|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Парцалянавы дамок
 Аднойчы на дзень нараджэньняты падаравала мне
 сьпічасты парцалянавы дамок,
 падобны да віленскіх мураванак
 з вуліцы Арклю,
 дзе не разгубіліся б
 ні Януш Радзівіл, ні Сымон Будны.
 У дамка здымаецца дах,
 і там можна запаліць сьвечку.
 Тады ў неба маёй кватэры
 падымаецца з коміну
 бэзавая аблачынка,
 вокны ператвараюцца
 ў кавалачкі бурштыну,
 а блакітна-белыя сьцены
 робяцца цёплыя,
 як кафля бабулінай грубкі,
 і аб іх хораша грэць
 азяблыя на марозе рукі.
 Калі ўмела прымружыць вочы,
 у вакне можна шмат чаго ўбачыць:
 партрэт фанабэрлівага продка на сьцяне,
 бутэльку сьветлага віна,
 срэбную цукерніцу
 з “марскімі каменьчыкамі”,
 нас з табою за сталом,
 драўляную лесьвіцу на мансарду.
 Потым прачынаюцца гукі:
 чыркаюць запалкі,
 скардзяцца рыплівыя прыступкі,
 па якіх мы падымаемся ў спальню,
 просіць не сьпяшацца
 твой голас.
 Мне падабаецца гульня ў чараўніка,
 які адначасова
 грэе дзіцячыя рукі аб кафлю
 і цалуе цябе ўсюды,
 куды могуць дацягнуцца
 на хрусткай прасьціне
 мужчынскія вусны.
 Ты ня ведаеш, штопаводле майго тастамэнту
 гэтая парцалянавая маёмасьць
 ужо належыць табе.
 Я абяцаю і там
 прыходзіць раней за цябе
 і ставіць на парэчкавую сурвэту
 два высокія келіхі,
 падобныя да бусьлінае пары
 на скошаным поплаве,
 а калі прыпазьнюся —
 чакай мяне на падвоканьні
 або ў кутку канапы,
 скруціўшыся ў цёплы клубок
 зь ціхамірным дыханьнем,
 што пахне юным целам
 і старым горадам —
 як у той дажджлівы вечар,
 калі мы вярталіся зь Вільні.
 Памятаеш,аднойчы на дзень нараджэньня
 ты падаравала мне
 парцалянавы дамок?
 Тут мы будзем жыць,
 легкадумна прамовіла ты,
 не падазраючы, што сказала
 праўду.
 Далей: Пытаю дарогу   |  |