|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Дождж
 Гэты дзіўны дожджнаселены матылькамі,
 што не баяцца кропляў,
 усьцешана ловячы іх
 сэрдалікавымі крылцамі...
 Гэты дзіўны дождж
 разбаўляе паводле антычнага звычаю
 зьмесьціва келіхаў і кілішкаў,
 кратае чуйнымі пальцамі
 невідушчага музыкі
 столікі адкрытай тэрасы
 і ня мае змогі патушыць
 нашу зялёную запальнічку
 ў Празе на вуліцы Парыскай
 ці ў Парыжы на Праскай —
 трэба загаварыць да мінака,
 каб даведацца, на якой мове
 тут перашэптваюцца
 закаханыя.
 Гэты дзіўны дождж
 праяўляе дагератыпы рэмінісцэнцыяў
 і кінакадры эвэнтуальных здарэньняў:
 бутэлька вішнёўкі,
 выпітая з рыльца
 на мокрых Градчанскіх усходах;
 купэ міжнароднага цягніка,
 якое прапануе вытанчаныя
 эратычныя экспэрымэнты
 з удзелам матацыклістаў,
 што цнатліва маркоцяцца
 на чыгуначных пераездах;
 начное рабаваньне
 паснулых вандроўнікаў,
 якім мілажальна пакінуць
 пяць цыгарэтаў
 і пляшку сьветлага, як гэты дождж,
 мараўскага...
 Ужо на ўзьмежку
 ранішняга вяртаньня
 я пасьпею выслухаць
 тваю выключна цьвярозую
 прафэсарскую вэрсію:
 аказваецца,
 мы з табою трапілі
 пад залеву з хранонаў —
 элемэнтарных часьцінак,
 у якіх увасоблены
 час.
 Далей: Дзьвінскі вецер   |  |