|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Нявеста паўстанцкага камісара
 ...а ўвечары,пагасіўшы кандэлябры,
 ён будзе любіць яе
 да дзьмухаўцовай бязважкасьці...
 У іх народзяцца
 дзьве белагаловыя дзяўчынкі,
 і яго ўзнагародзяць
 ордэнам сьвятога Станіслава...
 Яна ратавала яго,параненага расейскаю куляй,
 і, шчыплючы корпію,
 атручвала сваю кроў
 нянавісьцю
 да нейкага Каліноўскага
 зь яго газэткай,
 друкаванай для тых самых
 мужыкоў,
 што выдавалі інсургентаў,
 атрымліваючы
 па пяць царскіх рублёў
 за жывога
 і па тры — за мёртвага.
 Аднойчы ўраньні
 ён папрасіў
 суніцаў зь вяршкамі
 і памёр,
 вінавата адвёўшы позірк.
 На таемным пахаваньні
 яна назаўсёды пракляла
 гэтую зямлю,
 непатрэбны ёй
 вецер свабоды
 і яе мову,
 якая пахне
 арыштамі і кроўю.
 Абдымаючы іншых,
 яна ўсё жыцьцё ўспамінала
 ягоную радзімку
 ў патайным месцы
 і малілася,
 каб Бог пакараў тых,
 хто,
 страляючы ў маскалёў,
 зьбіваў яблыкі
 яе залатых мрояў.
 Ягоныя біёграфы напішуць:да апошняга ўдару сэрца
 яна заставалася
 палымянаю патрыёткай.
 Далей: 25 сакавіка   |  |