|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Лямпа, фатэль і кубак
 Што здарыцца з вамі,мае найдаражэйшыя сябры,
 калі мяне ня стане?
 З табою,
 антыкварная лямпа
 часоў першай закаханасьці,
 з табою,
 мой цёплы фатэль,
 вынаходлівы сьведка
 першых і наступных
 грэхападзеньняў,
 з табою,
 мой шчарбаты зялёны кубак,
 што пад выглядам гарбаты
 любіў частаваць
 зусім іншымі напоямі...
 Магчыма,
 вас падзеляць сваякі,
 а магчыма,
 выставяць на продаж,
 і вы разьедзецеся
 па чужых кватэрах.
 Фатэль
 упадабае на аўкцыёне
 пышную дупцю
 бальзакаўскага веку,
 але дастанецца
 худому гомасэксуалісту.
 Цалкам верагодна, што
 лямпа скарыстаецца выпадкам,
 каб скончыць жыцьцё
 самагубствам,
 а шчарбаты кубак
 проста выкінуць на сьметнік.
 Але кубку
 пашанцуе найболей:
 яго знойдзе бадзяга, які
 чытаў маю кніжку
 і аднойчы выпіваў са мной
 у альтанцы на нашым двары.
 Буду сумаваць па вас
 там,
 дзе, напэўна, нельга запаліць
 настольную лямпу,
 каб у яе сьвятле
 паднесьці кубак глінтвэйну
 сьмяшлівай істоце,
 якая маляўніча ўладкавалася
 ў цёплым фатэлі,
 якую абавязкова дачакаюся там,
 дзе, відаць,
 не гатуюць глінтвэйну.
 Далей: Сачу твае знакі, Свабода   |  |