|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Сутоньне
 Дзіўнае сутоньнетрывае над гэтым абшарам:
 ці то сьвітанак,
 але сонца позьніцца,
 ці то вечар,
 ды ніяк ноч не апусьціцца.
 Стаімо ў сутоньні на ўзгорку —
 ня можам разгледзецца,
 што там унізе:
 постаці людзей,
 што ідуць на галасы нашы,
 ці проста
 слупкі ядлоўцу?
 Запалім вогнішча,
 пакуль зусім не сьцямнела,
 кажа адзін з нас,
 і прыцемкі гусьцеюць.
 Зараз сонца падымецца,
 кажа другі,
 і неба на ўсходзе сьвятлее.
 Стаімо на ўзгорку,
 чакаючы раніцы
 або ночы,
 а сутоньне ўсё доўжыцца,
 і тыя з нас,
 што сышлі долу,
 самі ператварыліся
 ці то ў туманныя постаці,
 ці то ў ядловец.
 Стаімо ў сутоньні на ўзгорку,
 і ўжо боязна нам
 зірнуць
 адзін на аднаго.
 Далей: Аднойчы даўно   |  |