навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафотавідэа
 

 

Михаил Сергеенко

Пераказваць "Танцы над горадам" прыкладна гэтак жа бессэнсоўна, як выкладаць сваімі словамі вершы.

Пераказваць "Танцы над горадам" прыкладна гэтак жа бессэнсоўна, як выкладаць сваімі словамі вершы. Магія і метафізічны розгул, якія безумоўна прысутнічаюць ў аповесці Арлова і шчодра выплёскваюцца цераз край - абсалютна няўлоўныя. Гэта стварае адначасова цяжкасць для кампактнага асэнсавання дадзенага тэкста і наадварот шырокае кола для асабістых чытацкіх інтэрпрэтацый. Абаяльнасць аповесці закладзеная не ў сюжэце і нават не ў словах, а хутчэй палягае дзесьці паміж радкоў. Гэта ведаеце, як кажуць, што сапраўдная музыка захавана не ў пэўнай камбінацыі нот, а ў паўзах і інтэрвалах паміж імі. Тэкст вымушае чытача наладжваць своеасаблівую прызму дзеля ўспрымання літаратурных вібрацый, якія выслізгваюць ад прамога погляду, як цені, здаюцца нерухомымі, але прыходзяць у рух - дзіўны, рытмічны, зачаравальны - варта нам на секунду адвесці вочы.

Уся сюжэтная канва "Танцаў" круціцца вакол суполкі людзей, якія невытлумачальным чынам, гнаныя таямнічым жаданнем, збіраюцца ў начы на дахах, каб танчыць пад зорным небам. Мяжа паміж рэальным і містычным вельмі ўмоўная, таму аповед, праз некаторы час, пачынае нагадваць перманентны сон ці, як агучана ў анатацыі, "метафізічную вандроўку". Відавочна, што тэкст зусім не мае мэты будаваць дыялог з уяўным чытачом, а нагадвае хутчэй спробу мастацкім чынам дыягнаставаць асабістыя пісьменніцкія гештальты. Таму аповесць можа выклікаць дзве рэакцыі: чытацкую эмпатыю, якая ўзнікае спарадычна, накрываючы з галавой трансцэндэнтальнай коўдрай, ці будзе нагадваць словы Франсуазы Саган аб тым, што няма нічога больш нуднага, чым чужыя сны.

Арлоў стварае ў аповесці неабходны умоўна-мастацкі базіс, каб паразважаць на тэмы памяці, унутраннай свабоды і магчымасці існаваць у сваім асабістым сусвеце, шчыльна агароджаным фантасмагарычным плотам. Зусім не істотна, ці адбываліся гэтыя падзеі насамрэч, ці існавалі толькі ў галаве лірычнага героя - галоўнае, што яны былі каштоўным падмуркам на якім ствараецца чалавек, як унікальная адзінка з асаблівым светаадчуваннем. Брацтва людзей, з'яднаных дзіўным сімвалічным рытуалам, узнімаецца над рэчаіснасцю, дзе ўсё мае сваё месца, імя і прызначэнне. Думка пра тое, што збегчы магчыма толькі ў самога сябе, набывае актуальнае гучанне ва ўмовах сённяшнага часу. Неабходна захаваць таемны агеньчык, пранесці яго ў далонях праз час, каб потым мець магчымасць сагрэцца каля яго, а магчыма і запрасіць іншых, стварыць новае брацтва.

"Танцы над горадам" - гэта не тая гісторыя, якую, захлынаючыся, бяжыш распавядаць сябрам, але гэты, безумоўна таленавіты літаратурны экспірыенс, варты ўвагі, як для аматараў інтэлектуальнай літаратуры, гэтак і для тых, хто прагне якаснай беларускай прозы, пабудаванай на традыцыйных палях еўрапейскага метафізічнага рамана.

Михаил Сергеенко

Михаил Сергеенко на Facebook

 

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы