|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Дарога ў Полацак
 Дарога ў Полацакпасьля спатканьня з табою
 падобная на дарогу з Эдэму
 ў яго ліпеньскія ваколіцы.
 Разгорнутая на каленях кніга:
 “Дзень быў блакітны,
 як адварот птушынага крыла...”
 Хіба гэта не пра нас?
 Мімалётны сон,
 шчасьлівы, як кацяня на бервяне
 пад дзедавай арабінай.
 Твае чарэшневыя вусны
 яшчэ блукаюць па бульварах і завулках
 гораду, які завецца маім целам.
 Чырвоны акварыюм “Ікарусу”
 ўвачавідкі поўніцца бурбаткамі кіслароду.
 Суседка ў кароткай спаднічцы
 з тваімі асымэтрычнымі ямачкамі
 на падбародку,
 калі ты сьмяесься
 з майго шапялявага блазнаваньня.
 Азёры сярод спадзістых пагоркаў сьведчаць:
 аўтобус ня зьбіўся з курсу.
 Знаёмы скульптар сьцьвярджае, што тут
 зноў завяліся ундыны,
 вядомыя з гістарычных крыніцаў
 мінулага стагодзьдзя.
 Ня выключана, што ў іх —
 ногі маёй суседкі
 з каленямі, як яблыкі-папяроўкі,
 якія я хачу накрыць
 сваёй расхваляванай далоняй,
 каб адчуць сорам перад табою,
 каб востра адчуць тваю ўладу,
 што здаецца мне сёньня
 найвышэйшаю формай свабоды.
 Табе лепей ня ведаць:
 безь цябе я рызыкаваў бы застацца
 толькі магчымасьцю самога сябе,
 ня ўведаўшы,
 як цалуюцца ундыны
 ў чырвоным “Ікарусе”
 па дарозе з Эдэму ў Полацак,
 па дарозе ад нас да цябе,
 па дарозе з прадоньня бясконцасьці
 ў бездань нябыту,
 сагрэтую чарэшневымі вуснамі,
 якія асьцярожна робяць
 салёны глыток.
 Далей: Музыка з ваколіцаў Сыднэю   |  |