|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Архіварыюс Война
 Прыкладна раз на год,звычайна перад Калядамі
 паводле грыгарыянскага календара,
 мне сьніцца
 полацкі архіварыюс Аўгустын Война,
 маладжавы манах-базылянін
 з залатым зубам,
 таемны геданіст
 і, магчыма,
 мой продак,
 які ня першы год
 судзіцца з полацкімі езуітамі,
 складаючы каліграфічным почыркам
 дваццаць сёмую скаргу
 каралеўскім камісарам.
 Войну замінае спаць гадзіньнік
 на касьцёле сьвятога Стэфана.
 Война лічыць шарлятанствам
 мэханічную галаву з калегіюму,
 што гаворыць на ўсіх вядомых мовах,
 і наагул
 мае да Таварыства Езуса
 спадчынную нялюбасьць,
 за выняткам айца Папэ, якому
 (зусім дарэмна)
 давераны вінны склеп
 (ён таксама мне сьніцца,
 аднак трохі часьцей),
 айца Папэ,
 які можа нацадзіць з дубовае бочкі,
 равесьніцы Літавора Храптовіча,
 кухаль старога мёду і —
 бывай, любая застуда.
 Война здымае з паліцы
 мае кнігі з аўтографамі,
 сьпярэшчаныя іранічнымі маргіналіямі,
 за якімі сарамяжліва хаваецца
 чараватая пляшка,
 і — у залежнасьці ад настрою —
 звоніць па тэлефоне
 спачатку айцу Папэ
 або адразу мне самому —
 тут я прачынаюся
 ад начнога міжгародняга званка.
 Хтосьці маўчыць у слухаўку,
 плывуць па правадах
 удары гадзіньніка сьвятога Стэфана,
 пяюць на Дзьвіне цыбатыя асначы,
 хіхікае па-змоўніцку айцец Папэ,
 шэпча ўва мне ўпэўнены голас:
 ты таксама
 прысьнісься камусьці на Каляды,
 набраўшы тэлефонны нумар,
 які можна адшукаць
 адно ў паперах каралеўскага камісара,
 якому падае каліграфічную скаргу
 полацкі архіварыюс Аўгустын Война,
 маладжавы манах-базылянін,
 таемны геданіст
 і, магчыма,
 мой продак.
 Далей: Студня   |  |