найперш — "Пяць мужчын у леснічоўцы". Падумалася: калі быць вельмі прыдзірлівым, згадваюцца "93-ці год" Гюго, незабыўны Уладзімір Караткевіч. Аднак я з тых, хто спавядае тую ісціну, што ўсе сюжэты скарыстаныя яшчэ ў Бібліі, і звяртаю больш увагі на тое, як зроблена. А зроблена было — рукою ўпэўненай і майстравітай.

 

     Тым часам выходзіла і першая кніга пісьменніка — ''Добры дзень, мая шыпшына". Як гэта часта ў нас здараецца, аўтар даўно ўжо перарос тую кніжачку, але яна была заўважана — лаўрэацтва (прэмія Ленінскага камсамола, потым шматлікія выданні — прэмія імя Ф. Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра, пераклады на іншыя мовы, шырокая прэса, выступленні аўтара па радыё і тэлебачанні).

 

     ...Стос кніг Уладзіміра Арлова. Проза сучасная, проза гістарычная, вершы ў прозе, вершы, эсэ, гістарыяграфічныя і гістарычныя нарысы, сцэнарыі, артыкулы...

 

     Сур'ёзны момант — У. Арлоў умее не толькі пісаць, ён спрактыкавана друкуецца ў самых розных выдавецкіх структурах у сённяшні няпросты і амаль фантастычна непрадказальны час. Кажу гэта, канстатую — з выключна станоўчага боку, не маючы тут ані ценю дакору. Ёсць і такая здольнасць. Выдатная. Бо талент і практыцызм не так часта сустракаюцца ў адным чалавеку. Ёсць у яго і здольнасць папулярызатара. Некаторыя іранізуюць — самога сябе. Зазначу: беларускай літаратуры, культуры, гісторыі — праз свае творы, найперш.

 

     ...За гады творчай працы У. Арлоў зазнаў і водар рамантыкі, і выпрабаванне эзатэрычнымі варыяцыямі на розныя тэмы, і кшталт "празаізаванай рэальнасці", і прастору гістарычнага часу. Зазнаў і ауру містычных уплываў, і смак змены шырот і мерыдыянаў, і асаблівы настрой вяртання да звычнага і знаёмага — пасля прыгод на Пятай авеню ці ў берберскай вёсцы.

 

     ...Гартаючы кнігі У. Арлова, узяла і перачытала яго апавяданне з першай кнігі "Клён".

 

     Не магу сцвярджаць, што я такі ўжо сентыментальны чалавек, аднак ёсць з'явы, якія заўсёды вяртаюць нейкую свежасць душы. Ну, скажам, мройныя карункі вясновых бяроз, водарна-кароткае хараство бэзу, урачыстае святло вясновых каштанаў, развітальная, уладарная, яркая краса восеньскіх клёнаў... А знікненне гэтага хараства — заўсёды балючае, заўсёды ўспрымаецца як уласная страта, асабістая драма... Не ў сэнсе вокамгненнасці гэтых з'яў — але ў тым разбуральным, знішчальным, што так часта нясе з сабою чалавек.

 

     А драма асуджанага на пагібель клёна ў апавяданні У. Арлова — пранізлівая, безвыходная... I — бессэнсоўная. Вось проста захацелася "ўладару прыроды" — чалавеку — і суседзям насаліць, і самому дурнотную сваю натуру выявіць. Гісторыя вярэдзіць розум яшчэ і таму, што ненавязліва падсвечваецца драмай іншай: быў у клёна адзін гаспадар, другі... А трэцяга не прадбачыцца... I тут — клён: сімвал, знак... Адыходзіць у вёсцы "сапраўднае, карэннае, існае, прыгожае... Што застанецца?

 

     Апавяданне гэтае — у тых традыцыях, якімі моцная беларуская проза. Іван Пташнікаў, Віктар Карамазаў, Алесь Жук... А Хрысціна Лялько!

 

     Для творчай манеры У. Арлова гэтае апавяданне хутчэй выключэнне, не правіла. I справа не ў тым, што выключэнні падцвярджаюць правілы. Гаворка пра тое, што ёсць і вось гэты матыў — пэўнага сэнсу і пэўнай мастацкай формы, пэўнай лірычнай канцэпцыі ў творчасці У. Арлова. Калі ўзяць больш высокую танальнасць — ёсць такая струна душы. Нездарма пісьменнік уключаў апавяданне ў многія свае кнігі прозы, змешчана яно і ў выданні 2001 года ў серыі "Беларуская проза XX стагоддзя". Значыць, і сённяшняму У. Арлову, вядомаму аўтару мноства кніг, дзе стаіць яго прозвішча, нечым важны гэты матыў, ён хоча, каб той прагучаў у шматгалоссі яго цяперашняга творчага існавання: самадастатковасць і вызначальнасць прыроды ў кожнай яе праяве, значнасць бескарыслівага жыццёвага ладу, рытму зямлі, рытму існавання.

 

     Рытму існавання ўвогуле. I рытму існавання творчага. I ў тым пульсуючым заканамерным чаргаванні сэнсаў, гукаў, вызначэнняў, самарэфлексій, звычак, містэрыяльных дзействаў, ушчыльненых фантазій, эсхаталагічных бачанняў, "арфічных" прасвятленняў і дакладнасцяў эзатэрычных мэт — неабходна пабачыць, адчуць, прадвызначыць у лірыка-філасофскіх штудыях кніг "Там, за дзвярыма" і "Фаўна сноў", многае з таго, што канкрэтызавалася ў творчасці ў розных жанравых і сэнсавых увасабленнях і што толькі шукае выйсця, фармуецца ў нейкія мастацкія вопыты... Ці знойдзе?

 

 

           Пачынаю чуць чужыя думкі —

 

           яны ўрываюцца ў маю свядомасць,

 

           як ластаўкі ў разнасцежаныя вокны.

 

           Пачынаю бачыць чужыя сны —

 

           раніцою гляджу ў люстэрка: хто

 

           гэта?

 

           .....................................

 

      Думаю неадчэпна: да чаго рыхтуе

 

      мяне Ён?

 

 

 

     Да чаго? Усё — няпроста, размаіта, недзе перанасычана знешнімі эфектамі, недзе пераважаюць вонкавая вастрыня і кідкасць, а недзе — намацваецца сутнасць, існасць, выпрацоўваецца сістэма ідэй.

 

 

     Малюю сястру маю яблыню...

 

     .....................................

 

     Малюю каханку маю яблыню...

 

     .....................................

 

     Малюю варагіню маю яблыню...

 

     ......................................

 

     Малюю душу маю — яблыню.

 

 

     Сэнсы-перадумовы, якія знаходзяцца па-за полем будзённай свядомасці, даканцэптуальныя сэнсы, фантастычныя здагадкі, каштоуныя знакі, за якімі вымалёўваюцца адзінасутнасныя непрадухільнасці, нязменнасці...

 

     Запаветна-асабістае, спробы вызначыць корань рэалій, немудрагелісты, як быццам лірычны "рэквізіт" — і парадоксы, анамаліі сэнсаў з простым, ясным і значным, выніковым і ледзь не справаздачным.

 

     Што раптам абарочваецца — саркастычным, двухсэнсоўным і адназначным адначасова, калі вокамгненнае і, здавалася б, з прыцэлам на вечнае аказваюцца аднолькава ўяўнымі і нядзейснымі.

 

 

     Помнік,

 

     "глухі, невідушчы, глядзіць ён на

 

     горад, у якім нарадзіўся...

 

     ....................................

 

     Яны прыносяць яму кветкі, не ве-

 

     даючы, хто ён;

 

     яны прысягаюць імем ягоным, за-

 

     быўшы сапраўднае імя яго;

 

     яны славяць яго, не ведаючы, чаму

 

     вучыў ён.

 

 

     Ці тут нарадзіўся я? — у роспачы

 

     думае ён.

 

 

     ...Вось тут я бачу і чую сваіх апанентаў — пра што гаворка? Не тым вядомы, не з-за таго вядомы Уладзімір Арлоў.

 

     Вядомасць яму далі, і сапраўды, іншыя творы. Аднак свядомасны, псіхалагічны, канцэптуальны код яго творчасці — тут. Мне здаецца, тут і адбітак пошукаў У. Арлова — на творчым раздарожжы — у дадзеным выпадку, да таго ж, пад уплывам Алеся Разанава, Міхася Стральцова, больш далёкіх і шматлікіх аўтараў, дзе пералічаць можна доўга: Юнга і Шпенглера, Джойса і Апалінэра, Борхеса і Маркеса... Еt cetera. I найбольш — зноў жа, іспанамоўных аўтараў:

 

 

     Так я гутару з табою,

 

     адважна здымаючы двукоссі

 

     з цытатаў лацінаамерыканскіх

 

     раvаністаў...

 

 

     Калі я пазначаю "на раздарожжы", маю на ўвазе зусім не тое, што У. Арлоў апантана мітусіўся, кідаўся ад адной творчай плыні да другой... Не.

 

     Ён ужо меў трывалы творчы грунт. Празаік гістарычнай сучаснай тэматыкі, творца, што працягвае, не эпігонствуючы, працярэбліваючы свой шлях, традыцыі Уладзіміра Караткевіча і Міхася Стральцова. Ад яго ўжо чакалі... новых твораў. Працягу? Нечаканых паваротаў? Вось гэта і было пытаннем для самога пісьменніка. На тую пару — аўтара гістарычных апавяданняў "Пяць мужчын у леснічоўцы", "Пакуль не згасла свечка", "Міласць князя Гераніма", "Каля дзікага поля", "Рандэву на манёўрах" і г.д. Аўтара гістарычных аповесцяў "Сны імператара", "Дзень, калі ўпала страла", "Час чумы"... Аўтара эсэ, шматлікіх апавяданняў на сучасную тэматыку...

 

     Ужо вызначыліся асноўныя дамінанты творчасці У. Арлова: нацыянальная ідэя, Беларусь у самавызначанасці сваёй і ў сувязі з іншымі народамі, гістарычныя шляхі нашай Айчыны і суайчыннікаў, гістарычныя моманты вызначальнага, гераічнага кшталту, нацыянальная свядомасць і самасвядомасць.

 

     Ужо чытачы цвёрда ведалі, што калі піша Уладзімір Арлоў, дык ён не толькі цвёрда і ўпэўнена ведае гістарычныя факты, рэаліі рэчаіснасці і побыту, але яшчэ і мае той мастацкі зрок, што дазваляе яму вызначыць духоўныя каштоўнасці, унутраны, псіхалагічны грунт быцця ў гістарычнай прасторы, неадменную маральную тэму, дзе праглядваецца і яшчэ гэты пункт адліку — "вечны сэнс".

 

     Хаця... пэўнае веданне рэалій побыту, фактаў — тыя "азы", без ведання якіх гістарычная проза ператвараецца ў збор недарэчнасцяў і памылак, таксама надзвычай важнае. Паводле некаторых твораў беларускай гістарычнай прозы можна выдаваць зборнікі анекдотаў: то ў аповедзе пра Францыска Скарыну згадваецца Гарвардскі універсітэт, што быў адчынены праз трыста год пасля таго часу, калі жыў беларускі першадрукар; то ў XI стагоддзі героі наедкам сваім маюць дранікі... і г.д.

 

     Ва Уладзіміра Арлова — трывалы фактаграфічны грунт, выдатнае веданне гістарычных рэалій. Калі будзе згаданы трактат Катарыны Сфорца "Як стаць прыгожай", дык можна быць упэўненым, што тыя меркаванні шаноўнай сіньёры не з'явіліся стагоддзі праз чатыры пасля згаданых пісьменнікам дзействаў. Калі будзе весціся гаворка пра дашчатыя броні — дык так яно і ёсць: даспехі накшталт кальчугі, зробленыя з металічных пластачак. Калі герой лье ў кубак мёд-трайняк — то ўжывалі такое пітво, і г.д.

 

     У. Арлоў адчувае і стыль, стылістыку эпохі, яе мову, лад, спосаб мыслення: "Беларусінаў прыйшло ў тым войску лікам да пяці тысяч, і ўсе біліся мужна, і многія заручыліся там з зямлёю". Або: "...дайшлі да нас чуткі, нібыта атабарыўся ў месцы гэтым вучоны немец Ёган Гутэнберг, што вымысліў варштат дзеля перапісвання кніг без пёраў і атраманту. Калі праўдзівая гэтая пагудка, падамся я да яго ў навуку, бо не пагас яшчэ ў душы лятунак паслужыць асвеце люду нашага паспалітага".

 

     Усё пералічанае стала як бы неад'емным і безумоўным для пісьма У. Арлова, зрабілася адзнакай яго стылю.

 

     Ужо сталі ледзь не хрэстаматыйна вядомымі героі твораў У. Арлова. Вольналюбівы пісьменнік Незабытоўскі, той самы, што паведамляе свайму пляменніку: "Адзін разумны чалавек сказаў, што ёсць у Расіі два праваднікі: язык — да Кіева, а пяро — да Шлісельбурга": "... Не кожны сачыніцель атрымлівае ў якасці ганарару дваццаць гадоў катаргі". Нарадаволец Ігнат Грынявіцкі, што ахвяруе ўласным жыццём, каб, як яму здаецца, пазначыць шляхі да светлай будучыні іншым. Асветнік і паэт Мікола Гусоўскі, што ў далёкім Рыме адстойвае годнасць чалавека з зямлі пушчаў і зуброў, выяўляе высакародства і шляхетнасць, якія зрабілі б гонар любому з самай вядомай і рыцарскай на тую пару краіны Еўропы. Уладзімір, князь зямлі Полацкай, мудры і смелы... і г.д.

 

     Персанажы гістарычныя, з падсветкай таго рамантызму, што вызнаецца рэальнасцю рэчаіснасці. Як і тыя ідэі і ідэалы, пра якія адзін з галоўных ці, хутчэй, галоўны персанаж аповесці "Пяць мужчын у леснічоўцы" гаворыць: "Я ўпэўнены: калі б не героі Касцюшкі, калі б не паўстанне трыццатага года, не існавала б ні сённяшняга мяне, ні маіх людзей. І вас, капітан, афіцэр царскай арміі ў палоне ў інсургентаў, — таксама. ... Ідэалы жывыя, пакуль яны жывуць у сэрцах. Калі яны застануцца толькі ў старых кнігах, яны памруць. ... Каб ідэалы жылі, трэба, каб за іх нехта гінуў. Такі закон. А таму — Gloria victis! Хай і цяпер мы не пераможам, але ўрэшце людзі зразумеюць, што яны не статак, а народ".

 

     " Gloria victis! " - слава пераможцам! Уладзімір Арлоў сцвярджаў  — за Уладзімірам Караткевічам, за іншымі беларускімі адраджэнцамі — нацыянальную ідэю, ідэю нацыянальнай годнасці.

 

     Гэта ўжо было творчым набыткам пісьменніка.

 

     Ужо вызначылася шмат у чым яго творчае аблічча. Адметнае, сваё. Адрознае і ад Уладзіміра Караткевіча. Пра гэта мне даводзілася пісаць. Аднак пазначу зноў.

 

     Гістарыясофская проза Уладзіміра Караткевіча, дзе яго цікавяць дынаміка падзей, светасузіранне часу, памкненні людзей, характары, дзе разгортваюцца шматпланавыя карціны рэчаіснасці, і лірычна-камерныя, моцныя магутнай, стыхійнай хваляй думак, эмоцый, слоў, уздзеяннем характараў гераічных, яркіх, незвычайных. Уладзімір Караткевіч — увесь час у палёце, у буйным ветравароце задум, сюжэтаў, у іскрыстай плыні вобразаў, искромётной стыхіі слоў... Ён імкнецца паказаць рэальнасць — гістарычную ў тым ліку — шматколерна, шматпланава, шматаблічна... Часам сам захлынаючыся ў сонечнай стыхіі свайго таленту і творчага тэмпераменту, але — магічна! — уздзейнічае на іншых. На моладзь, на падлеткаў — неадбойна! I я не стаўлю мінулага часу — ён сённяшні і заўтрашні, ніякіх плюсквамперфектумаў!

 

     Уладзіміра Арлова плынь не падхопіць. Ён кіруе сваёй творчай ладдзёй, недзе выкарыстоўваючы інерцыю плыні, недзе абмінаючы віры і бездані... Стрыманы, спакойны, іранічны, часта — саркастычны, сарданічны нават, калюча-ўшчыплівы. Ён уважліва сочыць за кампазіцыяй, архітэктонікай твора, дапасоўвае словы — што кладку цагляную кладзе. Свае перавагі. I свае страты. А інакш не бывае.

 

     Зноў нагадаю — напачатку, у сярэдзіне 1990-х, гэта было ўжо творчым набыткам. I пачалі з'яўляцца гістарычныя постаці не рамантычнага плана (Напалеон Банапарт, Кацярына II), а героі — носьбіты нацыянальнай ідэі: мы ўспрымаем іх праз успрыманне галоўных персанажаў. Да таго ж — гэта людзі пэўнай ідэі, настраёвасці, аднак не гераізаванага кшталту. Застаўся нашчадак старажытнага роду, паляўнічы, што неаднойчы на мядзведзя хадзіў, у памяці імператрыцы як увасабленне дрымучай, неўтаймоўнай сілы; пакінуў нават ёй пярсцёнак, не ўзяўшы прэзента ад яе; згадвае яна яго, памятае, што не назваў "зоренькай", прынамсі, ведаў — прынята... А ўсё ж... Прыйшоў да царыцы, сярод процьмы іншых... Не адхіліў увагі... Хаця... выбару не было. Аднак Незабытоўскі наўрад ці стаў бы цешыць царыцу... Можна, безумоўна, зірнуць і інакш: для мужчыны — адной кабетай менш, адной больш... I ўсё ж...

 

     I гіпатэтычная каханка Напалеона — ліцвінка, якую ён нібыта згадвае на далёкім востраве Святой Алены... Тут таксама самаахвярнасць і высакароднасць, так бы мовіць, з чырваточчам. I патрыятычны такі ўчынак у гэтых мясцінах Еўропы ўсё ж ува ўсіх асацыіруецца з Марыяй Валеўскай, прыхільнасці якой Банапарт дабіваўся напорыста і да пэўнага моманту — беспаспяхова.

 

     Аднак... Новыя творы У. Арлова так ці інакш уводзяць нашыя нацыянальныя турботы ў больш шырокі — еўрапейскі, і не толькі, кантэкст. Напалеон, Кацярына II. Лёсавызначальныя і, здавалася б, прыватныя моманты, што, аднак, даюць магчымасць зірнуць на гісторыю больш шырокага арэала — геаграфічнага і светапогляднага — праз светлафільтры нашага нацыянальнага ўспрымання і ўводзяць разуменне абавязку і наканаванасці, асабістай свабоды і гістарычнай прадвызначанасці, драмы бескампраміснасці і кампрамісу.

 

     У. Арлоў па-ранейшаму аддае перавагу маналогу, унутранаму маналогу, монадзеянню і дыялогу. Ён імкнецца запаўняць пэўныя ўчасткі "контурнай мапы" гістарычнай памяці, спасцігаючы гістарычную рэальнасць, але і ствараючы свой мастацкі свет, дзе ёсць унутраная, сталая тэма, якая дэтэрмінуе, вызначае сюжэт, падпарадкоўвае сабе фактары знешнія, падзейныя.

 

     А тым часам — ужо Беларусь становіцца асобнай дзяржавай, тут, як і на ўсёй постсавецкай прасторы, адменена цэнзура, з'явіліся прыватныя выданні і выдавецтвы, з'яўляецца такая постаць, як спонсар, мецэнат... Адным словам, нечуваныя і не бачаныя раней магчымасці. Пакаленне Уладзіміра Арлова — у найвыйгрышнай сітуацыі: атрымана адукацыя, хай сабе і з усімі хібамі савецкага часу, але бясплатная, набытыя веды — у бясплатных бібліятэках, набытыя кнігі — у параўнанні з коштам у іншых краінах свету, дармавыя, прачытваецца перыёдыка, надзвычай насычаная зместам у гады перабудовы, ды і з цікавымі прарывамі — да таго. Пакаленне У. Арлова досыць сур'ёзна і адважна абвясціла пра сябе і многае паспела ўжо спраўдзіць.

 

     Час адкрывае неверагодныя магчымасці. Нечаканыя свабоды. Неймаверныя спакусы. Мажлівасць не толькі ісці за сітуацыяй, але і фарміраваць яе. Можна выявіць сваё "Я" ў якіх сабе хочаш іпастасях. Якія заўгодна ролі і антыролі, якія заўгодна вандроўкі — у знешнім свеце і ў глыбінях самасвядомасці. Ідэя маналітнага субстанцыяльнага "Я", дэперсаналізаванага "Я" і канкрэтнага, у гістарычным часе і пэўнай рэчаіснасці — гэтага самага "Я".

 

     Шматлікія карціны і вобразы персаналізаванага "Мы". Шматлікія вобразы і карціны "Я". З'яўляюцца згаданыя вышэй "Там, за дзвярыма" і "Фаўна сноў". Выходзяць у свет кніга "Рэквіем для бензапілы", дзе дарэчы, ёсць і аднайменнае апавяданне, і "Сібірская аповесць", і "Краявід з ментолавым пахам". Друкуюцца шматлікія эсэ паводле вандровак: Англія, Нямеччына, ЗША, Беларусь...

 

     Не атаясамліваю герояў і аўтара, аднак, якая б ні была дыстанцыя, ёсць пазіцыя, ракурс бачання. I ў гэтым ракурсе — герой. На фоне, у экстэр'ерах і інтэр'ерах, у часе і прасторы. 3 тым гранічным адкідваннем усіх недамоўленасцей, вуаляў, эўфемізмаў, з нечаканай грубаватасцю і зрываннем усіх заслон.

 

     Гэта агульны павеў. Калі не забаронена, значыць, дазволена. I чаму б не пагарэзаваць? Памятаю, у "Крыніцы" практыкавалі вёрстку допісаў пра чарговую гераіню альбо героя - падвёрсткай, падвальчыкам. I якія толькі тэксты ні даводзіласі сустракаць над сваімі радкамі! Шчыра радавалася новай вёрстцы, хаця ў ёй ёсць свае выдаткі, - але ж затое дыстанцыяванасць тых, хто піша пра пэўную асобу, і напісанага гэтай асобай. Няма "падвярстанага крытыка" — і гэта справядліва, бо чалавек часам піша не толькі пра аўтара, а і пра час, свядомасныя арыенціры, вызначальныя сутнасці... I ўвогуле — дыстанцыя абумоўлівае многае...

 

     ... Нейкія плыні свядомасці і падсвядомасці Уладзіміра Арлова гэтыя рэчы пазначаюць... Што яны дадаюць у агульна-культурным еўрапейскім кантэксце? Цяжка вызначыць. Гісторыя дахрысціянскага і хрысціянскага свету бачыла ўжо ўсё: і суцэльную дазволенасць ва ўсім, і суцэльныя забароны... I тое, і другое мела зусім не радасную афарбоўку... Асабіста ж я, хутчэй за ўсё, проста апусціла б у гаворцы гэтыя творы, каб не адзін выпадак.

 

     У аўтобусе, што доўга ехаў па еўрапейскіх магістралях, на мяжы тысячагоддзя ішлі размовы пра рознае, у тым ліку беларускую літаратуру. А згадала — з павагай і радасным імпэтам — прозвішча сённяшняга героя "Крыніцы". Адзін з суразмоўцаў — малады чалавек з фундаментальнай еўрапейскаю адукацыяй (толькі што скончыў курс навук у адной з самых паважаных навучальных устаноў Еўропы), з тых, што нарадзіліся, як пісаў нам у рэдакцыю "Нёмана" адзін карэспандэнт, "у далёкім 1975 годзе", нешта прамармытаў. "Рэквіем для бензапілы"? Не ведаю, ці ён выпадкова пачаў знаёмства з пісьменнікам з гэтай кнігі, ці нехта вырашыў так прадставіць яму Уладзіміра Арлова, аднак... Я з місіянерскім (усё ж!) хваляваннем даводзіла, прыводзіла, цытавала... Хачу спадзявацца, што не дарэмна... Тым больш што ў аўтобусе ехаў чалавек, які меў вялікі ўплыў на гэтага ў пэўным сэнсе неафіта, творы Уладзіміра Арлова ведаў не з чужых слоў...

 

     А я задумалася...

 

     ...Нейкія павароты ў творчасці час ад часу непазбежныя. Інакш не бывае. Асабіста я не здзівілася б гісторыка-філасофскаму, накшталт пісьма Томаса Мана, раману. Але займеўшы вядомасць і, мабыць, адчуваючы асабістую адказнасць за нашыя мінулае і будучыню, У. Арлоў стварыў шэраг гістарычных эсэ — "Таямніцы Полацкай гісторыі", шмат у чым выкарыстоўваючы знойдзеныя для гэтай кнігі матэрыялы, а шмат у чым знаходзячы новае, стварыў кнігу гістарычных апавяданняў "Адкуль наш род?" і — сумесна з навукоўцам Генадзем Сагановічам — кнігу "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі".

 

     Тут быў і культурны, высокі прыцэл. Асветніцтва — яно ў нас патрэбнае, як нідзе, у нашай культурнай і грамадзянскай сітуацыі. Тут меўся, мабыць, і больш практычны момант. Ну, дзе ты знойдзеш спонсараў на інтэлектуальны, філасофскі раман, хай сабе нават геніяльны? А вось "Падзеі. Даты. Ілюстрацыі" — зусім іншая рэч. Тым больш калі гэта не нудотная "сухотка" — пералік, а вобразна, белетрызавана падсвечаныя празаікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым гістарычныя сюжэты...

 

     Кнігі, дзякуючы фінансавай падтрымцы, выдадзены шыкоўна і з густам. Попыт на іх вялікі. Сам Уладзімір Арлоў не шкадуе ні сіл, ні часу на выступленні, вандроўкі — дзеля асветніцкіх мэт.

 

     Асветніцтва, культурны, паэтычны, літаратурны кшталт — у традыцыі ўсёй сям'і Арловых, з той няпростай, мабыць, жыццёва-сюжэтнай лініяй, якая пазначае звычайна шлюбныя саюзы самадастатковых творчых асоб, у дадзеным выпадку: вядомай паэтэсы і журналісткі Валянціны Аксак і пісьменніка, Уладзіміра Арлова.

 

     ...А вяртаючыся да гаворкі пра тыя кнігі па гісторыі Беларусі, можна дадаць, што ў іх колькі прыхільнікаў, столькі і ворагаў. Асобнікі выданняў набываюць і тыя, і другія. Мабыць, паводле гамбургскага рахунку, у сур'ёзных даследчыкаў ёсць і пярэчанні, і нязгода.

 

     Я не гісторык, таму нешта мне здаецца, чыста суб'ектыўна, больш доказным, нешта — менш. Але ўсё — чытаецца!

 

     Галоўнае, што беларус Уладзімір Арлоў выйшаў на Рандэву з Гісторыяй і Сучаснасцю ва ўзбраенні таленту, ведаў, інтэлекту. Не спрачаючыся з Часам і не аспрэчваючы яго — занятак марны, — а спрабуючы спасцігнуць розныя бакі Быцця. У фактах і паміж імі, у падзеях і ў тых высновах, што ўзнікаюць неабвержна і мройна мігцяць недзе на даляглядах...

 

     Ён розны, і розны ў яго чытач... Адно бясспрэчна  — сённяшняя літаратурная і культурная рэальнасць нашай Бацькаўшчыны не ўяўляецца без постаці Уладзіміра Арлова.

 

 

     Ала СЯМЁНАВА

 

 

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы