|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Насустрач ночы
 Калі апошняя хвалявынесе нас на бераг
 скамечанага ложка,
 мы запоўнім
 пярэрву адліву
 дзьвюма цыгарэтамі
 і ціхай размоваю,
 зьдзіўляючыся, што
 не развучыліся гаварыць
 на зразумелай іншым
 мове.
 Ты скажаш:
 цела ня мае таямніцаў —
 адно сакрэты,
 інстынкты,
 рэфлексы,
 маленькія хітрыкі —
 і з паважнасьцю кляснае кіраўнічкі
 зробіш выснову, што
 цела чакае
 толькі пяшчотнай цярплівасьці,
 а душа —
 інтуіцыі.
 Я адкажу
 недаверлівым сьмехам
 і віном
 у пераблытаныя келіхі
 (мне дастанецца глыток
 з малінавым прысмакам
 памады):
 няўжо няма таямніцы
 ў гэтай вібрацыі паветра
 вакол постаці,
 падобнай да полымя сьвечкі?..
 Але ўжо нараджаецца
 новы прыліў, і
 зьвечарэлыя вокны
 сплываюць па сьценах
 у зялёнае прадоньне,
 куды праз хвіліну абрынуцца
 самі сьцены,
 і нашыя целы загавораць
 на мове вечнасьці,
 а душы будуць
 з зайздрасьцю прыслухоўвацца
 да іх,
 дрэйфуючы
 ў пенлівай субстанцыі жыцьця
 насустрач ночы.
 Далей: Я рыфмую   |  |