навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафота
 

 

Паром празь Ля-Манш

Вершы

Вярнуцца да Зьместу

У Англіі
 

У Англіі
ёсьць каралева
і ветлівыя палісмэны.
У Англіі
жывуць шэрыя вавёркі
і гарадзкія лісіцы.
У Англіі
смачныя пірагі з ныркамі.
У Англіі
ёсьць магіла Карла Маркса,
якую можна заслаць
газэтай “Советская Б.”
і выпіць,
каб капіталісты ўсіх краінаў
зьядналіся.
У Англіі
растуць магноліі,
а на сьняданак бываюць
сьвежыя суніцы.

Але ў Англіі
няма цябе,
і твайго
зьлёгку санлівага позірку,
і тэлефонаў з тваім голасам.

У Англіі
няма прэзыдэнта
і Таварыства ангельскай мовы
імя Ўільяма Шэксьпіра.
У Англіі
няма плаўленых сыркоў
і бурштынавага напою “Крыжачок”.

Але ў Англіі
няма і цябе,
і тваіх нестандартных ножак,
і адважнай фрызуркі,
што марыць
зусім не пра грабеньчыкі.

У Англіі
ёсьць магчымасьць застацца
і піць каву на Пікадылі,
стаць сваім сярод галубоў
Трафалгарскага пляцу
і паіць “Гінэсам”
знаёмую лісіцу
ў раёне Фінчлі.

Але ў Англіі
няма цябе,
і твайго шэпціку,
сатканага з самых пяшчотных
і самых грубых слоў,
што казычуць вуха
пёркамі дзівосных фантазій.

А таму
я купляю для нас зь лісіцай
пляшку ірляндзкага лікёру,
і мы абыходзімся
бяз закусі.
Лісіцы ня плачуць,
толькі даверліва глядзяць у вочы.

Пад белымі скаламі Дуўру
нецярпліва чакае паром,
дзе я вып’ю за тое,
што пада мною свойскі Ля-Манш,
які рыфмуецца з словам “наш”,
а тады накіруюся ў WC, каб,
пабыўшы алегорыяй крыніцы,
учыніць дэфлярацыю
цнатліва белай ангельскай сьцяны.
Аднак гэта ўжо зробяць да мяне.
О, жывы подых радзімага кантынэнту!
На ім няма Англіі,
але ёсьць ты,
і дзесьці за Францыяй і Галяндыяй,
за Бэрлінам і Варшавай,
за Івацэвічамі й Койданавам
ты стаіш ля вакна
з келіхам у тонкай
цёплай руцэ
і чуеш, як родны памежнік
кажа мне:
“Здравствуйте!”

Далей: Абдымаючы цябе

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы