|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Вуліца Ніжнепакроўская ў Полацку
 Вуліца зьліваецца з абалонай,шматпавярховыя камяніцы
 растаюць,
 быццам кубікі рафінаду,
 міма праплываюць
 купецкія дамы
 з лавачкамі і аканіцамі,
 зялёная крыга вязе
 жарага пеўня,
 мы плывем
 сярод дзіклівых дзьвінскіх самоў
 і віленскага барока,
 вейкі ператвараюцца
 ў плаўнікі вачэй
 аўтара мэтафары,
 які вандраваў тут
 раней за нас,
 пад старой лодкай
 схаванае маё адзеньне —
 тады я ўпершыню
 пераплываў гэтую раку,
 ня ведаючы, што
 яна вынесе мяне на бераг,
 дзе каардынатамі будуць
 твой голас
 і твая ўсьмешка,
 якія даверліва плывуць побач,
 пэўныя, што я не прапушчу
 той павароткі, адкуль
 яшчэ ня позна вярнуцца
 ў сакавіцкі ранак, калі
 нашы душы прачнуліся
 ў затоцы бязгрэшнага ложка,
 дзе ў зарасьніку аеру
 драмала
 шэрая чапля
 вечнасьці.
 Далей: Картаген   |  |