|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Эпітафія маёй котцы
 Цябе звалі Бася,а цалкам — Басота
 (1992—1995),
 і я магу прызнацца,
 што любіў цябе значна больш,
 чым абсалютную большасьць
 вядомых мне дзьвюхногіх істотаў.
 (Тлумачэньні прагучаць пераканаўча,
 але банальна.)
 Я складаў табе
 пацьверджаныя сумнеўнымі пячаткамі
 радаводы —
 ад стрыечнай сястры
 коткі бэльгійскае каралевы
 і ад бабулі ўлюбёнага ката
 далай-ламы.
 Я выдумляў табе
 экзатычныя пароды —
 ад тыбэцкай барсістай
 да радзівілаўскай белагрудкі,
 якою ты афіцыйна лічылася
 апошнім часам,
 хоць была ўсяго толькі
 дачкою вясковае рыскі,
 якая падгуляла
 з тутэйшым сібірскім эмігрантам.
 Ты церлася аб ногі маіх таямніцаў
 і даверліва ўладкоўвалася
 ў іх на каленях.
 Нажлукціўшыся віна,
 я чытаў табе свае вершы,
 абзываючы знаёмых творцаў
 графаманамі і ананістамі,
 а ты,
 круцячы вавёрчыным хвастом,
 глядзела на мяне дакорліва,
 як жонка.
 Рыжы дваровы кот
 залазіў на таполю
 да вышыні чацьвертага паверху,
 ты ўскоквала на парэнчы гаўбца,
 і вы маглі гадзінамі
 неадрыўна глядзець адно на аднаго
 лімонавымі вачыма.
 Гэта быў твой першы раман.
 Ты любіла сядзець паміж кніжак
 на маім пісьмовым стале,
 беспамылкова займаючы сваю нішу
 ў паставе вусатага сьфінкса,
 пільна ўглядаючыся
 ў мае сінія герогліфы і
 старанна прыціскаючы
 трохкалёрнаю лапкай
 кожны сьпісаны аркуш.
 Ты памерла
 на пыльным гарышчы
 сярод польскіх падручнікаў
 і заходнебеларускіх календароў.
 (Маючы ахвоту,
 у тваім сконе лёгка знайсьці
 нешта сымбалічнае.)
 Магчыма, у астатняе імгненьне
 ты ўспомніла
 пра мяне.
 Далей: Згадка пра мора   |  |