|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Спроба завершанага жыцьцяпісу
 Прыйшоў на сьвету год Зьмяі
 паводле ўсходняга календара
 і ў год сьмерці Сталіна
 паводле календара савецкага,
 пад знакам Дзевы,
 у радзільні
 насупроць Сафійскага сабору
 у Полацку;
 быў таемна ахрышчаны
 праваслаўным папом,
 якога схапіў за бараду
 і не адпускаў,
 пакуль не паказалі
 салодкага пеўніка на палачцы;
 узброіўшыся сьвечкай
 і клубком бабуліных нітак,
 у няпоўныя сем гадоў
 выправіўся на пошукі лёхаў,
 што ў часы Сьцяпана Батуры
 злучалі
 гарадзкія манастыры й храмы;
 з тае пары
 так і бадзяюся
 па замурованых лябірынтах,
 шукаючы
 Полацкі летапіс,
 крыж Эўфрасіньні
 і сумнеўную славу;
 памру ўлетку,
 калі споўніцца
 тысяча гадоў
 князю Ўсяславу Чарадзею;
 буду пахаваны
 на полацкіх могілках
 сьвятога Ксавэрыя
 па грэка-каталіцкім абрадзе;
 хтосьці пакладзе
 на цёплую зямлю
 букецік валошак
 і тры гвазьдзікі
 вядомых колераў;
 у беларускім тэксьце
 на помніку
 згодна з нацыянальнай традыцыяй
 будзе зробленая
 артаграфічная памылка.
 Далей: Паром празь Ля-Манш   |  |