|  |   Паром празь Ля-Манш Вершы Вярнуцца да Зьместу Заставайся безыменнаю
 Тут,на хмурным ранішнім прыпынку,
 мае веды пра цябе
 абмяжоўваюцца тым, што
 ты жывеш у суседнім доме,
 у цябе точаныя ножкі
 і ўзімку ты носіш
 футэрка з апосуму.
 Мне — досыць.
 Заставайся безыменнаю.
 Я памятаю,
 як цябе звалі
 ў залацістай засені сну
 нашай паўночнай сіесты,
 памятаю,
 як звалі кнігу на часопісным століку
 і чырвонае віно,
 што змывала апошнія бар’еры,
 як звалі
 твайго ласкавага пушыстага зьвярка,
 што нясьмела хацеў,
 каб яго прыручылі.
 Заставайся безыменнаю.
 Што можна дадаць
 у тыя зялёныя келіхі
 пасьля,
 калі,
 заплюшчыўшы вочы,
 мы былі маладымі аленямі, якія
 ня ведаючы мінулага й прышласьці —
 гарачы, потны філіял вечнасьці
 ў зялёным лябірынце лесу —
 асьмягла зьбіраюць аксамітавымі вуснамі
 белабокія журавіны
 з прысмакам неўміручасьці?
 Далей: Гарышча   |  |