навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

Ала Сямёнава

НА ТЭРЫТОРЫІ ПАЭЗІІ
Уладзімер Арлоў. Паром празь Ля-Манш. Вершы. Логвінаў, 2006

(Зь перадачы сэрыі “Дом літаратара”, Радыё Свабода. Эфір 14 ліпеня 2007 г.)
http://www.svaboda.org/content/Transcript/759991.html)

“Таямніца не зьяўляецца ў створаным вобразе сьвету, яна ўжо існуе і пульсуе ў ім”. Гэта словы мастацтвазнаўцы Франца Ротха, якому належыць аўтарства тэрміну “магічны рэалізм”. І прыгадаліся словы менавіта ў сувязі з тым вызначэньнем. Бо Ўладзімер Арлоў (размова пра яго) заўсёды падкрэсьлівае сваю прыхільнасьць да лацінаамэрыканскай школы пісьма. Не толькі да яе, вядома... Тым больш калі размова – пра вершы пісьменьніка, яго кнігу паэзіі “Паром празь Ля-Манш”.

Таямніца – тое, ад чаго любіць адштурхоўвацца пісьменьнік у сваіх творах. Недзе гэта глыбінная сутнасьць зьяў, што трапляюць у поле мастакоўскай вызначанасьці аўтара, недзе – гэта код рэальнасьці, што вызнаецца як повязь часоў, як знакавая сувязь сучаснага, як чаргаваньне самарэфлексій, звычак, ушчыльненасьці фантазій... Гэта і магія рэальнасьці ў яе прасьвятленьнях і дакладнасьцях, прадвызначанасьці і непрадказальнасьці... Сутыкненьне высокага і зямнога, часам нават знарокава прыземленага, адстаронена-эзатэрычнага і будзённа-канкрэтнага, узвышанага і іранічнага...

Кантрастнасьць адчуваньняў, маштабна-сацыяльнае і лірычна-інтымнае... Магчыма, нешта ад таго, што некалі Фэдэрыка Гарсія Лорка згадваў, як “пыл, перац і соль”. Пыл стагодзьдзяў, тысячагодзьдзяў, пыл шляхоў, вандровак, зорны пыл – недзе там, на ўскрайку бясконцасьці, як іранічна пазначыць Уладзімер Арлоў, “шэрая чапля вечнасьці”. І задумаецца: “Нешта дзеецца з часам: стагодзьдзі набываюць розную прыцягальнасьць і шчыльнасьць і, што самае небясьпечнае, пачынаюць дыфузаваць, у выніку чаго твой 1994-ты можа апынуцца дзе-небудзь паміж Вялікай францускай рэвалюцыяй і Люі Філіпам...”

“Перац і соль...” Некалі ў дыялёгу з адным празаікам Уладзімер Арлоў даводзіў: “... дамінантай гэтага сьвету зьяўляецца хаос. Але я ведаю, прынамсі, два сродкі змаганьня з гэтым хаосам і абсурдам: каханьне і творчасьць”. Мне здаецца, ратунак свой Уладзімер Арлоў знаходзіць і ў вандроўках, і ў занятках, неад’емных ад яго творчасьці, калі чытае-гартае тэксты “на ломкіх аркушах in folio, і ў “сьціплых томіках in quatro”, і ў экспэдыцыях паводле матэрыялізаваных жыцьцёвых даброт, менавіта ў яго, канкрэтызаваным успрыманьні: “пара пляшак чырвонага і порцыя здаровага цынізму”, А часам той “здаровы цынізм”, той “перац з сольлю” ператвараюцца ў бунтоўны лірычны пасыл, у лёгіку алягізму, у нематэрыяльнасьць матэрыяльнага: нечаканы “кактэйль” – “шампанскае зь сьвітаньнем, часам з дажджом”.

Што заўсёды прысутнічае ў Арлова-празаіка, гісторыка, паэта – краіна Беларусь. Яе Свабода. І – Яна. Жанчына. І мроя, і летуценьне, і канкрэтная жывая істота. Як бы тут вызначыць? Так бы мовіць, паводле сваёй літаратурнай генэалёгіі, яна – пэўна ж, не ад Лаўры, не ад Бэатрычэ, не ад брунатнай дамы санэтаў... “Вэнера Ільская з маёй падлеткавай галюцынацыі”,– чытаем мы. Ня тое каб у лірычнага героя вершаў Уладзімера Арлова неверагодна пазначаўся вакхічна-юрлівы пачатак яго мрояў і ўспамінаў, але ж і анахарэта-аскета ў ім, ну, аніяк не пабачым.

Відавочна, яму, герою Арлова, як і аўтару кнігі, паводле ягоных сьведчаньняў, блізкія літаратурныя пэрсанажы (і архэтыпы) Генры Мілера і Мілана Кундэры... Як увогуле мастацкае слова гэтых пісьменьнікаў. Ня толькі іх. Найперш, як сьведчыць Уладзімер Арлоў, імёны пазначаных ужо лацінаамэрыканцаў: Хуліо Картасара, Хорхе Луіса Борхеса, Габрыэля Гарсія Маркеса... Нашых – Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча... Таго, каго сёньня лічаць клясыкам сучаснасьці многія – Міхаіла Булгакава...

Мастацкае слова... Да яго з найвялікшай увагай ставіцца Ўладзімер Арлоў. Чытаем: “Над горадам зь сярэднявечнае гравюры, які ўтульна паколвае аблокі цацачнымі сьпічакамі”... І яшчэ: “Вецер прыносіць зь зялёных яроў пахі чужога жыцьця, узброеныя адлянсаванымі кіпцюрамі”. Чуеце? “Утульна паколвае аблокі”, “насьцярожаныя пахі чужога жыцьця”. Словы? Але гэта ня тое, што: “Words, words, words“ – “Словы, словы, словы”. Словы моўленыя. І як! І мы чытаем іх з добрым адчуваньнем таго, што недзе тут, дзе палоніць сваім водарам шыпшына, або недзе там, “на Penn Road, дзе ўчора зацьвілі магноліі”, або дзе-небудзь яшчэ на скрыжаваньнях сусьвету, паміж бібліятэкай Францыска Скарыны і пралівам Ля-Манш, паміж Полацкам і штатам Пэнсыльванія, паміж Шатляндыяй і Нараччу – Уладзімер Арлоў паўтарае: “У гэтым стагодзьдзі паўсюль – дзень пры дні – сачу твае знакі, Свабода”.

На тэрыторыі Terra Parens (маці Зямлі), на тэрыторыі Сьвядомасьці, на тэрыторыі паэзіі. Што падуладная яму, як і проза. Са сваімі лябірынтамі, вечнымі таямніцамі, загадкамі і прадчуваньнямі.

 

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы