|
Незалежнасьць - гэта...
Незалежнасьць - гэта калі ты зьявісься на сьвет у радзільні, дзе няма сама
стэрыльных на зямлі прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкі.Незалежнасьць - гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент,
што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета,
якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а ня выцягне са стала
«Справочник личных имён народов СССР» і ня будзе, размахваючы ім, гістэрычна
тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават
Мамаем, а вось Рыгорам - ня можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а
существует нормальное человеческое имя Григорий).
Незалежнасьць - гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй
мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, - на яе мове,
а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, - на ягонай, а другога
твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на
Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, -
на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме
ня трэба будзе ўсё лета зьбіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія не тое каб не
хацелі вучыць сваіх дзетак так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта ня
думалі, бо вырасьлі пры інтэрнацыяналізьме. І гэтыя заявы не трэба будзе губляць
тры разы дырэктару й два - сакратарцы, і першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на
ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей
школы», а прыйшоўшы ў сваю клясу не даведаесься, што дзякуючы няўхільнаму
клопату партыі й ураду, у вас на ўсю клясу толькі адзін лемантар і дзьве
«матэматыкі» на роднай мове.
Незалежнасьць - гэта калі твая дружына ня будзе змагацца за права насіць імя
Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў
свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.
Незалежнасьць - гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай
матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а
не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова «імавернасьць»,
і ты па-французку растлумачыш яму.
Незалежнасьць - гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежны
горад ці вёску твае зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву і
прыбіраць тэрыторыю «вот от сюда и до обеда». У нядзелю ты зможаш прыехаць да
бацькоў ці да свае дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе «бульбашом», а твайго
сябра - «черножопым» за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, і
выдатнікі баявой і палітычнай падрыхтоўкі ня будуць у працэсе гэтай падрыхтоўкі
рабіць табе «велосипед», і табе ніколі не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку,
каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі.
Незалежнасьць - гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і
ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып'яце кавы насупраць палацу
Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто не будзе высьвятляць у цябе,
ці быў ты ў дзяцінстве жыдом, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі
вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтаю.
Незалежнасьць - гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на
могілкі й ведаеш, што паставіш сьвечку й пакладзеш кветкі, а ня станеш
удзельнікам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралітычным газам ці новае
мадэлі гумовага дручка.
Незалежнасьць - гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты
хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце,
дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць
пра Грунвальдзкую бітву, якая ўратавала твой народ ад сьмерці, і кажуць праўду
пра тую ўладу, што растраляла твойго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.
Незалежнасьць - гэта калі да цябе завітае сьпявак зь Ню-Ёрку, і ты вып'еш зь
ім добрую чарку вішнёўкі, і пасьля ветлівыя дзяцькі ў цывільным не запрапануюць
табе падрабязна напісаць, дзе й што вы пілі й каго пры гэтым лаялі.
Незалежнасьць - гэта калі ты пазбаўлены магчымасьці пачуць, як твой
прэзыдэнт вучыць з экрану суайчыньнікаў: «Хто как хаціт, той так і гаварыт», бо
твой прэзыдэнт - чалавек пісьменны і хоць адну мову ўсё ж ведае.
Незалежнасьць - гэта калі з тэлеперадач і газэт раптам зьнікаюць лісты
нястомна-таямнічых вэтэранаў і вусьцішныя паведамленьні пра нацыяналістаў і
экстрэмістаў з народных франтоў, якія нават ў начы ня сьпяць, а распальваюць
паміж табой, Алёшам і Мішам, тату якога звалі Ісакам, а таксама Гражынаю, якая
даўно ўжо твая жонка, міжнацыянальную варожасьць, каб учыніць сярод вас крывавую
разьню й пусьціць пад адхон цягнік перабудовы.
Незалежнасьць - гэта калі ніхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа
выжыць без вялікага старэйшага брата, бо ня мае сваіх баксітаў ці алмазаў, і ты
разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галяндцаў ці бэльгійцаў, якія ня
маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.
Незалежнасьць - гэта калі велізарныя фуры з надпісам «Центровывоз» (ці бачыў
ты хоць раз такія фуры з надпісам «Центроввоз»?) падрулююць не да чужых, а да
нашых крамаў.
Незалежнасьць - гэта калі раптам высьветліцца, што разумныя людзі ёсьць і ў
нас, і калі - крый Божа! - выбухне завод ці прычыніцца якое іншае ліха, ня трэба
будзе чакаць, пакуль прыедзе камісія з маскоўскіх разумнікаў.
Незалежнасьць - гэта калі на Божай пасьцелі ведаеш, што пасьля таго, як ты
памяняеш гэты сьвет на лепшы, на месцы царквы ці касьцёла, дзе цябе хрысьцілі і
дзе ты вянчаўся, не выкапаюць сажалку з брудным лебедзем і не пабудуюць басэйн
імя XXVIII зьезду КПСС, а могілкі, дзе будуць спачываць твае косьці, не зьнясуць
і не ператвораць у закіданы пустымі пляшкамі парк культуры й адпачынку імя
таварыша Гарбачова або імя таварыша Лігачова.
Незалежнасьць - гэта...
Незалежнасьць - гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім
чалавекам на сваёй зямлі.
Я веру, што калі-небудзь так будзе.
Бо іначай проста ня варта жыць.
Люты, 1990 г.
|
|
|