| |
Паром празь Ля-Манш
Вершы
Вярнуцца да Зьместу
Канатаходка
Аддаўшыся
сонечнаму ветру,
ты йдзеш
над праспэктамі й пляцамі,
усьміхаючыся
сустрэчным чайкам
і пасылаючы
паветраныя пацалункі
п’яніцам на лавачках
каля помніку
пралетарскаму пісьменьніку.
Ты йдзеш
над гэтым горадам
і гэтым жыцьцём,
і мой позірк
падтрымлівае цябе
больш надзейна,
чым любы балянсір.
Ты ніколі не даведаесься,
што аднойчы,
калі ты аступілася
і адчула
абыякавае дыханьне
лянівага зьвера бездані,
я хацеў
адвесьці вочы.
Далей: Насустрач ночы
|
|