|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Каханка
 Ты — мая каханка,і зараз,
 каб сёй-той не пакутаваў ад здагадак,
 я адкрыю тваё імя.
 Праўда, сакрэт ужо вядомы
 бяссоннаму, як Борхэс, праспэкту,
 нашай раўнівай суўдзельніцы —
 бабулінай саматканцы,
 фатаграфіям і срэбнай рыбіне,
 што прыплыла зь іншых часоў,
 дзе цябе і мяне звалі іншымі імёнамі,
 дзе ты, магчыма, была лесьбіянкай,
 а я падабаўся мужчынам,
 хоць не адказваў ім узаемнасьцю.
 Апрача таго,
 твой адрас вядомы
 палівальнай машыне,
 якая падбірала мяне ля пад’езду,
 калі я рызыкаваў спазьніцца
 на ранішні канцэрт жабаў
 пасьля нашага ўлюбёнага кактэйлю —
 шампанскае зь сьвітаньнем,
 часам з дажджом
 або з кубікам лёду,
 што мы дапівалі
 кароткімі асьцярожнымі глыткамі,
 падобнымі да тваіх пацалункаў
 зь лёгкімі прыкусамі.
 (Напэўна, так кусаюцца
 срэбныя паўночныя стракозы.)
 Ты — мая каханка,
 і я хачу, каб усе ведалі:
 тваё імя — Ноч.
 Далей: Двое вар’ятаў   |  |