|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Двое вар’ятаў
 У бабулінай прыдняпроўскай вёсцы,дзе ціха жывуць
 мае дзіцячыя радасьці
 і грахі,
 дзе ў палове хатаў
 начуе вецер
 ды марцуюць зьдзічэлыя каты
 (іх усё ж ня варта блытаць
 з душамі гаспадароў),
 сёлета зьявіліся
 новыя жыхары.
 У нецьвярозы нядзельны адвячорак
 за тыдзень да яблычнага Спасу
 прыйшлі з станцыі
 мужчына й жанчына
 з адной абшарпанаю валізкай —
 жалезныя набойкі на кантах.
 Яны выбралі
 пустую хату
 каля Ільлюцінай крыніцы,
 дзе стаяла некалі лазьня,
 у якой я ўпершыню саграшыў
 зь дзяўчынкаю-аднагодкай,
 і атабарыліся там,
 завесіўшы вокны
 замест фіранак
 старымі газэтамі
 з партрэтамі Гарбачова.
 Кажуць,
 яны размаўляюць
 на нейкай тарабарскай мове.
 Кажуць,
 яны пішуць нешта
 ў вучнёўскіх сшытках,
 уладкаваўшыся на сонейку
 каля рэчкі.
 Кажуць,
 яны ўкленчваюць штораніцы
 перад Ільлюцінай крыніцаю
 і моляцца на ваду,
 а потым
 цалуюцца й ідуць у хату
 любіцца:
 ён — сівы як лунь,
 а яна — маладая.
 Кажуць,
 яны зьбеглі
 з магілеўскае вар’ятні.
 Кажуць мне ўсё гэтасваякі і суседзі
 і просяць
 пазваніць куды сьлед,
 каб прысылалі машыну.
 Гляджу я ўраньні праз рэчкуна дзьве постаці
 ля Ільлюцінай крыніцы:
 стаяць яны на каленях,
 а потым
 бяруцца за рукі і
 ідуць у хату.
 Можа, і япрыйду калі-небудзь з станцыі
 з пашарпанаю валізкай
 перад яблычным Спасам.
 Далей: Рэцэпт неўміручасьці   |  |