|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Мой табар
 Колы,стамлёныя яшчэ ў мінулым стагодзьдзі,
 наракаюць на лёс
 срэбнай ад пылу кібітцы
 з трыма нажавымі ранамі.
 Вецер
 прыносіць зь зялёных яроў
 насьцярожаныя пахі чужога жыцьця,
 узброеныя адглянсаванымі кіпцюрамі.
 Агонь
 згаладала смажыць мяса,
 узятае ў бестэрміновы крэдыт
 у вечаровай вёсцы
 зь ненадзейнай аховаю зь сініх мальваў.
 Віно
 хвалюецца ў біклазе,
 альтруістычна дакляруючы цёплую ноч.
 Жанчыны
 бязважка заміраюць
 у карункавых пярынах папараці,
 што да першых прымаразкаў памятае
 іх салодкія стогны.
 Матылькі-аднадзёнкі
 лянуюцца падымацца з красак,
 якія я зьбіраю
 сваім аднадзёнкам-абраньніцам.
 Мужчыны
 сноўдаюць па ўзьлеску з стрэльбамі,
 упэўненыя, што мае жанчыны
 належаць ім.
 Няхай у табары застаўся я адзін,але
 ластаўкі
 яшчэ садзяцца
 мне на плечы.
 Далей: Манэта   |  |