|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Восеньскі тост
 Нас трое —індыгавы вечар,
 вохрысты каштан
 і я
 з пляшкаю цёмнага віна,
 якую мы вып’ем
 за тваё цела:
 спачатку —
 за яго высокі гемаглябін
 і спачын мікробаў,
 што аддана служаць
 дзьвюм на год
 традыцыйным ангінам,
 потым —
 за яго садовыя сьцежкі
 і авантурныя альтанкі,
 дзе дазваляецца гаварыць
 выключна шэптам,
 потым —
 за яго імжыстыя
 хрызантэмавыя раніцы
 і небясьпечныя дзённыя
 пілігрымкі,
 за яго скрутныя віры,
 падступныя затокі
 і затанулыя ў іх караблі
 зь вядомымі адной табе
 мужчынскімі імёнамі,
 за канстанту яго экватару
 і ягоны нулявы мэрыдыян,
 праведзены празь дзьве плямкі
 з разраду асобых прыкметаў,
 за сусьвет твайго цела і
 непрадказальнасьць арбітаў
 яго населеных гуманоідамі
 плянэтаў
 і пустэльных астэроідаў,
 за яго сузор’і
 і туманнасьці,
 што існуюць
 у інфрачырвоным
 і ультрафіялетавым
 спэктрах,
 за жнівеньскія зьнічкі
 загаданых грахоўных жаданьняў,
 за...
 Сёньня надарыўся
 першы прымаразак,
 і ў кампаніі каштана і вечара
 я п’ю
 за тваё цела.
 Далей: Канатаходка   |  |