| |
Паром празь Ля-Манш
Вершы
Вярнуцца да Зьместу
Майстэрня
Баюся гасіць сьвятло —
абступяць мяне скульптуры:
нясьцерпна холадна ім
і самотна
ў цемры
без чалавечых рук і вачэй.
Так было і раней,
але тады
ў туманным цемрыве
ратавалі мяне
твае рукі і
твае вусны —
цяпер
раскрывае абдымкі
толькі сылюмінавая Маргарыта.
Ноч навылёт
буду бавіцца
у гэтым безгалосым натоўпе,
пакуль не адчую, што,
вярнуўшыся раніцой,
сябар убачыць
сярод сваіх скульптураў
яшчэ адну —
паміж Вітаўтам
і безыменным жабраком.
Далей: Парцалянавы дамок
|
|