|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Трохі інфантыльная начная размова з бабуляй
 Сам-насам з ноччугатую кактэйль,
 дзе прапорцыі
 штораз мяняюцца,
 але інгрэдыенты тыя ж:
 пляшка “Мядзьведжае крыві”;
 мая беларуская кроў,
 кропля крыві цыганскай —
 вынік задаўненага граху
 шклоўскай прабабкі па кудзелі;
 першае каханьне
 ў першай клясе,
 якое клічуць Ірачкай
 (у пэрсікавым пушку
 на худзенькай шыйцы
 заблытаўся камарык
 недаробленай радзімкі);
 зімовыя мроі пра лета,
 калі Ірачка
 патоне ў Дзьвіне,
 а я пасьпею
 выцягнуць каханую
 на парослы гусінай лапкаю
 бязьлюдны пляж
 і зраблю ёй штучнае дыханьне,
 як намалявана на
 выратавальнай станцыі;
 калі з вуснаў у вусны
 ўдзьмуваеш паветра,
 сэрца вырастае і
 выпраўляецца ў падарожжа па
 зьдзіўленым дзіцячым целе,
 бессаромна адгукаючыся
 ў самых розных органах;
 аднекуль вылупляюцца
 птушаняты першых вершаў
 (яшчэ ня ведаю, што гэта
 называецца натхненьнем);
 поўная адсутнасьць
 тэлефонаў і тэлевізараў і
 вечная прысутнасьць гіпсу
 на зламаных руках;
 пошукі полацкіх скарбаў
 і найлепшы археоляг — Дзьвіна
 зь яе падарункам,
 манэтаю багаславёных часоў
 Жыгімонта Аўгуста
 з “Пагоняй” на рэвэрсе, якую
 (сьцёртую бацькам на парашок),
 неўпрыцям зьем,
 бо ў ломкіх юных костачках
 бракуе медзі;
 сон, дзе пакутліва ня ведаю,
 што рабіць з настаўніцай батанікі,
 такой самай прыгожаю, як наяве,
 толькі абсалютна голай;
 добрая вядзьмарка
 бабуля Аўгіньня,
 маміна мама;
 яна ўмее замаўляць зубы
 і выводзіць “каціную драпу”;
 яна вучыць, што няможна хлусіць,
 бо пачуе сьвяты Мікола і
 будзеш сікацца ўначы...
 Бабуля, а ты таксама сікалася,
 калі казала, што дзед Максім
 памёр ад сухоткі,
 а насамрэч яго ў трыццатыя
 расстралялі ў магілеўскіх кар’ерах,
 а за дзень да свайго скону
 ты гнала ў лазьні самагонку,
 хоць афіцыйна пайшла ў маліну;
 ты кажаш,
 мне ўжо досыць,
 але ж гэта ўсяго сухое чырвонае,
 а ня твой пяршак,
 празрысты, як вада
 ў сьвятой Ільлюцінай крыніцы,
 і, відаць, гэткі самы карысны
 для арганізму;
 калі ты загаварыла адтуль,
 скажы мне,
 ці ёсьць там Беларусь
 і ці разумеюць там
 па-беларуску
 і як я пазнаю цябе,
 хоць, магчыма, я заслужыў
 іншае месца, дзе мы
 ніколі не сустрэнемся;
 а хочаш, я пакажу табе
 сваю кватэру:
 вось лазенка, а вось прыбіральня,
 а гаўбца няма,
 і ты можаш не хвалявацца,
 што я грымнуся з высачыні,
 а тут, забагацеўшы,
 зраблю камін
 з такой самай “Пагоняй”,
 якую некалі зьеў
 разам з профілем
 Жыгімонта Аўгуста;
 на камінную дошку
 буду ставіць зялёную пляшку і
 піць за той дзень,
 калі ты не пусьціла ў свой ложак
 п’янага бальшавічка з раёну і
 засталася вечнай удавой;
 а хочаш, я ўключу тэлевізар,
 і ты ўбачыш,
 як расейскія бомбы
 забіваюць чачэнскіх дзяцей, —
 пэўна, дзеля таго,
 каб яны ня сікаліся ад страху;
 а тваіх улюбёных “падушачак”
 сёньня няма,
 я прынясу іх табе пад бярэзіну,
 дзе ты бываеш на Сёмуху
 ў абліччы заўсёднае пчолкі;
 чаму ты так рана
 адляцела ў Вечны вырай,
 назаўсёды пакінуўшы мяне
 трохі інфантыльным полацкім мальцам,
 які пачаў пісаць верш
 і адразу зблытаўся.
 Далей: Прадзіва Сьвятой Дзевы   |  |