Дзіўны цягнік
спыняецца штоночы
на нашым ліпнёвым паўстанку:
сьвецяцца вокны,
ды не відаць людзей за імі.
Там нікога няма,
шэпчаш спалохана ты
і завешваеш вакно фіранкаю.
Мы з табою —
апошнія людзі на сьвеце.
Чакае цягнік,
нібы лёс,
вабіць, як бездань,
сьветлай сваёй пустэчаю,
каб павезьці ў невараць.
Вусны ратуюць вусны,
цела ратуе цела,
душа ратуе душу.
Зьнікаем у полымі паратунку,
каб памерці разам
і разам уваскрэснуць.
Уваскрэсну на досьвітку:
сьпіць за вакном
студзеньскі горад,
чужое дыханьне
кранае шчаку.
Ты ўваскрэсьнеш
у тое ж імгненьне
на нечым плячы,
скажаш камусьці ў одуме:
дзіўны цягнік прысьніўся мне —
сьвецяцца вокны,
ды няма нікога за імі.