|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Сачу твае знакі, Свабода
 У спакоі тваіх вачэй,у смутку тваіх сьлёз,
 у таемнасьці тваіх слоў,
 на дне твайго маўчаньня,
 на ўзьмежках спатканьняў і ростаняў,
 у плыні рэк і аўтастрадаў,
 на вуліцы Ніжнепакроўскай у Полацку
 і на бэрлінскай Unter den Linden,
 на старонках старых фаліянтаў
 і пад вокладкамі новых кніг,
 у палёце птушак
 і ў сьпевах марцовых катоў,
 у вершах і нэкралёгах,
 у водары тваёй парфумы
 і ў глыбінях твайго лона —
 паўсюль
 сачу знакі таго,
 што павінна зьдзейсьніцца
 ў гэтым стагодзьдзі,
 паўсюль —
 дзень пры дні —
 сачу твае знакі,
 Свабода.
     |  |