навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафотавідэа
 

 

Тэарэма Бон Джові – Арлова

Тэарэма Бон Джові – Арлова, сутнасць якой у тым, што “ўсё па-ранейшаму, толькі імёны зменяцца”, доўгі час заставалася недаказанай. Дзіўнай падавалася яе фармулёўка, незразумелымі – умовы доказу, да таго ж, сам яе аўтар, Джон Бон Джові, тэарэмы даказаць не змог. Ён проста падаў яе як пачатковую фразу песні Wanted Dead or Alive, аднак на гэтым доказ прыпыніў і звярнуўся да больш надзённых праблем лірычнага героя (каўбоя па перакананнях і ладзе жыцця): сну, выпіўкі, харчавання для “сталёвага каня”. Магчыма, параза першага аўтара тэарэмы звязана з няправільным выбарам лірычнага героя (ён занадта бесклапотны для такіх важных жыццёвых высноваў), а магчыма, і з адсутнасцю досведу доказу такіх тэарэмаў жыцця ў самога аўтара.

Беларускі паэт Уладзімер Арлоў вырашыў кінуць выклік каўбою Бон Джові і ўсё ж такі даказаць тэарэму. Для гэтага ён абраў больш шырокае поле: не проста песню, а цэлую кнігу вершаў. А вышэйзгаданую канцэптуальную фразу не толькі смела падаў са зменай будучага часу на мінулы (яна стала гучаць як “усё па-ранейшаму толькі імёны змяніліся”), але і паставіў фармулёўку тэарэмы ў “моцную пазіцыю”, то бок зрабіў яе назвай кнігі.

Кнігу смела можна назваць шматвымернай. У ёй арганічна спалучаюцца пачуцці, перажытыя аўтарам, яго сны, таемныя жаданні, мары; рэальныя падзеі і месцы дапаўняюцца падарожжамі ў паралельную рэальнасць, іншыя вымярэнні, новыя прасторы, што існуюць у межах роднага гораду і пра якія лірычны герой раней “Не ведаў”. Ён нават робіць выснову з гэтага:

а можа побач з намі іншы свет
у часе на адлегласці імгнення…

Па-філасофску і з вышыні тэорыі “ўсяго па-ранейшаму…” пераасэнсоўваюцца падзеі мінулага жыцця, успаміны дзяцінства: “уваскрэсне той / каму напачатку / выкалупаюць вочкі”. У лірычнага героя часам узнікаюць думкі пра ўваскрашэнне: горада, птушачак… Само існаванне ідэі ўваскрашэння і зварот аўтара да яе нейкім чынам даказвае веру чалавека ў нязменнасць існавання, у тое, што мы ў дадзеным кантэксце называем “усё па-ранейшаму...”

Гісторыя і сучаснасць цесна пераплятаюцца, аб’ядноўваючы Казанову і самога лірычнага героя, літоўскага ката Бальтазара і нашага сучасніка, паэта, які жыве ў Полацку (ці не даюць гэты і іншыя вершы з кнігі падставу гаварыць пра з’яўленне своеасаблівага “паралельнага верша” – існуе ж паралельны раман, сюжэт якога будуецца па падобным прынцыпе?) Змяняюцца і дэкарацыі, гукавы фон (а ён нязменна нясе важную сэнсавую нагрузку) вершаў: Прага, Полацк, Львоў, Барселона, шпіталь, Пол Макартні змяняе Элу Фіцджэральд, якая ў сваю чаргу саступае месца Джону Бон Джові… Лірычны герой апынаецца і “між берагамі”: жыццё і смерць, нашае і чужое, сон і рэальнасць. Жыццёвы досвед, веданне гісторыі дазваляюць аўтару смела прыводзіць новыя і новыя аргументы для доказу тэорыі. Ён спасылаецца не толькі на магчымае, напалову прымроенае, але і на рэальнае, цалкам відавочнае: амаль кожнага чалавека хоць раз у жыцці наведвае думка пра самагубства, бацька мусіць пазнаваць сябе ў сыне, родны горад (а для паэта гэта Полацк, і вершы пра яго займаюць значнае месца ў кнізе), бясконца змяняючыся, застаецца ранейшым, і “калі-небудзь усё будзе апошнім”...

Што і трэба было даказаць – усё сапраўды па-ранейшаму, толькі крумкач Эдгара Алана По змяніўся на галубку лірычнага героя Арлова (верш “Талінская галубка”).

Толькі даказваць гэтую важную тэарэму трэба было не “каўбою на сталёвым кані”, а вершніку, які можа смела праляцець на кані “па-над радзімаю / Быкава і ваўкалакаў”, які ведае, што “жыць – гэта йсці супраць ветру адкрыўшы забрала”. Менавіта такім вершнікам і з’яўляецца лірычны герой Уладзімера Арлова. Спадзяюся, нягледзячы на ўсе перашкоды, ён праедзе яшчэ шмат вёрстаў, абавязкова супраць ветру, і абавязкова – з адкрытым забралам.

 

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы