|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу У Каралевы
 Твая кніжка,тонкая, як жмуток купюрак
 выдавецкага ганарару
 (ты, вядома, і не разьлічвала,
 што за творы пад сумнеўнай назваю
 “Блюз каралеўскае кухні”
 нешта заплацяць),
 натхніць мяне аднаго вечара
 на рызыкоўную экспэдыцыю
 (пара пляшак чырвонага
 і порцыя здаровага цынізму)
 на вуліцу,
 якая калісьці звалася
 Узьнясенскай,
 у кватэру
 з малюнкам карабліка і мора,
 дзе табе сьняцца
 небанальныя ідэі
 пра фатальныя супадзеньні
 паміж датамі нараджэньня
 і сьмерці
 або пра тое, што
 сябраваць можна
 толькі з памерлымі,
 а нашы каханкі і каханьні
 ніколі не сустрэнуцца
 ў адной іпастасі,
 у кватэру,
 гаспадыня якой,
 сьціпла назваўшы сябе
 Каралевай,
 ловіцца на каву
 і цыгарэты,
 а часам
 і на штосьці мацнейшае,
 сьцьвярджаючы, што
 ў гэтых сьценах
 водзіцца цэлая гурма
 зданяў.
 Ня выключана, што
 здані сапраўды адпавядаюць
 тваёй клясыфікацыі:
 хатнія,
 дарожныя
 і самотны genius loci,
 які бадзяецца сярод калегаў,
 бясконца мармычучы пад нос:
 “Я genius loci,
 я помню дзяцінства
 гэтага гораду,
 гэтае песьні...”
 Ня выключана, што
 пасьля некалькіх келіхаў
 мне заманецца
 аздобіць стракатую кампанію
 сваёй пэрсонаю —
 а раптам
 у хвалях блюзу
 мне пашчасьціць
 пераканаць цябе, што
 жывыя мужчыны таксама
 падыходзяць на ролю сяброў
 (хоць я ў сабе не зусім упэўнены,
 бо,
 як ты зь мілай непасрэднасьцю
 сьцьвярджаеш:
 самы ўтульны ложак
 у Каралевы).
 А пакульмне застаецца
 піць віно не з табою
 і пускаць па хвалях блюзу
 караблікі
 з датамі нашага нараджэньня
 і нашае сьмерці.
 Далей: Поплаў   |  |