|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Божая кароўка зь Пятай авэню
 На спатканьне з табоймяне прывяла
 бэтонная сьпіраль
 нью-ёрскага музэю Гугэнхайма
 і 2-я вэрсія Імправізацыі № 28
 Васіля Кандзінскага
 разам з “Парыжам” Марка Шагала,
 чый зеленавокі кот з чалавечым тварам
 глянуў на мяне так выразна,
 што я даў зарок
 убачыць Эйфэлеву вежу з вакна
 раней, чым за свае грахі
 вярнуся на зямлю
 ў іпастасі ката —
 якраз тады ты апусьцілася на маю руку,
 каб упэўнена залезьці
 ў левую кішэню.
 Кім была
 ў сваім мінулым увасабленьні
 ты?
 Паслушкай
 Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра?
 Першаклясьніцай зь Серабранкі,
 замучанай у ліфце
 сэксуальным маньякам?
 А можа,
 у цябе перасялілася
 душа маёй сучасьніцы,
 якая жыве зараз
 паводле менскага часу
 і якой
 апошні тралейбус
 вязе зь дзяцінства
 сон пра старую Нямігу
 і пра Татарскія Агароды?
 У душным сабвэі
 я даю табе
 беларускае імя,
 а на беразе Іст-Рывэр
 мы разам глядзім
 на лёгкія самалёцікі,
 што цягаюць па небе
 рэкляму конкурсу фотамадэляў.
 Магчыма, ты хочаш
 палётаць зь імі?
 Не, табе яўна цікавей
 абмеркаваць са мною
 модныя сёньня
 беларуска-ірляндзкія аналёгіі,
 абвінавачаньні прэзыдэнта Клінтана
 ў адультэры,
 а таксама
 фантасмагарычны помнік Леніну,
 што, ратуючыся ад настальгіі,
 усьцягнулі на дах суседняга дому
 эмігранты з СССР.
 Менавіта тут я нарэшце разумею:
 я — ня тая расьліна,
 што прымецца на гэтай глебе,
 нават калі перавезьці сюды
 ўсіх ленінаў Беларусі
 і зладзіць на кожным
 па бусьлянцы.
 Пасадзіўшы цябе на далонь,
 я паўтараю гэтае адкрыцьцё ўголас,
 і ты,
 паважна выслухаўшы,
 супакоена раскрываеш крылцы.
 Далей: Тое лета   |  |