| |
Паром празь Ля-Манш
Вершы
Вярнуцца да Зьместу
Аднойчы даўно
Гэта здарыцца
ў кляштары айцоў-дамініканаў
у часы Стогадовай вайны,
а магчыма, вайны за гішпанскую спадчыну,
а магчыма, крыху раней ці пазьней.
Аднойчы пасьля вячэрні
ў кляштарную браму
пастукае падарожнік на стамлёным кані,
а назаўтра малады прыёр
з бляскам у запалых вачах,
які выдае ў ім сухотніка,
седзячы на сонечнай тэрасе
зь відам на Альпы або Пірэнэі
за сталом з клепсыдрай і астралябіяй,
як на аўтапартрэце Скарыны,
перагорне апошнюю старонку маёй кнігі,
адолее пакутлівы прыступ кашлю,
адкінецца ў мулкім крэсьле,
паглядзіць на гадзіньнік на ўсходняй вежы,
скажа падарожніку:
ён не павінен напісаць гэтае кнігі,
і
пераверне гарачай рукою клепсыдру.
Я буду ехаць у тралейбусе
зь відам на Серабранку,
чытаючы ўчарашнюю газэту.
Падарожнік гнацьме каня
па горных дарогах.
Далей: Раніца 29 сакавіка 1994 году
|
|