|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Доўгае разьвітаньне
 Усё жыцьцё — разьвітаньне з табой,што пачалося
 яшчэ да маіх нарадзінаў
 на полацкім Верхнім замку,
 доўжылася ў лёхах
 сабору сьвятога Стэфана,
 дзе чалавечы чэрап
 быў самай ардынарнаю знаходкай,
 у першым мужчынскім досьведзе,
 набытым з палахлівай аднагодкаю
 ў вясковай лазьні,
 у самалёце,
 які ня мог выпусьціць шасі,
 і мне здалося, што
 нехта адмераў мне
 ўсяго дваццаць адзін год...
 I ты, незнаёмая,
 ужо разьвітвалася са мной
 у дзіцячых гульнях,
 у чужых абдымках,
 у начных таксоўках,
 пакуль два разьвітаньні
 не перасекліся у тым імгненьні,
 калі перад нашымі тварамі
 любілася на галінцы крушыны
 пара лясных пэрлямутравак
 і дрыяды
 зь сінімі ад чарніцаў вуснамі
 заціхлі ў падлеску,
 не адводзячы бессаромных вачэй,
 а пылок з матыльковых крылцаў
 аказаўся салодкі на смак,
 і вада ў нашым возеры
 назаўсёды засталася сьвежаю
 ад твайго
 навекі маладога цела,
 якое будзе разьвітвацца з маім
 у чабаровых уладаньнях
 знаёмай мядзянкі,
 у прыцемных успамінах
 замшэлых азёрных шчупакоў,
 у снах нашых сыноў, якім
 у сярэдзіне наступнага стагодзьдзя
 прысьніцца далёкае возера
 і салодкі пылок
 матыльковых крылцаў,
 ва ўзоры якіх
 зашыфраваная
 наша вечная прыналежнасьць
 гэтай бясконцасьці
 разьвітаньня.
 Далей: Мой табар   |  |