|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Паром празь Ля-Манш
 Я так і думаў:тут амаль ніхто
 (калі не лічыць мяне)
 не гаворыць па-беларуску,
 але,
 каб ты была са мною,
 гэты дробны недахоп
 імгненна ператварыўся б
 у велізарную перавагу, бо
 ў гушчыні палюбнай публікі
 мы маглі б гаварыць пра нашы пачуцьці,
 не саромеючыся самага патаемнага
 (ты ведаеш, якія вострыя адчуваньні
 могуць падараваць проста словы),
 за выняткам таго,
 што нельга казаць нават шэптам у ложку —
 пагатоў, мы з табою схільныя да прымхаў і
 часта стукаем тры разы па дрэве.
 Наш карабель
 (па-тутэйшаму — ferry, альбо boat-ship)
 гайдае ўсё мацней, і ўжо ёсьць
 першыя ахвяры марское хваробы.
 (Дзякуй богу, што я —
 з банальнай прычыны
 адсутнасьці фунтаў —
 не нажлукціўся піва
 ў карабельным бары.)
 Манэтаў у кішэнях
 яшчэ хапіла б на званок табе,
 толькі я ўспомніў пра розьніцу ў часе.
 (Цікава, хто пражыў гэтыя дзьве гадзіны
 замест мяне?)
 Порт Ramsgateвыдае з мора на шыкоўныя дэкарацыі
 да фільму “Каханка францускага лейтэнанта”
 паводле раману жыхара гэтае выспы Дж. Фаўлза.
 Я не казаў табе, што
 білет у Ramsgate
 (разам з сваім тэлефонам)
 дала мне ў Менску дзяўчына
 зь зялёнымі, як сёньняшні Ля-Манш, вачыма,
 якую я ахвотна
 запрасіў бы павячэраць удваіх,
 калі б на сьвеце не было
 цябе.
 За прыбярэжнымі кулісамірыхтуецца да выхаду мытнік
 з шэксьпіраўскім імем Рычард,
 які дзякуючы рудой барадзе
 прыме мяне за хлапца
 з Ірляндзкай Рэспубліканскай Арміі.
 Але ўсё скончыцца памысна,калі не лічыць спазьненьня на вакзал “Victoria”,
 дзе ўчора ірляндцы
 мімаходзь апусьцілі ў сьметніцы
 чарговую партыю бомбаў,
 замаскаваных пад порцыі плямбіру,
 каб два чалавекі
 ўжо ніколі не змаглі трапіць у Эўропу,
 а яшчэ адзін
 здолеў бы наведаць яе
 ў камфартабэльным вазку для бязногіх.
 Усё скончыцца памысна:я хутка прывыкну да левабаковага руху
 (урэшце, гэта пустая фармальнасьць,
 бо ўсе мы, згадзіся,
 рухаемся ў адным кірунку,
 хоць часам нам з табою ўдаецца
 рухацца насустрач адно аднаму
 і нават сустракацца);
 у тэрарыстаў будуць велікодныя вакацыі;
 я пакажу, як прайсьці на Holden Road
 пажылой мурынцы з Вэст-Індыі, і за гэта
 мяне нязлосна цапне за нагу
 пародзісты брытанскі сабака
 невядомае мне пароды;
 голуб з Trafalgar Square
 на знак асаблівага даверу
 пакіне белы кружок
 на маім зялёным швэдры
 (у Менску
 адзін абазнаны габрэй скажа, што
 апрача зялёнага швэдра ў мяне зялёная аўра;
 я не прамінаў бы падзяліцца гэтымі зьвесткамі
 зь зеленавокай менскай касіркай —
 калі б на сьвеце не было цябе),
 і калі я зноў падымуся на boat-ship,
 Англія здасца мне
 ўтульным зялёным хутарам,
 дзе можна было б затрымацца яшчэ на тыдзень,
 каб там больш гаварылі па-беларуску,
 прынамсі — ты.
 Далей: Сустрэчныя   |  |